Для ўшачанкі В.В.Башун сёлетні год – асаблівы: адразу з двума ўласнымі юбілеямі. Прыгожую лічбу восенню засведчыць пашпарт, у ліпені ж зрабіла гэта яе працоўная кніжка. Аказваецца, у медыцыну Вера Васільеўна прыйшла роўна 50 гадоў таму – і ўвесь гэты час нязменна адпрацавала ва Ушацкай цэнтральнай райбальніцы. Побач з ёй – па-ранейшаму бадзёрай і актыўнай – пачэснай справай займаюцца тут і дачка Ірына, і ўнучка Вікторыя. Прафесія медсястры стала для іх сямейнай.
“Жаданне дапамагаць людзям, напэўна, было ў крыві, раз вырашыла паступаць менавіта ў медвучылішча, – расказвае ўраджэнка вёскі Гарадок. – З захапленнем назірала за работай фельчараў, якія хадзілі па дамах, прыязджалі на медагляд у школу. Да таго ж хімію, біялогію любіла, хаця сядзець за падручнікамі не было калі: з сёстрамі дапамагалі бацькам, бабулям і дзядулям – у сям’і заўсёды была вялікая падсобная гаспадарка, не кажучы пра агароды. Але ж атрыманых падчас паступлення ў Полацкае медвучылішча адзнак, напэўна б, і на інстытут хапіла. У гэтым, дарэчы, таксама бачу знак лёсу: значыць, менавіта медыцынскай сястрой, а не доктарам, мне было наканавана стаць”.
Праверку на “трываласць” давялося прайсці яшчэ падчас вучэбнай практыкі. Калі студэнтаў упершыню прывялі на аперацыю, і Вера Васільеўна ўбачыла на стале пацыента з разрэзаным жыватом, страціла прытомнасць. Хацела пасля гэтага нават кінуць вучобу, але паступіла інакш: “узброілася” нашатыром, які заўсёды насіла з сабой. Праўда, для сябе ён больш не спатрэбіўся – да неад’емных складнікаў прафесіі В.В.Башун хутка прывыкла.
У 1974-м, калі заканчвала вучылішча, ва Ушачах як раз адкрывалася новая райбальніца. Патрэбна было шмат спецыялістаў – і галоўны ўрач Браніслаў Мікалаевіч Крыжэўскі асабіста прыехаў на размеркаванне, дзе ў ліку выпускнікоў прыгледзеў і сваю зямлячку. У горадзе тая заставацца не хацела, таму з радасцю вярнулася ў родны раён і нават на працу паспяшалася раней патрэбнага – не ў жніўні, а 1 ліпеня.
“Хоць і прайшло ўжо паўстагоддзя, але добра памятаю свой першы рабочы дзень, – расказвае В.В.Башун. – Прывялі мяне ў хірургічнае аддзяленне, дзе загадчыкам бы Уладзімір Аляксандравіч Бяляеў, паказалі палаты, абазначылі “зону адказнасці” і сказалі: “Прыступай!”. У той час, дарэчы, усё было інакш: на кожным пасту – пад 50 ложкаў, якія практычна ніколі не пуставалі, шпрыцы выкарыстоўваліся шматразовыя – кожны раз даводзілася замачваць, прамываць, кіпяціць… Круцілася, як кажуць, як вавёрка ў коле, аднак такую занятасць любіла”.
Пасля дэкрэтнага адпачынку заступаць на сутачныя змены стала праблематычна – і Вера Васільеўна папрасілася ў паліклініку. Так яна аказалася ў хірургічным кабінеце, у якім адпрацавала 35 гадоў. Урачы тут нярэдка мяняліся, яна ж заставалася верная справе – бінтавала, гіпсавала, апрацоўвала… За дзвярыма ж – заўсёды “сцяна” пацыентаў, усім патрэбна тэрміновая дапамога. Улічваючы ж тое, што адразу ўсіх хірургаў маглі зранку заняць на аперацыях, іх памочніцы даводзілася несалодка: спачатку незадаволеных супакойваць, а пасля даручэнні траіх дактароў адначасова выконваць.
Уласныя праблемы са здароўем прымусілі змяніць спецыфіку. Апошнія 12 гадоў Вера Васільеўна працуе ў анкалагічным кабінеце. Як прызнаецца, фізічна стала прасцей, але маральна – надзвычай цяжка! “Адваротны бок прафесіі”, – скажуць адны. “Асабістая трагедыя, – запярэчыць В.В.Башун, якая добра ведае ўсіх сваіх пацыентаў. – Я заўсёды рада знаёмствам, але толькі не ў кабінеце анколага! Папярэдзьце страшную хваробу – не забывайцеся пра дыспансерызацыю, хаця б раз у год здавайце аналізы, праходзьце ўльтрагукавое даследаванне”.
Такую параду дае землякам і медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Ірына Васільеўна Маковіч, дачка нашай гераіні. Прафесію, якой прысвяціла ўжо 30 гадоў, яна абрала па прыкладзе маці: бачыла, як тая “гарыць” сваёй справай, дае карысныя парады суседзям, знаёмым. Гэтак жа адвучылася на медсястру ў Полацку, вярнулася на малую радзіму і зараз шчыруе ў масажным і ЛФК кабінетах. У інфекцыйным жа аддзяленні прафесійнага вопыту набіраецца ўжо яе дачка Вікторыя Карчэўская.
Шчыльны графік усіх траіх нячаста дазваляе сабрацца разам. Калі ж атрымліваецца – любяць у прыгожым палісадзе самай старэйшай пасядзець, сямейныя альбомы пагартаць і, вядома, пра медыцыну пагутарыць. Яна ў сям’і Веры Васільеўны, здаецца, будзе вяршэнстваваць заўсёды.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.