З 31 ліпеня па 9 жніўня на тэрыторыі ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці прайшлі мабілізацыйныя вучэнні з мясцовымі выканаўчымі органамі, сілавымі ведамствамі. Ваенныя камісарыяты былі пераведзены на рэжым ваеннага часу, прыняўшы ў свой склад ваеннаабавязаных запасу і імітуючы парадак дзеянняў на выпадак вайны.
Асноўная мэта – праверка гатоўнасці і магчымасці па апавяшчэнні, зборы і камплектаванні каманд ваеннаабавязанымі і транспартнымі сродкамі. Вучэнні на тэрыторыі раёна праводзіліся паэтапна. Адпрацаваны падрыхтоўка месцаў размяшчэння і прыём асабістага саставу, правядзенне заняткаў і аднаўленне практычных навыкаў валодання зброяй, арганізацыя аховы ваенкамата.
Апавяшчэнне і збор ваеннаабавязаных праводзіўся як ва Ушачах (на здымку), так і на тэрыторыі сельсаветаў. Як адзначыў начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Дзмітрый Заікін, яўка ваеннаабавязаных аказалася высокай. Грамадзяне з разуменнем і адказнасцю аднесліся да праводзімых мерапрыемстваў. Кожны ваеннаабавязаны павінен ведаць, што рабіць у выпадку нестандартнай сітуацыі і якія функцыі яму прадпісаны.
У цэлым вучэнні на Ушаччыне прайшлі зладжана і паспяхова. Яны праводзяцца штогод і ўключаны ў пералік мерапрыемстваў Узброеных Сіл Беларусі, накіраваных на падрыхтоўку асабовага складу да дзеянняў у непрадбачаных сітуацыях.
Вольга КАМАРКОВА.