В деревне Гута живут дружно!

Общество

Прызнаемся шчыра: наведацца ў гэтую вёску нас прымусіў конкурс “Дзіва на градцы”. Так, агародніна сёлета тут сапраўды ўрадзілася выдатная, але яшчэ больш нас зацікавілі людзі, што яе вырошчваюць. Рамкі конкурснай рубрыкі падаліся занадта вузкімі, каб пра іх расказаць – так з’явілася на свет гэтая старонка, прысвечаная жыхарам вёскі Гута Жарскага сельсавета.
Вёска гэта чымсьці нагадвае наш гарпасёлак: яна таксама падзяляецца ракой Ушачай на дзве паловы, а мост між імі, як падалося, выглядае нават больш прэзентабельна. Вяскоўцы з левага і правага берагоў называюць адзін аднаго “зарэчанцамі”. Зрэшты, Гута – вёска не самая маленькая, зараз тут жыве больш 30 чалавек. Пазнаёміцца з усімі было нерэальна, таму раскажам мы сёння толькі пра адну “суполку”, якая пражывае кампактна і надзвычай дружна ў “зарэччы” – тым, што з боку дарогі на Вялікія Дольцы
.

Знайшла справу па душы

Некалькі дзесяткаў год таму Любоў Андрэеўна Какоха наўрад ці трапіла б на старонкі газеты ў якасці станоўчай гераіні. У той час людзі, якія намагаліся атрымаць прыбытак ад вырашчанай на сваім участку садавіны і агародніны, былі не ў пашане. Гаспадароў, якія шчыра працавалі ад світанку да цемры, каб потым рэалізаваць на рынку лішкі сельгаспрадукцыі, чамусьці называлі хапугамі і куркулямі. Радуе, што такія погляды засталіся ў мінулым: зараз працавітасць і камерцыйная жылка лічацца станоўчымі якасцямі. Спрыяе падобнай дзейнасці і дзяржаўная палітыка: чалавеку, які гандлюе прадукцыяй з уласнага ўчастка, не трэба плаціць адзіны падатак. 
Любоў Андрэеўна спрабавала сябе ў розных відах дзейнасці. Шмат гадоў жыла ў Наваполацку, працавала на будоўлі, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам – яны разам узводзілі малаказавод. Потым была табельшчыцай, лабарантам, працавала на прадпрыемстве “Шкловалакно”. А сем год таму набыла невялічкі дом у Гуце і стала вясковым жыхаром. “Не магу жыць у горадзе”, – прызнаецца жанчына. – “Толькі паглядзіце, якая тут прыгажосць! А паветра – хоць яго пі…”
І галоўнае, у вёсцы яна ўрэшце знайшла занятак па душы. Якіх толькі дзіў няма на яе агародзе! Тут і балгарскі перац велічынёй з мяч, і амаль метровыя кабачкі, і буракі, кожнага з якіх, напэўна, хопіць, каб накарміць баршчом футбольную каманду. А яшчэ вінаград, які “пасябраваў” з калінаю, цесна пераплёўшыся з ёй, сланечнік, які схіліўся да кветак, нібыта нюхае іх. З традыцыйнымі насельнікамі нашых агародаў суседнічаюць экзатычныя культуры – перац чылі, японская рэдзька дайкон, капуста кальрабі, каляндра. Акрамя таго, гаспадыня культывуе пяць сартоў бульбы, вырошчвае на продаж яравую пшаніцу. “Стаўлюся да сваіх “гадаванцаў”, як да дзяцей, зранку бягу на градкі – гляджу, ці ўзышлі пасевы, ці хапае ім вільгаці”, – дзеліцца “прафесійнымі” сакрэтамі Любоў Андрэеўна.
Кваліфікавана даглядаць за раслінамі, штогод пашыраць іх колькасць і разнастайнасць нялёгка. Жанчына актыўна цікавіцца навінкамі агародніцтва, чытае спецыяльную літаратуру. Ну і, вядома, аддае свайму агароду безліч часу і сіл. А той аддзячвае ёй добрым ураджаем і, адпаведна, пазітыўнымі эмоцыямі.

“Бязмежнае” сяброўства

Унікальныя ўзаемаадносіны дзвюх суседак, што прыязджаюць у Гуту на цёплы перыяд, заслугоўваюць асобнага аповеду.
Хаты, якія засталіся Валянціне Мядзведзевай і Ірыне Карабань ад бацькоў, стаяць побач, суседнічаюць і ўчасткі, між якімі, дарэчы, няма агароджы. Яна б толькі перашкаджала, бо амаль усё ў жанчын агульнае. Яны стварылі на сваіх падворках нейкае падабенства камуны. Сумесна карыстаюцца парнікамі. Агуркі вырошчваюць на адным агародзе, перцы – на другім, разам садзяць і капаюць бульбу, вырошчваюць прыгожыя кветкі, заводзяць на лета некалькіх курачак.
Калі Ірына едзе ў горад на работу (яна працуе па графіку), Валянціна Кірылаўна, якая ўжо на пенсіі і можа дазволіць сабе праводзіць у Гуце ўсё лета, даглядае абодва ўчасткі. І хай возьмуць з іх прыклад гаспадары, гатовыя ўшчэнт перасварыцца з суседам за спрэчныя паўметра зямлі. 
Ёсць у жанчын любімая лавачка, на якой так прыемна пасядзець летнім адвячоркам пасля напружанага працоўнага дня, абмеркаваць справы або проста памаўчаць і паслухаць спевы птушак і мурканне ката-хітруна – вядома ж, таксама агульнага.
Так і праводзяць лета суседкі-дачніцы: разам радуюцца сёлетняму шчодраму ўраджаю і навакольнаму хараству і сумуюць, калі прыходзіць час раз’язджацца па гарадах, бо тут ужо жыццё іх разводзіць: Валянціна Кірылаўна накіроўваецца “на зімоўку” ў Віцебск, а Ірына – у Наваполацк.

Па ваенных дарогах Еўропы

З першага разу застаць дома Алену Ігнацьеўну Карабань не ўдалася. Не было яе і ў суседак. “Дзіўна, здаецца толькі завіхалася ля хаты”, – паціскалі плячыма тыя. Але праз гадзіну гаспадыня сядзела на сваім ганку. Яна ўжо паспела “збегаць” у недалёкі лясок і заканчвала перабіраць грыбы! У гэтым, мабыць, не было б нічога дзіўнага, калі б размова не ішла пра 85-гадовую жанчыну. Пасля знаёмства з Аленай Ігнацьеўнай падумалася, што яе гарадскія аднагодкі здатныя ў лепшым выпадку хіба што на тое, каб пасядзець ля пад’езду, скардзячыся адна адной на шматлікія хваробы. І справа не толькі ў тым, што вясковае паветра больш чыстае, а прадукты – натуральныя. Чалавек любога ўзросту тут проста не можа сабе дазволіць сядзець без справы, а рух, як вядома, істотна ўплывае на жыццёвы тонус. Думку гэтую пацвердзіла і Алена Ігнацьеўна: “Калі варушуся – усё добра, а варта толькі дазволіць сабе крыху заляжацца – нават устаць потым цяжка”. Ужо каля паўвека жыве яна адна. Працавала ў калгасе на палявых работах, была жывёлаводам, даяркай. Яшчэ пяць год таму трымала карову, зараз – толькі курэй. Не адстае ад суседак у вырошчванні агародніны. Не без гонару паведаміла, што днямі сама выкапала бульбу, і дадала, што вельмі ўдзячная аднавяскоўцу Эдуарду Іванавічу Дуку, які пераараў ёй агарод. Неверагодна, але Алена Ігнацьеўна не толькі са сваёй работай спраўляецца – яшчэ і суседкам дапамагае. І толькі адной ёй вядома, як моцна стаміліся за доўгае жыццё старыя ногі – ногі, якія 70 год таму пешшу адолелі шлях даўжынёй у паў-Еўропы…
Калі пачалася вайна, ёй было 14. Памятае, як пяклі хлеб для партызан, як у іх хаце ляжалі параненыя. Потым у вясковым наваколлі ішлі баі, у сценах хат Алены Ігнацьеўны і яе суседак і зараз можна разгледзець сляды ад куль. Партызаны адступілі, немцы сагналі вяскоўцаў у Пушчу. Тых, хто здатны да працы, адправілі ў Лепель. Там іх пагрузілі ў вагоны, прызначаныя для перавозкі жывёлы, і доўга кудысьці везлі, без вады і ежы. Так Алена і яе маці апынуліся за мяжой. За наступныя гады жанчынам давялося пабываць у Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, на свае вочы пабачыць печы, у якіх палілі людзей, маці Алены ледзь не памерла ад тыфу. Ішлі з лагера ў лагер у асноўным пешшу. Працавалі на заводах. Алене, як падлетку, сур’ёзную справу не давяралі, яна выконвала работу прыбіральшчыцы. “У італьянскім лагеры ўсе жанчыны хадзілі ў хустках, а я ж была, як у той песні, “рыжа-кучаравая”, непаслухмяныя завіткі тырчалі з-пад хусцінкі, дык італьянцы пастаянна чапляліся – маўляў, навошта хаваеш такія прыгожыя валасы…” – расказвае Алена Ігнацьеўна.  
А яшчэ яна добра памятае той момант, калі іх вызвалілі амерыканскія салдаты. Было гэта ў Альпах. Непадалёк ад лагера былыя вязні знайшлі падбіты снарадам воз, а ў ім – неверагоднае багацце: муку, манку, масла. Напяклі пірагоў і наладзілі сапраўднае свята. Зрэшты, для некаторых людзей гэтае вызваленне не стала шляхам да свабоды. Алена Ігнацьеўна прыгадвае, як кожнага былога вязня старанна дапытвалі савецкія спецслужбы. Беларусаў, праўда, “трэслі” не вельмі – уплываў аўтарытэт рэспублікі-партызанкі. А вось нашых суседзяў-украінцаў дапытвалі па некалькі разоў і з асаблівай прыхільнасцю…
Тое вымушанае падарожжа па Еўропе стала адзіным у жыцці жанчыны. Вярнуўшыся ў Гуту, яна больш не пакідала родныя мясціны. Не ўсё ў жыцці склалася так, як хацелася б. На жаль, няма зараз з ёй блізкіх людзей. Але заўсёды побач добрыя суседзі, якія бязмерна паважаюць Алену Ігнацьеўну за стойкасць, незалежнасць і аптымізм – гэтым якасцям у яе могуць павучыцца нават многія значна маладзейшыя людзі.

У полі – гуртам, у хаце – радком

Калі бачыш падвор’е Ніны Трафімаўны Дук, міжволі прыходзяць у галаву словы народнай песні: “Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець, калі ў маёй хатачцы парадак ідзе…” Тут няма элементаў паказнога багацця, якімі часам мусяць “выдзеліцца” іншыя гаспадары, але маецца тое, што спрадвеку рабіла вясковую сядзібу прыцягальнай і ўтульнай. Па ўнутраным дворыку прагульваюцца важныя куры. Сабака Байкал адрывістым гаўканнем дае зразумець, што сумленна выконвае свае абавязкі вартаўніка і апекуна: пад стрэшкай за яго будкай жывуць у клетках некалькі трусоў. Багаты ўраджай гарбузоў і кабачкоў заняў амаль усю адрыну: будзе чым паласавацца свінцы Машцы, якая весела хрукае ў хляве — зрэшты, пасля “знаёмства” з гэтай хаўронняй задаешся пытаннем – ці не залішнія ёй будуць тыя прысмакі, і без таго ледзьве змяшчаецца ў хляўку. Шматлікія слоікі з закаткамі, што стаяць у хаце ва ўсіх кутках, радуюць вока гаспадыні.

Вядома, усё гэта не для сябе – для чатырох дзяцей, адзінаццаці ўнукаў, чатырох праўнукаў. Сям’я ў Ніны Трафімаўны вялікая і надзвычай дружная. І, што асабліва прыемна, усе дзеці (акрамя малодшага сына Анатоля, які жыве ў абласным цэнтры) засталіся на роднай ушацкай зямлі. Вялікая заслуга ў гэтым належыць іх маці, якая здолела выхаваць дзяцей працавітымі, чулымі, сумленнымі. Разам яны радуюцца поспехам, разам пераадольваюць цяжкія выпрабаванні. Калі ў росквіце гадоў трагічна загінуў муж гаспадыні, яе малодшы сын толькі пайшоў у трэці клас. Усе клопаты леглі на плечы Ніны Трафімаўны. Яна працавала на мясцовай свінаферме; каб пракарміць сям’ю, трымала вялікую гаспадарку – карову, свіней. Вельмі дапамагалі дзеці. Старэйшая дачка Валя, якая ўжо стварыла сваю сям’ю і жыла на Магілёўшчыне, угаварыла мужа пераехаць бліжэй да маці. Яны перасяліліся ў Ільюшына, у новы дом, які выдзеліла гаспадарка, хутка перавезлі сюды і маці мужа. Зараз Валянціна працуе на ферме цялятніцай. Яе сястра Таццяна, якая таксама жыве ў Ільюшыне, дапамагае знямоглым людзям – яна сацыяльны работнік. У мясцовай гаспадарцы працуе электразваршчыкам іх брат Уладзімір.
Амаль штодня хтосьці з блізкіх завітвае да Ніны Трафімаўны, а ў выхадныя ў яе невялікай хатцы, як кажуць, яблыку няма дзе ўпасці. “Спаць кладу ўсіх радком на падлогу”, – усміхаецца гаспадыня. “Бывае, выйдуць яе дзеці і ўнукі гуртам касіць ці зграбаць траву – і ўсё поле адразу зоймуць. Глядзіш і захапляешся: так прыгожа працуюць, так дружна!” – дзеляцца ўражаннямі суседзі Ніны Трафімаўны.
І сапраўды, як добра, што засталіся ў беларускіх вёсках вось такія сядзібы, у якіх жыве сапраўдны дух нашага народа – гаспадарлівага, памяркоўнага і надзвычай працавітага.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *