Спецыяліста такога профілю на Ушаччыне чакалі даўно, прычым, не толькі ў калектыве фізкультурна-спартыўнага клуба. Маючы праблемы са спіной, суставамі, сэрцам, многія жыхары раёна адмаўляліся ад заняткаў у “Юнацтве”. Цяпер жа змогуць тут не толькі цела ў тонусе падтрымліваць, але і здароўе паправіць.
Дапамагаць у гэтым будзе інструктар-метадыст па фізічнай рэабілітацыі Яна Сінкевіч (на здымку). Такую спецыяльнасць дзяўчына сёлета набыла ў Белдзяржуніверсітэце фізічнай культуры. Пра патрэбныя пры любой паталогіі, у любым узросце практыкаванні, дапушчальныя нагрузкі яна ведае, здаецца, усё. Дарэчы, дагэтуль скончыла Полацкі медыцынскі каледж і працавала медсястрой, для поўнага камплекту набыла яшчэ “корачкі” масажыста, якія таксама спатрэбяцца ў новай рабоце.
– Вельмі люблю сваю справу і спадзяюся, што змагу многіх ушачан зацікавіць карыснымі заняткамі, – кажа Яна. – У бліжэйшых планах – сабраць групу дзетак, якія маюць праблемы з асанкай, а таксама дарослых – з любымі паталогіямі спіны (радыкулітам, астэахандрозам і інш). З тымі, хто перанёс інфаркт, інсульт, атрымаў цяжкія траўмы, буду займацца індывідуальна: у такіх выпадках патрабуецца асаблівая засяроджанасць на пацыенце. Запрашаю і цалкам здаровых (ці амаль такіх) прадстаўніц прыгожай паловы на групавыя заняткі па аздараўленчай фізкультуры, ды і ўсіх жадаючых.
Такія сустрэчы з інструктарам-метадыстам будуць ладзіцца на платнай аснове ў зручны для грамадзян час – і днём, і ўвечары. З улікам канкрэтных патрэб будуць задзейнічаны залы для аэробікі, барацьбы (з матамі), басейн, выкарыстоўвацца розны спартыўны інвентар, які на спарткомплексе маецца ў дастатковай колькасці.
Запісацца на карысныя заняткі да Яны Яўгенаўны, удакладніць інфармацыю па тэме можна па тэлефонах: (+375 33) 307-50-81, 5-76-85.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Наталля Глінская, загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН:
– Са спарткомплексам супрацоўнічаем даўно. З ліку нашых наведвальнікаў створана дзве групы – дзіцячая і дарослая, якія наведваюць трэнажорную залу, басейн абсалютна бясплатна. Упэўнена: са з’яўленнем такога спецыяліста колькасць тых, хто фізічна зможа займацца, дакладна пабольшыцца. З Янай мы ўжо пазнаёміліся, намецілі першыя крокі ўзаемадзеяння.
Андрэй Жыткоў, дырэктар Ушацкага РФСК:
– Вельмі рады, што наш запыт у БДУФК аб накіраванні інструктара-метадыста менавіта па фізічнай рэабілітацыі быў задаволены. Прыходзьце, знаёмцеся – і будзьце здаровымі!