Бацькі школьнікаў зараз у задуменні: ісці ў паліклініку на медагляд непасрэдна перад Днём ведаў ці адкласці такі візіт да імянінаў дзіцяці? За адказам на актуальнае для многіх пытанне мы звярнуліся да спецыялістаў аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы.
Як высветлілася, афармляць медыцынскую даведку для школьніка трэба не напярэдадні навучальнага года, а ў месяц нараджэння дзіцяці. Такі парадак рэгламентаваны ў пастанове Міністэрства аховы здароўя ад 12.08.2016 г. №96. Праўда, ёсць пэўныя нюансы.
Калі навучэнец не мае адхіленняў, праходзіць медагляд некалькі разоў за год няма неабходнасці. Варта толькі праверыць тэрмін дзеяння даведкі (яна актуальная на працягу аднаго года). Пры наяўнасці ж паталогій, якія могуць паўплываць на вызначэнне агульнага фізічнага развіцця дзіцяці, групы яго здароўя і групы для заняткаў на ўроках фізкультуры, лепш перастрахавацца і перад новым навучальным усё ж завітаць на агляд. У гэтым зацікаўлены не медыкі – самі школьнікі, іх бацькі.
Шмат часу на гэта не спатрэбіцца. З улікам таго, што многія адклалі візіт у паліклініку да дня нараджэння дзіцяці, а некаторыя ўжо атрымалі даведкі – вялікіх чэргаў зараз няма. Важная падказка для бацькоў: калі школьнік адносна нядаўна здаваў аналізы, наведваў стаматолага, афтальмолага і іншых спецыялістаў, рабіць гэта паўторна не трэба – можна адразу прыйсці да ўрача агульнай практыкі ці педыятра, які з улікам такой інфармацыі запоўніць адпаведныя радкі ў даведцы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.