У Аляксандра Ільіча Лаюшкі сёлетняе прафесійнае свята – юбілейнае. Трыццаць гадоў таму, у 1994-м перайшоў у ПМК-66 з меліярацыі. Арганізацыю памяняў, але не тэхніку – зноў сеў на кран – спачатку 10-тонны, потым 20-ці. У тыя часы ў ПМК-66 было нават пяць кранаўшчыкоў – шмат будавалі, і акрамя самаходных па тэрыторыі заўсёды рухалася па рэльсах стацыянарная “башанка”.
“Больш трохсот чалавек працавала. Тут у нас сталярны цэх, далей – жалеза-бетонны, а гэта ўсё сховішчы”, – паказваў вадзіцель, пакуль на “міксеры” пад’язджалі да дальняй кропкі – бетона-змяшальнай устаноўкі – таксама няновага, але механізаванага сэрца на тэрыторыі прадпрыемства, дзе з гравію, цэменту і вады “кашаварыць” Васіль Сісковіч – леташні лаўрэат раённай Дошкі гонару. Васіль Васільевіч атрымлівае сігнал, што бочка падагнана, дарэчы, роўненька пад шнэкер, і праз 16 хвілін густая каша перацякае ў міксер. Так па-простаму называюць спецмашыну з барабанам, які пастаянна круціцца, не даючы застыць матэрыялу на любой адлегласці.
Гадоў сем таму Аляксандр Ільіч памяняў кран на машыну. “Надакучыла прывязаным быць. Там жа ні на хвіліну не адлучыцца з кабіны: аднаму цэглу падавай, у другіх бетон скончыўся, калі вялікая будоўля – цяжка. Самаходныя краны толькі да другога-трэцяга паверху даставалі, а вышэй выручала башанка. Маім першым аб’ектам быў дом літарай “г” па Віцебскай”, – прыгадвае ветэран вытворчасці, а я, карыстаючыся момантам, дзякую будаўніку за наш дом. Суседнія ўзводзіў ужо віцебскі трэст, была магчымасць параўнаць якасць – яна на карысць ушачан.
Складана адшукаць у гарпасёлку аб’ект, на якім бы не працаваў А.Лаюшка. Банк, пракуратура, суд, мікрараён на Віцебскай, а апошні – інтэрнат для спартсменаў, куды падвезена чарговая партыя бетону. Комплекс у Завячэллі і шмат іншых ферм па раёне. Ды і па вобласці мала дзе не быў. У дзевяностыя практыкавалі хуткае ўзвядзенне аграгарадкоў, таму ў Гарадоцкім раёне побач з нуля “падымалі” катэджы некалькі будаўнічых арганізацый. Камандзіроўка доўжылася амаль паўгода. Падчас тыднёвых вахт працуюць звычайна звышурочна: і для плану выгадней, і ім ёсць чым заняць вечары.
“А кур’ёзныя выпадкі здараліся?”, – пытаюся ў былога кранаўшчыка. Аляксандр Ільіч саромеецца і апускае вочы. “Усякага было. Перакуліцца не куляўся, дарэчы, у кабіне аўтаматыка, і калі што – блакіруе рух, а нечаканыя крэны здараліся. Калёсныя краны менш устойлівыя, і калі на страле 15-20 тон, ды можа і менш быць, а пад нагамі сыпучы грунт, ты нават спужацца не паспееш, так хутка ўслед за зямлёй ідзеш”.
Зараз Аляксандр Ільіч абслугоўвае некалькі машын. Міксер атрымаў у дадатак – падмяняе калегу, а з раніцы перагнаў свой МАЗ у Градзянец: у кузаў з другога паверха скідваюць будаўнічае смецце. А вадзіцель чаргуе і машыны, і аб’екты. Усе на пастаяннай тэлефоннай сувязі, і ўсё побач, таму паспявае і сваіх абслужыць, і камунгасаўцаў, якія рамантуюць дом па Садовай.
Дарэчы, прафесійнае свята разам з бацькам сустракае і малодшая дачка Юля, якая працуе ў праектным бюро Краснадара. Даўно пераехала на радзіму мужа, толькі бацька з-за пастаяннай запатрабаванасці яшчэ ні разу не гасціў у зяця. Сёлета мяркуе выправіць памылку.
Вольга Караленка.