Ушацкі раён з рабочай паездкай наведаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сяргеенка. У цэнтры ўвагі – ход уборачнай кампаніі і работы па ліквідацыі наступстваў урагану.
У ліпені стыхія моцна ўдарыла па многіх рэгіёнах краіны. У параўнанні з іншымі абласцямі Віцебшчына пацярпела найменш, аднак ёсць раёны, дзе ўраган нарабіў вельмі шмат клопатаў – Ушацкі, Аршанскі, Полацкі, Верхнядзвінскі. І калі з заваламі дрэў на дарогах, падачай электра- і водазабеспячэння ў нашым раёне справіліся аператыўна, то работы па аднаўленні некаторых будынкаў, распрацоўцы бураломаў у лесе вядуцца і цяпер – гэта справа не аднаго дня.
Напрыклад, у ААТ “Ільюшынскі” моцны вецер сарваў дах з памяшканняў майстэрняў і моцна пашкодзіў будынак зернеачышчальнага комплексу. На рамонт, які праводзяць сваімі сіламі і з дапамогай УП ЖКХ, накіравалі ўласныя сродкі і з рэзервовага фонду, што выдзеліў райвыканкам. Як адзначыў кіраўнік раёна С.Садоўскі, толькі па аб’ектах сельскай гаспадаркі і камунальнай службы шкода ад урагану склала больш 40 тысяч рублёў. Дзякуючы распараджэнню Прэзідэнта ад 23 ліпеня аб ліквідацыі наступстваў небяспечных метэаралагічных з’яў, гэтыя сродкі райвыканкам змог аператыўна вылучыць з рэзервовага фонду, каб накіраваць на аднаўленне аб’ектаў. І.Сяргеенка наведаў вытворчую базу “Ільюшынскага”, паглядзеў, як ідуць работы.
Па лясах Ушаччыны стыхія ўдарыла кропкава, найбольшы ўрон прыйшоўся на Ушацкае лясніцтва. Многія бачылі вывернутыя з коранем і зламаныя як запалкі дрэвы ў лутаўскім лесе. Лясгас у цяперашні час разгарнуў тут работы па распрацоўцы бураломна-ветравальных лесасек. На ўскрайку дзялянкі аб сітуацыі ў раёне і ў цэлым на Віцебшчыне старшыні Палаты прадстаўнікоў далажыў генеральны дырэктар Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Ліпскі. Ад ліпеньскага ўрагану ў паўночным рэгіёне пацярпела 258 гектараў, а гэта 83 тысячы кубаметраў лесу. Асноўныя з гэтых плошчаў прыходзяцца на наш і Аршанскі раён. Ушацкім лясгасаўцам трэба распрацаваць больш 100 гектараў. Яны спраўляюцца ўласнымі сіламі, накіраваўшы пры гэтым сваіх работнікаў і тэхніку на дапамогу гомельскім калегам.
Драўніна паступае ў дрэваапрацоўчыя цэхі, адгружаецца па кантрактах, таксама забяспечваюцца заяўкі аблвыканкама і райвыканкамаў для ліквідацыі наступстваў урагану. Па лесасецы пасля харвестара і машын на вывазцы ідзе спецыяльная тэхніка, якая ўбірае парубачныя рэшткі. Плануецца, што ўжо восенню на вызваленых плошчах пачнецца закладка новага лесу. Дарэчы, лясгасы гатовы прыняць дапамогу ў пасадцы новых насаджэнняў ад усіх неабыякавых грамадзян. Цалкам наступствы стыхіі будуць ліквідаваны да 1 лістапада.
У размове з журналістамі Ігар Сяргеенка падкрэсліў, што ліквідацыя наступстваў стыхіі паказала зладжанасць дзеянняў: “На першапачатковым этапе, можа быць, недаацанілі і не зусім актыўна ў некаторых рэгіёнах разгарнуліся, на што і ўказваў кіраўнік дзяржавы. Але ў цэлым зладжана працавалі энергетыкі, работнікі лясной гаспадаркі і іншых службаў. Што датычыцца канкрэтна Ушацкага раёна, то мясцовыя ўлады спрацавалі аператыўна, быў арганізаваны штаб, хутка вярнулі людзям энерга-і водазабеспячэнне, працягваюцца ўсе неабходныя аднаўленчыя работы”.
Роўна год таму Ушацкі раён таксама пацярпеў ад урагану. Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на змяненне клімату, што патрабуе ад усіх быць гатовымі да новых абставін. Не толькі да ліквідацыі падобных наступстваў, але і аператыўнага рэагавання на ўсе сітуацыі, якія ўзнікаюць.
А пачынаўся візіт І.Сяргеенкі на Ушаччыну з яшчэ адной вельмі важнай тэмы – уборкі ўраджаю. На полі каля вёскі Завыдрына ён пагутарыў з камбайнерамі “Ільюшынскага”, якія пасля дажджу чакалі, калі падсохнуць зерневыя. Менавіта надвор’е стрымлівае тэмпы жніва ў нашым раёне – убрана крыху больш за палову плошчаў. Аднак жніво ідзе з апярэджаннем леташняга графіка на паўтара-два тыдні, плануецца завяршыць яго да 25 жніўня. Ніякіх сур’ёзных заўваг па арганізацыі работ старшыня Палаты прадстаўнікоў не выказаў.
Вольга КАМАРКОВА.