Угон транспартных сродкаў – з’ява для Ушаччыны даволі рэдкая: ужо некалькі гадоў падобнага ў нас не рэгістравалася. Ліпеньская статыстыка (адразу з двума такімі злачынствамі) шакіравала. Як і абставіны абедзвюх спраў – як пад капірку.
У першым выпадку ўсё адбывалася ў райцэнтры. Хлопцы выпівалі ў аўтамабілі “Фольксваген Пасат”, які належаў дзеду аднаго з іх і быў прыпаркаваны ў двары на вуліцы Віцебскай. Абодва пасля прынятага на грудзі прама ў салоне заснулі. Калі ж адзін прачнуўся (не ўнук гаспадара), прыкмеціў ключы і захацеў пракаціцца. Так, без вадзіцельскіх правоў, у стане алкагольнага ап’янення 18-гадовы ўшачанін накіраваўся ў бок Градзянца. Магчыма, і далей заехаў бы, але сустрэў на шляху слуп…
Не скончыліся дабром “пакатушкі” і ў вёсцы Пад’язна. Кампанія маладых людзей за выпіўкай адпачывала ў адным з дамоў. Калі ж усе ад градуса “страцілі пільнасць”, жыхар Ушач 1995 года нараджэння сеў за руль чужога “Аудзі А6”. Ключы, як і ў першым выпадку, былі ў свабодным доступе. Такім жа чынам – аварыяй – паездка і завяршылася.
Што чакае абодвух угоншчыкаў? Па-першае, вялізныя штрафы: за кіраванне аўто ў нецвярозым стане – 200 базавых велічынь (у абодвух выяўлена звыш 0,8 праміле), за язду без вадзіцельскага пасведчання – да 20. Па-другое, абавязак па аднаўленні пашкоджаных транспартных сродкаў. Ну і, канечне, санкцыі, якія прызначыць суд па факце ўгону. Для старэйшага ж з ушачан, няма сумненняў, будуць яны максімальна жорсткімі. Натварыць падобнае ён умудрыўся за 10 дзён, якія правёў на волі да накіравання ў папраўчую ўстанову за свае ранейшыя “подзвігі”. Яшчэ трое сутак адсядзеў у ізалятары часова ўтрымання РАУС за дробнае хуліганства – справіў “натуральную патрэбу” ля аднаго з магазінаў у райцэнтры.