Ветеран труда Илья Ганебный отметил 70-летний юбилей

Наши земляки Общество Юбилейные даты

Мужчыны мала ўвагі звяртаюць на сваё ўбранне, не фарсяць перад люстэркам. Аднак у Ільі Юльянавіча Ганебнага днямі з’явілася любімая майка. З надпісам “Самы лепшы дзед”. Торт дзеці таксама паднеслі імянны – з лічбай 70 зверху і вялікімі літарамі “папа”. Як вы здагадаліся, ветэран працы ў перадапошні дзень ліпеня адзначыў юбілей. І нечаканым падарункам аказалася памяць калег. Былога работніка ААТ “Ільюшынскі” старшыня ветэранскай арганізацыі Т.В.Аўтух віншавала пад музычнае суправаджэнне. Пасля аднаўлення дзейнасці Ільюшынскага клуба гэта стала традыцыяй, і песні сваёй маладосці пад гітару і балалайку сёлета ўжо выконвалі Аліне Міхайлаўне Рудкоўскай і Святлане Васільеўне Сазонавай.

Ілья Юльянавіч таксама праслязіўся. Хутка праляцелі гады, а ў памяці ўсё да дробязяў. Быццам бы ўчора з дваццацігоддзем яго жонку Людмілу Іванаўну віншаваў пры іх уладкаванні ў калгас “Дружба” ў снежні 1980-га старшыня гаспадаркі Уладзімір Антонавіч Крывапушчанка. Ажаніліся маладыя ў жніўні таго года і вырашылі пераехаць з Полацка, дзе працавалі на будоўлі. Не ўяўлялі, як зажывацца без зямлі. Абое – вясковыя. Ён – з Міёрскага раёна, яна – з Рагуцкіх, дзе і жылі два гады, пакуль вадзіцелю і бухгалтару не выдзелілі першае службовае жыллё. За штурвалам 51-га Зіла ды малакавоза Ілья Юльянавіч правёў аднак нядоўга. Па стане здароўя вымушаны быў перайсці на больш лёгкую работу вартаўніка жывёлагадоўчага комплексу, у абавязкі якога ўваходзіла і сачыць за расцёламі кароў. Калі выклікалі ветурачоў і даярак, а калі і сам “пераразаў пупавіну”. Справу ведаў – ва ўласнай гаспадарцы таксама заўсёды былі і каровы, і быкі, і свінні з іншай дробнай жыўнасцю.

Звычайна жонкі злуюцца на перапрацоўкі мужоў, але ў сям’і Ганебных прапускаць выхадныя, падмяняючы калег, мужа прасіла сама Людміла Іванаўна. Яе ўгаварылі ўзначаліць комплекс на месяц, які расцягнуўся амаль на дзесяцігоддзе. “Калі асемянатарам, на якога дадаткова адвучылася, цяжка было фізічна, вельмі балелі рукі, то загадчыкам, у падначаленні якога 50 чалавек – маральна. Амаль кожная раніца была з “сюрпрызам”, перад выездам на поле тэрмінова шукаеш “прапажу” ці замену, хапала нечаканасцяў і на пашах, як і папяровай работы – ад уліку да налічэння зарплаты”, – расказвае гаспадыня, якая і зараз па прывычцы падымаецца ў 4 гадзіны раніцы.

Парнікі ломяцца ад памідораў і перцаў, а палісад, засаджаны самымі рознымі кветкамі, – плошчай не менш за агарод. Даўняе захапленне гаспадыні пасуецца з агульным воблікам вуліцы Лясной, на якой шмат такіх жа прыгожых сядзіб.

Гэта ўжо другі, больш прасторны дом, выдзелены гаспадаркай сям’і. “Яны ж на той час ужо мнагадзетнымі былі”, – дабаўляе малодшая дачка Кацярына, чым выклікае ўсмешку старэйшых. “Ага, і дадатковы выхадны на тыдні давалі!”. Не ведае дачка, што не мелі тады льгот работнікі, якія выхоўвалі траіх і больш дзяцей. Таму і працавалі, і гаспадарку вялікую трымалі. І бізнес свой – ягадны – Ганебныя распачалі па гэтай жа прычыне. Пра гэта ўжо ўсе дзеці ведаюць добра. “За паўлітрам ці вядзерцам мы ў лес не выходзілі, – расказвае Каця. – Кожны павінен быў па два вядры сабраць. Памножыць на пяцярых – гэта ўжо заробак. За мамай і перабіраць не трэба было, пасля яе рук нават налёт на ягадзе застаецца – так акуратна збірае”. Не цураўся збору ягад ніколі і Ілья Юльянавіч – вырас жа побач з вядомым міёрскім журавінным балотам. Ды і ў ільюшынскім наваколлі ўсе грыбныя месцы ведае. Так набывала сям’я ўсё неабходнае, так дачок расціла. Замена акон на пластыкавыя – сезонная заслуга адной толькі Людмілы Іванаўны.

І пастаянна былі з рыбай – асноўнае хобі юбіляра, якім заразіў і дачок. Кожная ўмее і любіць рыбачыць, бо з дзяцінства пускаліся з бацькам на возера ці блізкую рэчку, нярэдка – з палаткай. Як ні дзіўна, але менавіта ён, а не больш строгая маці заўсёды быў на іх баку, калі хацелася на танцы ці пагуляць. Лепшымі сябрамі застаюцца і зараз. Тэлефануюць штодня і кожнаму паасобку, вельмі непакояцца за здароўе і па першым закліку злятаюцца дамоў на дапамогу. Ірына скончыла ўніверсітэт народнай гаспадаркі, працуе ў Дэпартаменце аховы ў Мінску. Сярэдняя Алеся – таваразнаўца, яе добра ведаюць ушацкія наведвальнікі “Вайлдберыса”. Каця – у Полацкім РАУС. Атрымаўшы чырвоны дыплом педкаледжа, сёлета паступіла ў Акадэмію МУС унучка Ксюша. Самы вялікі здабытак сям’і – гонар за сваіх нашчадкаў. А колькі ў доме Ганебных мяккіх цацак! Багатая сям’я і на дзевяцярых унукаў, а летам у Ільюшыне гасцяць калі не ўсе, як на юбілей дзеда, дык мінімум палова з іх. Так што іх вузкі сямейны круг заўсёды шырокі.

“Падзякуйце гаспадарцы, Т.В.Аўтух і сям’і Івановых за музычнае віншаванне. Не люблю публічнасці, павышанай увагі да сябе, але было вельмі прыемна. І малыя прыкмецілі, як гэта дорага, калі цябе памятае і другая, працоўная сям’я”, – папрасіў пры развітанні
юбіляр.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *