Ушачские блюда покорили туристов на фестивале в «Здравнево»

Калейдоскоп

Ужо шосты год у музеі-сядзібе І.Рэпіна “Здраўнёва”, што ў Віцебскім раёне, ладзіцца абласны фестываль “Дзвінскі смак”. Аднак ад мноства іншых фестываляў ён вылучаецца сваім нерадавым фарматам: на працягу ўсяго лета па выхадных у музей-сядзібу па чарзе едуць клубы нацыянальных кухань з розных раёнаў і прэзентуюць, частуюць сваімі стравамі наведвальнікаў сядзібы, якіх там у летні час нямала.

У чарговы раз на фестываль быў запрошаны і Народны клуб “Прысмакі” раённага цэнтра культуры. Яго ўдзельніцы грунтоўна падрыхтаваліся да паездкі ў “Здраўнёва”. Чаго толькі не нагатавалі – ад бульбяных і кабачковых страў да рознай салодкай выпечкі, а самымі хадавымі ў спякоту аказаліся халаднікі са шчаўя і буракоў, імгненна разляцеліся піражкі з капустай і тварожныя шарыкі. Спадабаліся турыстам ушацкія дранікі, свіныя катлеты, маласольныя агуркі, сала, а таксама бліны, якія пякліся прама на месцы і начыняліся тварагом, капустай з морквай і яйкамі.

“Кожны раз з вялікім задавальненнем прымаем запрашэнне на гэты фестываль. Сёлета зноў пачулі шмат станоўчых водгукаў ад турыстаў, сярод якіх былі не толькі беларусы, а і расіяне. Яны куплялі стравы, каб падсілкавацца на месцы і ўзяць з сабой. У дзень нашага візіту ў “Здраўнёва” прыязджала некалькі экскурсійных груп. Да стала нават выстройвалася чарга. Не толькі стравы зайшлі “на ўра”, а і напіткі: самаробны квас, чай з мятай і мелісай, – расказвае кіраўнік клуба Ірына Байрамава. – Вельмі ўдзячна ўсім удзельніцам за старанні і смачныя стравы, пошук новых рэцэптаў. Дарэчы, у “Прысмаках” на сённяшні дзень 15 ушацкіх гаспадынь. Ужо выношваем планы, чым будзем здзіўляць на “Дзвінскім смаку” ў наступны раз”.

Ну а пра тое, што турыстам было смачна, сведчыў той факт, што дадому ўшачане вярталіся з пустым посудам.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *