Сярод арганізацый, якія дапамагаюць ліквідаваць наступствы ў Гомельскай вобласці акрамя энергетыкаў і лясгасаўцаў – спецыялісты “Белдзяржстраха”. Супрацоўнікі прадстаўніцтва па Лепельскім раёне выязджалі ў камандзіроўкі на агляд урону ў прыватным сектары Рэчыцкага раёна, а спецыялісты ўшацкага аддзела складалі разлікі, вось і мінулая субота была аб’яўлена рабочым днём.
Дарэчы, шмат выхадных і да гэтага правялі за падлікамі начальнік аддзела Алена Северына і вядучы спецыяліст Вера Стрыжонак, каб хутчэй кампенсаваць урон. Па 265 зваротах, якія паступілі ад ушачан, выплачана 130 тысяч 213 рублёў. Самыя вялікія сумы – каля 4 тысяч – прыпалі на жыхароў вёскі Ліпавец і вуліцы Бабаедава, дзе ўраган лютаваў асабліва.
Дзіна Лавейка на той момант была дома: “Вельмі спужалася, калі раптам убачыла над сабой неба і абрашотку, толькі яна і “закрывала” ад ліўня. Дзіўна, што стары парнік і хлеў практычна не кранула, а ўся моц прыйшлася менавіта на дом: сарвала і шыфер, і рубероід. Акрамя латання даху яшчэ давядзецца тынкаваць сцены, рамантаваць столь. Пагнула і металічную агароджу. Работы многа. Але асноўнае – не цячэ, апошні лівень пацвердзіў трываласць рамонту. Сумай выплат задаволена і, канечне, як і раней, не адмоўлюся і ад добраахвотнага віду, і ад страхавання маёмасці, паколькі ўлічылі ўрон і яе пашкоджання”.
А вось яе сусед, жыхар сталіцы, за разнесены лічы што ўшчэнт дом выплат не атрымаў, паколькі застрахаваны не быў. Абавязковая ўмова – дакументы на маёмасць і пастаяннае пражыванне – у такім выпадку, як і для усіх жыхароў Ушаччыны, заключаецца дагавор абавязковага страхавання будынкаў, урон у выпадку стыхіі будзе пакрыты напалову. І поўнасцю, калі ў дадатак маеце поліс добраахвотнага страхавання, які можа заключыць любы дачнік. Калі б не эканоміў мінчанін – атрымаў бы хоць і палавінную, але вельмі значную пры такіх стратах суму.
Вольга Караленка.