Ураганы здараюцца кожны год, аднак такога, які ў некалькі дубляў пранёсся па нашай краіне ў ліпені, мала хто прыпомніць. Найбольш дасталася Гомельшчыне. Моцны вецер разбурыў будынкі, пашкодзіў сельгасугоддзі і лясны фонд. З вялікімі аб’ёмамі ўрону мясцовым лесаводам самім аператыўна не справіцца, таму Міністэрства лясной гаспадаркі і прыняло рашэнне камандзіраваць на Гомельшчыну лесаводаў з іншых абласцей. 17 лясгасаў Віцебшчыны накіравалі сваіх працаўнікоў на дапамогу ў распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек. У іх ліку і наш: ушачане ўжо больш тыдня працуюць у Жлобінскім лясгасе.
Стыхія злажыла там больш гадавога аб’ёму нарыхтоўкі: па папярэдніх даных, на зямлі ляжыць больш за 500 тысяч кубічных метраў драўніны. Зразумела, што ў такім выглядзе яна губляе свае таварныя якасці. Каб навесці парадак і выратаваць кожны кубаметр лесу, планавая высечка пастаўлена на паўзу, а ўсе сілы кінуты на разборку буралому, праводзіцца суцэльная санітарная рубка. Напершую вахту з Ушач на Гомельшчыну адправіліся 2 харвестары з машыністамі Аляксандрам Ласкуновым і Дзмітрыем Кляшторным, фарвардар, на якім заняты Сяргей Дунец. На лесавознай цялежцы працуе Васіль Мамонаў, а Мацвей Максак вывозіць лесаматэрыялы на МАЗе, разам з імі ў камандзіроўцы і майстар Аляксей Сіманаў. Змена гэтай брыгады будзе доўжыцца 15 дзён, пасля іх падменіць другая. У хуткім часе ў Жлобін адправіцца дадатковая тэхніка і людзі.
Накіроўваючы сваіх работнікаў у няблізкую камандзіроўку, Ушацкі лясгас паклапаціўся пра бытавыя ўмовы, наяўнасць усіх неабходных сродкаў аховы працы. Дарэчы, пражываюць нашы лясгасаўцы ў вельмі камфортных умовах, для іх арганізавана гарачае харчаванне. Кожны тыдзень спецыялісты прадпрыемства выязджаюць у Жлобінскі раён, каб на месцы высветліць многія арганізацыйныя моманты.
– Сказаць, што лясны фонд атрымаў пашкоджанні – гэта мякка сказаць. Ураган наламаў такіх дроў, што разбіраць іх прыйдзецца некалькі месяцаў. На многіх участках ствараецца ўражанне, што дрэвы тут як быццам касілі касой, – расказвае намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Вераніка Пацэйка. – Кожнаму лясгасу даведзены планы па распрацоўцы пашкоджаных насаджэнняў, Ушацкаму вызначана вельмі высокая планка ажно ў 150 гектараў.
Ёсць ветравальныя ўчасткі і на Ушаччыне, якія зараз таксама распрацоўваюцца. Усяго ад сёлетняй непагадзі пацярпелі плошчы 69 лясгасаў краіны.
Вольга КАМАРКОВА.
На здымках: С.Дунец; В.Пацэйка і А.Ласкуноў абмяркоўваюць ход работ.