100 баллов на ЦЭ по русскому языку: Ушачская школьница покорила вершину

Образование и молодежь

Здаць цэнтралізаваны экзамен на 100 балаў – мара, напэўна, кожнага школьніка. Праўда, цяжкадасягальная: нават калі выбраў правільны, аднак не адзіны з такіх варыянт адказу, давядзецца мінусаваць… Але ж разумнікі знаходзяцца, у пераважнай большасці – з ліку гімназістаў сталіцы, абласных цэнтраў. Што прыемна, ёсць такая зорачка і ў нашым раёне: 100-бальны вынік на ЦЭ па рускай мове сёлета паказала Аляўціна Пракудзіна з Ушацкай школы. Зрэшты, ненамнога менш – 98 – набрала і па гісторыі Беларусі.

Высокія вынікі нечаканасцю для самой дзяўчыны, яе блізкіх дакладна не былі. У журнале за 11 клас – выключна дзявяткі ды дзясяткі з сярэднім балам 9,6. Рыхтавацца ж Аляўціна пачала яшчэ два гады таму, калі канчаткова вызначылася з ВНУ для паступлення.

– Па рускай мове пачала з таго, што запісалася на спецыяльныя анлайн-курсы, за падручнікамі, зборнікамі самастойна замацоўвала атрыманы матэрыял. Канечне, дапамагала рыхтавацца і мая настаўніца Людміла Васільеўна Трафімава, за што ёй вельмі ўдзячна. На ўроках і факультатывах падрабязна разбіралі тэмы, рашалі тэсты, – расказвае наша суразмоўца. – Па гісторыі гэтак жа “спрацавалі” заняткі з Уладзімірам Леанідавічам Хамёнкам, курсы і вялікая дамашняя работа. Зборнікі заданняў заўсёды былі пад рукой. З году ў год тэсты вельмі падобныя – калі рашаць многа і ўважліва аналізаваць памылкі, упэўнена: можна справіцца на выдатна.

Першы ЦЭ, які давялося здаваць нашай гераіні, быў па гісторыі Беларусі. Ідучы на яго, хвалявалася, хаця разлічвала на вынік як мінімум у 97 балаў, якія двойчы набірала на рэпетыцыйных экзаменах. З рускай мовай, якую нароўні з англійскай А.Пракудзіна называе любімым прадметам, было псіхалагічна прасцей. Праўда, спадзяванні былі балаў на 90, у ідэале – “з хвосцікам”. Набраная ж сотня, канечне, парадавала.

Між тым, гуманітарыем Аляўціна сябе не лічыць – мяркуе звязаць жыццё з графічным дызайнам. Атрымліваць такую спецыяльнасць яна будзе ў Санкт-Пецярбургу, горадзе, які запаў у душу вялікай колькасцю адметнасцяў, магчымасцяў для далейшага развіцця ў названай сферы.

– Я паступала па квоце, з асобным конкурсам для іншаземцаў, – расказвае ўшачанка. – Здавала два творчыя іспыты – і вынік дазволіў аказацца ў ліку студэнтаў.

Авалодвала ж мастацкімі навыкамі Аляўціна ў дзіцячай школе мастацтваў, куды прыйшла толькі ў дзявятым класе. Як смяецца, жаданне маляваць “накрыла” нечакана: хацелася ўпрыгожыць сцены ў пакоі каляровымі плакатамі з любімымі групамі, эпізодамі з фільмаў, а магчымасці раздрукаваць з інтэрнэта не было – давялося браць алоўкі, фарбы ды “варажыць”. Заняткаў з Айгуль Аразалаўнай Смык дзяўчына не прапускала – скрупулёзна асвойвала ўсе тонкасці творчай работы. Зараз у ліку яе любімых – акварэльныя партрэты, якія малюе найперш з фотаздымкаў блізкіх, сяброў. Спрабуе сябе і ў нацюрмортах, пейзажах у розных тэхніках.

У любой справе рэальна дасягнуць вяршыняў, было б жаданне! – упэўнена наша юная гераіня. Пакуль жа яна набіраецца сіл перад новым – не менш адказным этапам жыцця, яе малодшая сястрычка Маша актыўна выведвае сакрэты поспеху. Як і многія школьнікі, без пяці хвілін васьмікласніца гэтак жа хоча паказаць на экзаменах вышэйшы вынік і атрымаць у перспектыве прэстыжную прафесію.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *