На Ушаччине отметили Ильин день: крещение, водосвятный молебен и вера

Калейдоскоп

Здаецца, ніякія акалічнасці не здольны сапсаваць любімае многімі свята прарока Іллі. Моцны дождж летась, халаднаваты ранак сёлета не прымусілі праваслаўных вернікаў Ушаччыны 2 жніўня застацца дома – у Стайскі бор на паляну з крыжам і іконай святога на працягу ўсяго дня ехалі цэлымі сем’ямі.

Трэба сказаць: арганізатары паклапаціліся, каб усе жадаючыя змаглі дабрацца да ўзгаданага месца – наладзілі падвоз. Прама ў лесе працавала гандлёвая кропка Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, за парадак і бяспеку адказвалі супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, дзяжурылі медыкі. Для камфорту грамадзян работнікі Вялікадолецкага лясніцтва загадзя абкасілі тэрыторыю, праверылі стан лавачак, пафарбавалі крыж.

Пляцоўка ля апошняга ў гэты дзень традыцыйна стала цэнтрам падзей. Менавіта тут настаяцель прыхода храма вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы протаіерэй Вячаслаў Лобец правёў святочнае богаслужэнне з чытаннем акафіста прароку Іллі. Тут размясцілася і ікона святога, да якой усе жадаючыя ставілі свечкі.

“Молімся святому за яго заступніцтва перад непакорнымі стыхіямі прыроды, бо ўраганы зачасціліся ва Ушацкім раёне”, – сказала Ганна Антонаўна Цвяцінская, якая прыехала на свята з Ільюшына разам з мужам Сяргеем Аляксандравічам.

Своеасаблівае пацвярджэнне гэтых слоў знайшлі ля крыніцы, дзе пасля быў адслужаны вадасвятны малебен. Некалькі вывернутых з коранем дрэў навокал, а капліца – некранутая. З бутэлькамі ды каністрачкамі вернікі выстройваліся ў чаргу, каб набраць тут святой вадзіцы.

“Гэтае свята разам з жонкай стараемся не прапускаць, – адзначыў Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі з Вялікіх Долец. – Сёлета, праўда, прыехаў без яе: будны дзень, работа… Але ж загітаваў таварышаў”.

Тым часам на паляне распачыналася асабліва кранальнае дзейства – хрышчэнне дзетак, якіх было трое. “Сёння духоўнае нараджэнне атрымлівае наш сын Яраслаў, – з гонарам прадставілі шасцігадовага хлопчыка, па канонах апранутага ва ўсё белае, ушачане Таццяна і Дзмітрый Цюкала. – Хваляваўся, хаця загадзя з ім і нашай старэйшай дачкой, якая стала для браціка хроснай маці, абмеркавалі ход таінства, паглядзелі тэматычныя відэаролікі”.

З асаблівым для вернікаў месцам прыехалі пазнаёміцца 2 жніўня і жыхаркі Маскоўскай вобласці. “Адпачываем у санаторыі “Лясныя азёры”, дзе пачулі пра Стайскі бор, – казалі жанчыны. – Цікава, што ўсё адбываецца пад адкрытым небам – такога дагэтуль не бачылі”. “Ну а я пашкадавала, што столькі гадоў пражыла ва Ушачах, а на такім свяце ні разу не была, – далучылася да размовы Лідзія Шкаруба. – Усім знаёмым параю ў Ільін дзень наведаць гэтае асаблівае месца”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *