Пеллеты: альтернатива газу и электричеству в Беларуси

Общество

Набліжаецца восень і ацяпляльны сезон. У апошнія гады ў Беларусі сярод відаў паліва папулярнасць набываюць пялеты. Попыт на выкарыстанне пялетных катлоў для ацяплення прыватных дамоў ёсць там, дзе няма магчымасці правесці газ, а лінія электраперадач – маламагутная. За апошнія некалькі гадоў у краіне запусцілі больш дзясятка пялетных заводаў. Вытворцы заяўляюць, што драўняныя гранулы – перспектыўны від паліва, экалагічна чысты і энергаёмісты.

Паліўныя гранулы робяць з адходаў дрэваперапрацоўкі, у асноўным лесапілавання і нізкаякаснай драўніны. Перавагамі пялетаў з’яўляюцца іх добрая цеплатворная здольнасць, нізкая попельнасць, якая дазваляе мінімізаваць працэдуры чысткі кацельнага абсталявання, экалагічнасць (мінімальныя выкіды ў атмасферу). Каэфіцыент карыснага дзеяння спальвання гранул досыць вялікі – перавышае 90%. Пялеты ўяўляюць сабой гранулы памерам 6-8 мм. Па якасці гэты від паліва дзеліцца на тры класы, чым ён вышэй – тым ніжэй попельнасць. Відавочная перавага гранул перад дрывамі, якія трэба папілаваць, пасекчы, высушыць, скласці, кожны дзень прыносіць і закідваць у кацёл праз 4-6 гадзін, чысціць ад попелу. Загрузкі пялетаў хапае на 2-3 сутак, а то і больш.

З шырокім выкарыстаннем пялетаў у продажы з’явілася і шмат розных мадэляў спецыяльных катлоў. Па зручнасці карыстання такое абсталяванне не саступае газаваму, самастойна распальваць не трэба, для гэтага ў гарэлцы ёсць спецыяльны тэн, які падпальвае пялеты. Гранулы падаюцца ў гарэлку аўтаматычна па трубе з бункера. Інтэнсіўнасць гарэння рэгулюецца падачай гранул і паветра. Ёсць мадэлі, абсталяваныя аўтаматыкай, якая падтрымлівае зададзеную тэмпературу ў доме, і рабіць гэта можна нават са смартфона. Дарэчы, летам кацёл таксама можна выкарыстоўваць, награваючы пры неабходнасці ваду. Што да цаны, то яна залежыць ад характарыстык, мадэлі, вытворцы, але каштуе даражэй, чым газавыя катлы. Можна зэканоміць і мадэрнізаваць ўжо існуючы цвёрдапаліўны кацёл.

Адпаведна ўзнікае пытанне і наконт цаны саміх пялетаў. У Беларусі іх вырабляюць як прыватныя прадпрыемствы, так і некаторыя лясгасы. У сярэднім 1 тона пялет каштуе каля 300 рублёў. Ну а колькі патрэбна на сезон спажыўцу – залежыць ад ацяпляемай плошчы, зададзенай тэмпературы.

Меркаванне:

Аляксандр Ткачоў:

“Пялетным катлом карыстаемся ўжо 4 сезоны. Пакупка і ўстаноўка абсталявання – нятаннае задавальненне, кацёл для ацяплення дома ў 150 м2 абышоўся ў 7 тысяч рублёў і гэта самы бюджэтны варыянт, выручыла растэрміноўка. Аднак у выкарыстанні сапраўды зручны: зімой засыпаем гранулы ў бункер і 4-5 дзён не падыходзім, у той час як знаёмыя зімой устаюць і ноччу, каб закінуць дроў у звычайны цвёрдапаліўны кацёл. У летні сезон хапае аднаго запоўненага бункера на 3 месяцы. Са 100 кілаграмаў пялет ўсяго жменя попелу застаецца. Няма праблем з пакупкай гранул і дастаўкай – прапаноў на сённяшні дзень шмат. Захоўваем у надворнай пабудове, каб на іх не трапіла вада. На сезон закупляем прыкладна 2-2,5 тоны пялетаў. Магчыма, ацяпленне электрычнасцю абышлося б крыху дзешавей, аднак магутнасцей існуючай лініі для нас дакладна не хапае”.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *