Ушачские мастера впечатлили жюри на конкурсе авторских кукол в Глубоком

Калейдоскоп

У гэтыя выхадныя на цэнтральнай плошчы Глыбокага адкрылі чароўны партал, праз які можна было зазірнуць у мінулае, даведацца пра традыцыі нашых продкаў і зноў адчуць сябе маленькім. Такую магчымасць дала абласная выстава-конкурс аўтарскіх і батлеечных лялек “З запаветных дзіцячых сноў”, што праходзіла ў межах міжнароднага свята “Вішнёвы фестываль”.

Майстры рэгіёну падрыхтавалі для экспазіцыі каля ста арыгінальных лялек і кампазіцый, вырабленых з самага рознага матэрыялу ў старажытных і сучасных тэхніках. Прадставілі сваю творчасць і ўдзельнікі ўшацкага Народнага клуба “Адраджэнне”.

Нават не падлічыш, колькі ўнікальных лялек стварыла за апошнія гады рукадзельніца з Кавалеўшчыны Дзіна Кулага! Яе сімпатычныя дзяўчаты, вырабленыя з пап’е-машэ, уразілі гледачоў і журы – наша ўдзельніца атрымала лаўрэацкі дыплом ІІ ступені ў намінацыі “За высокі ўзровень выканання творчых работ”.

Калі абіраеш для вырабу бадай самую знакамітую драўляную ляльку, трэба надаць ёй асаблівы шарм і непаўторнасць. І гэта ўдалося разьбяру з Арэхаўна Аляксандру Лісоўскаму. Яго Бураціна атрымаўся надзвычай абаяльным, ды яшчэ і рухомым, бо дэталі лялькі змацаваны мініяцюрнымі драўлянымі шарнірамі. А стыльна апрануць яго майстру дапамагла жонка Святлана. І калі Тату Карлу давялося перажыць шмат хваляванняў з-за паводзін свайго непаслухмянага “нашчадка”, то наш Бураціна прынёс свайму стваральніку выключна станоўчыя эмоцыі – дыплом лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі “Лепшая аўтарская тэатральная лялька”.

А вось кіраўнік аб’яднання Святлана Гарыслаўка ідэю стварэння сваёй конкурснай кампазіцыі выношвала каля двух год. У выніку на свет з’явіліся шахматы з традыцыйных беларускіх лялек-мотанак. Сваё месца на дошцы знайшлі Сонечны конь, які лічыцца магутным мужчынскім абярэгам, у якасці слана выступіла Жаданніца, каралём стаў Спірыдон-Сонцазварот, каралевай – лялька Мамушка, а ролю пешак выканалі Падарожніцы. Вопратку для кожнай фігуркі майстрыха вышыла крыжыкам. Работа атрымалася вельмі дасканалай, эфектнай і заняла ІІІ месца ў складанай намінацыі лялечных кампазіцый.

Майстры “Адраджэння” ў чарговы раз падтрымалі высокі прэстыж раённага цэнтра культуры і народнай творчасці імя Г.М.Гарбука, пры якім дзейнічае клуб, і паказалі, як багата талентамі наша Ушаччына.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *