Страшная статыстыка дзіцячых падзенняў з вокнаў абнаўляецца кожны тыдзень. Здавалася б, што можа здарыцца за хвіліну, пакуль дарослыя адышлі па сваіх справах?
Але часам для бяды дастаткова і доляў мінуты. Цікаўных непасед вабіць свет за акном – і яны смела крочаць яму насустрач. Маскітныя сеткі, нават на першы погляд самыя надзейныя, для малых – не перашкода.
Няшчасны выпадак адбыўся 4 ліпеня ў Віцебску. Пацярпелая – пяцігадовая дзяўчынка, якая з акна на трэцім паверсе заглядзелася на вуліцу, абаперлася на маскітную сетку, і тая не вытрымала… Пра здарэнне блізкія даведаліся ад відавочца, які выклікаў “хуткую”. Яшчэ адзін выпадак у абласным цэнтры адбыўся з шасцігадовым хлопчыкам. 7 ліпеня ён гэтак жа абапёрся на маскітную сетку – і паляцеў уніз з другога паверха. У Талачынскім раёне 13 ліпеня цудам выжыла аднагадовае немаўля – выпала з акна 4 паверха. З траўмамі ўсе гэтыя малышы былі шпіталізаваны. Яны пражывалі ў поўных сем’ях, прычым абсалютна добранадзейных, а бацькі на момант здарэнняў знаходзіліся дома.
Каб падобнага не паўтарылася, будзьце максімальна пільнымі: асабліва небяспечнымі для падзенняў непаўналетніх з вокнаў лічацца летнія месяцы. Ні на хвіліну не пакідайце маленькіх дзяцей адных. Адсуньце ад вокнаў усю мэблю, каб яны не змаглі залезці на падаконнік. Не разлічвайце на маскітныя сеткі: яны не прызначаны для абароны ад падзенняў – наадварот, спрыяюць ім: дзіця адчувае сябе ў бяспецы, абапіраецца як на акно. Стаўце спецыяльныя фіксатары, якія не дазваляюць адкрыць акно больш чым на некалькі дзюймаў. Прадугледзьце рашоткі – яны абароняць ад падзення з адкрытых вокнаў. У крайнім выпадку проста адкруціце балты, якія мацуюць аконныя ручкі, і адразу пасля выкарыстання схавайце як мага вышэй. Калі ж нешта паказваеце дзіцяці з акна, трымайце за цела, а не за вопратку, будзьце гатовыя да рэзкіх рухаў малога.
Аксана ЛАЗЬКО,
афіцыйны прадстаўнік упраўлення
Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.