«Дорогами фронтовыми» на Ушаччине: память о войне в каждом доме

80 лет освобождения Республики Беларусь Культура

Віншаванні, канцэрты, сустрэчы з удзельнікамі, сведкамі Вялікай Айчыннай вайны… У рамках абласнога праекту “Дарогамі франтавымі”, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на Віцебшчыне робіцца шмат. У напружаным рэжыме жывуць зараз і культработнікі Ушаччыны.

Выступленне ў Сарочынскім сельсавеце

Зразумець, што раённае мерапрыемства ладзіцца ў рамках прыгаданага праекта, – даволі проста: па спецыяльных значках на адзенні артыстаў. Распрацоўвалі лагатып, як і віншавальныя паштоўкі ўдзельнікам, яны самі. Загадзя прадумалі і нумары, і адпаведныя ўборы – так што любая сустрэча з землякамі атрымліваецца яркай, запамінальнай.

Палюбіліся многім канцэрты з сімвалічнай назвай “А песні таксама ваявалі” – з вакальнымі, харэаграфічнымі нумарамі работнікі цэнтра культуры і народнай творчасці выступаюць у калектывах. Паколькі ж на Ушаччыне нямала вёсак з маленькай колькасцю жыхароў, а то і адным-двума, прыдумалі раённую акцыю “Памяць пра Перамогу прыходзіць у кожны дом” – з прыемнай місіяй ходзяць па адрасах, прычым, не толькі карэннага насельніцтва.

– Год сёлета – асаблівы: 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дакладна ведаю, што ў кожнай сям’і, асабліва старэйшага пакалення, жывымі застаюцца ўспаміны пра падзеі Вялікай Айчыннай, пра блізкіх, якія ваявалі, – кажа Святлана Муша, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. – Гутарым пра гэта з вяскоўцамі, пад музычнае суправаджэнне спяваем песні ваенных часоў. Такой увазе рады ўсе і асабліва адзінокія людзі. Так, пасля сустрэчы з намі нечакана ўзбадрылася 86-гадовая бабуля. Прызнаўся, што ўспомніў маладосць, жыхар адной з вёсак Сарочынскага сельсавета – бойка зацягнуў любімую “Кацюшу”. Для віцябчанкі-дачніцы ж наш міні-канцэрт стаў сапраўдным адкрыццём – здымала ўсё на відэа, каб потым паказаць у горадзе.

За дзень культработнікі наведваюць з прыгаданай акцыяй па 4-6 населеных пунктаў. Выступаюць у дамах і на падворках, на мяжы ўчасткаў і нават у агародзе – там, дзе засталі вяскоўцаў.

Культработнікі радуюць землякоў у любое надвор’е. Да канца ж года, запэўнівае С.Муша, аб’едуць абсалютна ўсе маланаселеныя пункты Ушаччыны, а іх у спісе не адзін дзясятак.
У тым, што нашы культработнікі ў рэалізіцыі праекта “Дарогамі франтавымі” – у ліку перадавікоў, пацвярджае і іх нядаўні ўдзел у мерапрыемствах на Кургане Дружбы. Сюды былі запрошаны прадстаўнікі толькі трох “аўтаклубаў” – і на пляцоўку ўшацкага, на якой гучалі ваенныя песні, пісаліся лістоўкі, працаваў міні-музей і варылася смачная каша, наведвальнікі ішлі цэлы дзень.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *