У аўторак, 20 верасня, у Арэхаўскім сельскім Доме культуры праходзіла адкрытае выязное пасяджэнне суда Ушацкага раёна, на якім разглядалася крымінальная справа па абвінавачанні двух маладых людзей. Гэтыя асобы здзейснілі адкрытае выкраданне маёмасці (грабеж), злучанае з насіллем, здзейсненае групай асоб. Так афіцыйна гучыць абвінавачванне. А што стаіць за гэтымі казённымі словамі?
У адзін з чэрвеньскіх дзён ужо судзімы грамадзянін П., знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, прагульваўся па аграгарадку Арэхаўна, дзе пражывае. Непадалёк ад мясцовага магазіна ўбачыў нецвярозага аднавяскоўца А., які ляжаў на зямлі. Малады чалавек папрасіў у суседа мабільны тэлефон, каб зрабіць званок. А вось вяртаць мабільнік коштам 160 тысяч рублёў не захацеў. Нягледзячы на просьбы мужчыны аддаць яму тэлефон, грамадзянін П. знік з месца злачынства. І на гэтым не спыніўся.
Праз некаторы час зламыснік сустрэў свайго знаёмага К., які таксама быў ужо “пад градусам”, і прапанаваў апошняму разам з ім працягнуць “чорную” справу. Маладыя людзі прыйшлі да таго месца, дзе па-ранейшаму ляжаў грамадзянін А., дасталі з яго кішэні кашалёк і забралі грошы ў суме 250 тысяч рублёў. Пацярпелы паспрабаваў аказаць супраціўленне, аднак хлопцы нанеслі яму не менш пяці ўдараў рукамі і нагамі па розных частках цела. Патраціць выкрадзенае ў маладых людзей не склала цяжкасцей.
Аднак, як кажуць, усё тайнае рана ці позна становіцца яўным. На што разлічвалі гэтыя людзі, калі ішлі на парушэнне закона? Няўжо думалі, што грабеж, прымяненне насілля застануцца незаўважанымі? Дарэмна. Два гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму (для грамадзяніна П.) і абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу тэрмінам на 1,5 года (для К.) – такое пакаранне прызначыў суд маладым людзям, улічыўшы ўсе абставіны справы.
На судовае пасяджэнне былі запрошаны асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, ЛПП, затрыманыя за адміністрацыйныя правапарушэнні. Убачанае імі – яшчэ адно пацвярджэнне таму, што любое злачынства не застаецца без пакарання. Магчыма, нехта з іх зробіць для сябе пэўныя вывады. З гэтай мэтай і праводзяцца мерапрыемствы такога кшталту.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: падчас вынясення прыгавору.