Шчыра прызнацца, рабіць рэпартаж з сенажацяў “Вялікадолецкага” мы не планавалі. Бывалі ўжо ў гаспадарцы на ўборцы траў першага ўкосу, ды і галоўная ўвага зараз прыкавана да жніўных палеткаў…
Але калі на шашы абагналі КВК, які накіроўваўся ў бок Стаек да прыдарожнага ўчастка з прыгожай канюшынай, усё ж не ўтрымаліся і з’ехалі ўслед за ім. Да таго ж за штурвалам сядзеў работнік, якога, здаецца, не было ў цяперашнім штаце прадпрыемства… Адным словам, цікаўнасць перамагла. А яшчэ і той важкі аргумент, што вялікадальчане з самага старту корманарыхтоўкі захапілі раённае лідарства і дагэтуль яго ўпэўнена ўтрымліваюць.
“Новы работнік? Ну, гэта не зусім так. Хутчэй наадварот! – усміхнуўся на наша пытанне машыніст кормаўборачнага комплексу Мікалай Казлоўскі. – Проста сем год ужо, як на пенсію выйшаў. А так у мясцовай гаспадарцы яшчэ з 1977-га, у 90-х, праўда, у лясніцтва перайшоў, але напрыканцы працоўнай дзейнасці назад вярнуўся. Зрэшты, гэта я так думаў, што кар’ера скончана, а ў цяперашняга кіраўніцтва “Вялікадолецкага” іншае меркаванне аказалася. Калі дырэктар і галоўны аграном да мяне прыехалі і апісалі цяжкае становішча з кадрамі, проста не змог адмовіць. Згадзіўся падмяніць Юру Альбіновіча на КВК – ён на жніве вельмі патрэбны. Ну а я, канечне, нюансы справы не забыў. Праўда, на жонку Валянціну Касяк цяпер асноўная нагрузка лягла па доглядзе за нашай падсобнай гаспадаркай, а яна ж яшчэ і даяркай працуе. Але нічога, справімся”.
Тым часам да ўчастка пад’ехаў Васіль Алексяёнак, каб змяніць на адвозцы Сяргея Філімонава, ПІМ якога амаль напоўніўся. Хоць плячо невялікае – траншэю закладалі непадалёк – прастойваць трактарам практычна не даводзілася. “На корманарыхтоўцы я ўжо два месяцы, у асноўным з касой – шчыра прызнацца, больш люблю менавіта гэты працэс, дзе ты сам сабе гаспадар, – падзяліўся з намі Васіль Рыгоравіч. – Сёлета, канечне, зусім іншы настрой: ёсць што ўбіраць. Травы годныя, сенажу ўжо больш 5 тысяч тон нарыхтавалі, днямі маслічную рэдзьку ўбіралі. А яшчэ ж кукуруза. Дакладна з кармамі будзем!”
І сапраўды, у гаспадарцы выканалі план па сенажы на 140,6 працэнта, пераўзышлі заданне і па нарыхтоўцы сена – яго ўжо маюць 211 тон. Лідзіруюць і па кармавых адзінках на ўмоўную галаву жывёлы – 20 цэнтнераў пры сярэднераённым паказчыку 13. Дастойна выглядае па корманарыхтоўцы і “Дземенец”. Па агульным жа аб’ёме першыя – “Сафійскія дары”, у якіх ужо больш 9 тысяч тон сенажу і сена.
Наталля БАГДАНОВІЧ.