У Беларусі некаторыя сем’і могуць бясплатна скарыстацца паслугамі няні, якія прапануюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падрабязней пра іх з улікам нядаўніх новаўвядзеняў мы даведаліся ў загадчыка аддзялення сацыяльнага абслугоўвання на доме ТЦСАН Ушацкага раёна Маргарыты Анатольеўны МАЙСЕЕНКА.
Паслуга няні на бязвыплатнай аснове аказваецца наступным катэгорыям сямей:
- з дзіцем-інвалідам – да 20 гадзін у тыдзень;
- з двума і больш дзецьмі-інвалідамі – да 40;
- з двайнятамі ва ўзросце да трох гадоў – да 20, з трайнятамі – да 40;
- у якіх абодва бацькі ці адзін з іх у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі I ці II групы – да 20 гадзін у тыдзень да дасягнення дзіцем (дзецьмі) узросту 6 гадоў.
Уведзена ўмова занятасці працаздольнага бацькі (айчыма) у поўнай сям’і. Калі ён не працуе на дату звароту і не меў занятасці 6 і больш месяцаў сумарна за апошні год, паслуга няні аказваецца платна па рэгулюемых цэнах.
На Ушаччыне паслугамі няні скарысталіся дзве сям’і, адна з якіх – двойчы. У першым выпадку такая сацдапамога патрабавалася бацькам, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, у другім – маці з інваліднасцю, якая адна выхоўвала малыша. На разглядзе спецыялістаў ТЦСАН знаходзіцца зараз яшчэ адзін падобны зварот.
Яна не аказваецца, калі дзіця (дзіця-інвалід) атрымлівае асноўную ці спецыяльную адукацыю ў школе (за выключэннем навучання на доме); калі сям’я атрымлівае паслугі ў форме паўстацыянарнага сацабслугоўвання, а таксама адна з іх – сацыяльная перадышка; калі догляд за дзіцем-інвалідам з атрыманнем адпаведнай дапамогі ажыццяўляе іншы чалавек, які не з’яўляецца маці, бацькам, законным прадстаўніком.
Звярнуцца трэба ў ТЦСАН па месцы жыхарства і заключыць дагавор. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па нумары 5-75-42.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.