Дом образцового порядка – это не только красота, но и душа: побывали в усадьбе семьи Дунец в Матырино

Наши земляки Общество

Добрая традыцыя адзначаць самыя дагледжаныя падворкі шыльдай “Дом узорнага парадку” захавалася ў нас яшчэ з савецкіх часоў. Нядаўна такая таблічка ўпрыгожыла хату руплівых матырынскіх гаспадароў Аляксандра і Уладзіміра Дунцоў – як трафей за перамогу ў раённым конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне. Яшчэ на адпаведнай ўрачыстасці запланавалі візіт на гэтую сядзібу, бо старшыня Ушацкага сельвыканкама М.Хоміч зрабіў ёй пераканаўчую рэкламу: “Там столькі ўсяго незвычайнага… Дакладна не пашкадуеце!” І дачакаўшыся сезона квецені, мы накіраваліся ў прыазёрную вёску, гатовыя здзіўляцца.

Абноўлены свежапафарбаваны дом, сучасная агароджа, стыльныя кветнікі, акуратны газон – увесь “стандарт” тут у наяўнасці. Адметнасць жа сядзібе надаюць “фірменныя фішкі” – самаробныя механізмы і кампазіцыі, арыгінальныя збудаванні. Гадзіны паўтары хадзілі мы па незвычайным падворку, разглядалі экспанаты і слухалі экскурсавода – малодшага з братоў Аляксандра (на здымку), які атрымаў у спадчыну ад бацькі Фёдара Варфаламеевіча ўмелыя рукі і канструктарскую жылку. Той быў вядомым у наваколлі майстрам: хату ўласнымі рукамі пабудаваў, печы клаў, а касу так навастрыць умеў, што двума пальцамі ў рабоце можна было трымаць…

Цяпер жа за Кулібіна ў сям’і сын. Металічны паравозік з машыністам, што стаіць у цэнтры двара, аказаўся не проста дэкаратыўным элементам, а мангалам з прыстасаваннем для вэнджання, прычапным столікам і адкідным дахам. Нельга без усмешкі глядзець на парачку металічных катоў у чаравіках, якія “пільнуюць” вазоны, а працавітага каменнага мураша з кветкавым каромыслам на плячах Аляксандр неаднойчы майстраваў “на біс” – госці, што бываюць на падворку, просяць зрабіць такога і для іх. Звычайную драўляную альтанку майстар-прыдумшчык з дапамогай старых дываноў ператварыў у каларытны азіяцкі шацёр. А ля ўвахода стаіць вусаты джэнтльмен, які пры націсканні на педаль здымае шляпу – так аформлена сметніца. Чарэшневы пень пераўвасобіўся ў зручны стол, а шпакоўня аказалася… сакрэтным міні-барам: выцягваеш цвічок – распахваюцца дзверцы, а за імі шкалікі ды каньячок. Птушкам, праўда, такі лайфхак не спадабаецца, а вось дачнікі, у якіх строгія жонкі, ідэю дакладна ацэняць! Спраўна выконвае сваю місію містычнае пудзіла на пружыне – такое жахлівае, што птахі не рашаюцца спакусіцца на буякі. Зручна і проста абсталяваны летні душ з двума рэзервуарамі. Сканструявана заслона, што раскладаецца і закрывае пераход з лазні да купелі. Нават металічнае крэсла-гамак, абвітае ратангам, якое падалося фабрычным, аказалася самаробным. Здаецца, тутэйшыя “фішкі” несканчальныя – як і ідэі, што рэалізуе Аляксандр Фёдаравіч у сваёй любімай майстэрні з дапамогай станкоў, зварачнага апарата ды іншых інструментаў.

А вось старэйшага брата мы на сядзібе, на жаль, не засталі: абодва працуюць па сутачным графіку: Саша вадзіцелем “хуткай дапамогі” на “Нафтане”, Валодзя – аператарам на “Паліміры”, пры гэтым змены не супадаюць, так што ў роднае Матырына прыязджаюць па чарзе. Размежаваны і абавязкі – старэйшы ўзяў на сябе садова-агародныя клопаты, у тым ліку і кветкавае аздабленне. “Звычайна на дачах больш шчыруюць жанчыны, у вас жа тут нейкі патрыярхат…”, – кажу Аляксандру. “Жонкі з дзецьмі таксама дапамагаюць, і сёстры перыядычна прыязджаюць, але мы бываем тут часцей, для нас бацькоўскі дом – месца святое, куды заўсёды цягне, і шчыраваць тут не абавязак, а задавальненне”, – прызнаецца мужчына, раскладаючы па талерках узбекскі плоў, прыгатаваны на вогнішчы.

Як аказалася, і кулінар ён, якіх пашукаць. Нават хлеб сам пячэ. Па рэцэпце матулі Веры Якаўлеўны. Ад яе перайшоў і яшчэ адзін талент – артыстычны. “Кажуць, што ўсе мае дзяды ды прадзеды былі гарманістамі. Калі ж аднойчы цётка прывезла нам гэты інструмент, меркавалі, што на ім будзе граць Валодзя. Ён, аднак, цікавасці не праявіў, на мне ж, відаць, спрацавалі гены. Матуля наша вельмі прыгожа спявала (была, дарэчы, актыўнай удзельніцай “Матырынскай спадчыны”), вось я і стаў падбіраць на слых яе мелодыі – і неўзабаве вывучыў усе народныя хіты. А ў восьмым класе мяне паклікалі ў Селішча граць на вяселлі – справіўся добра і з таго часу быў нарасхват на ўсіх навакольных святах. Аднойчы нават рэкорд устанавіў: паўтары гадзіны без перапынку прыпеўкі спяваў. Перад арміяй паспеў у сельскіх клубах папрацаваць, выйграў раённы конкурс “Грай, гармонь!”, а ў якасці прыза новы інструмент атрымаў. Гэты гармонік са мной і на службе быў: я з ім наперадзе роты ішоў – усе перамогі ў страявых аглядах былі нашымі!” – прыгадвае Аляксандр.

І хоць абраў ён потым іншую кар’еру (перш чым уладкавацца на Нафтан, 24 гады адпрацаваў у органах унутраных спраў), з музыкай ніколі не развітваўся. Разам з сябрамі яны стварылі самадзейны гурт “Мужыкі”, выступленне якога, дарэчы, ушачане бачылі на юбілеі Ушацкай школы мастацтваў. Адзін з любымых сваіх твораў – “Не прадаецца хата бацькоў” – выканаў Саша і для нас: песня нібы падсумавала ўсё, пра што мы гутарылі ў гэты дзень. Калі ж стаялі ля каліткі, міма па вуліцы прайшла шумная кампанія хлопчыкаў, якія хорам з намі прывіталіся. “Бачыце, якія ў нас дзеці ветлівыя, нават з незнаёмымі людзьмі здароўкаюцца, – зазначыў гаспадар. – Вёска наша спрадвеку вельмі гасцінная была, людзі тут адкрытыя, добразычлівыя. Люблю сваё Матырына!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *