Пра вынікі ўрагану, які пранёсся па нашым раёне 1 ліпеня, мы пісалі па гарачых слядах, калі не былі абагульнены ўсе даныя, ды і прыгадалі тады далёка не ўсе аб’екты. Пасля гэтага стыхія гуляла па Ушаччыне яшчэ і 14 ліпеня, праўда, такой вялізнай шкоды як папярэдняя, і тым больш як на Гомельшчыне, не нанесла. Тым не менш Прэзідэнтам краіны падпісана распараджэнне, у якім даручана прыцягнуць людзей, арганізаваць работы па расчыстцы захламленасці тэрыторый, аднаўленні будынкаў, а сярод пацярпелых рэгіёнаў Віцебшчыны прыгадваецца толькі два раёны, сярод якіх Ушацкі.
Штаб па надзвычайных сітуацыях пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама С.С.Садоўскага быў скліканы, як толькі пракаціў ураган – каля 16 гадзін 1 ліпеня. І ў сямнаццатай на дарогах, вуліцах і ў скверы гарпасёлка ўжо працавалі людзі з піламі, выехалі аварыйныя брыгады з вышкамі. Перш за ўсё расчышчалі праезную частку, “здымалі” з дахаў дамоў паваленыя дрэвы, падключалі генератары замест абарваных правадоў на жыццёва-важных аб’ектах, як напрыклад, на Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду.
Была пашкоджана 171 трансфарматарная падстанцыя, а на 10 участках нават высакавольтныя лініі электраперадач. Без энергіі засталося 78 населеных пунктаў, 4 малочнатаварныя фермы, 2 бальніцы сястрынскага догляду, 4931 абанент.
У раёне паднялі ўсе наяўныя сілы, а канкрэтна 147 чалавек і 48 адзінак тэхнікі з аддзела па надзвычайных сітуацыях, раёна электрасетак, камунгаса, лясгаса, дзвюх дарожных арганізацый. На наступны дзень на закрыццё ад працякання сарваных дахаў прыйшла дапамога з Наваполацка. Ва ўзмоцненым рэжыме разам з ушацкімі энергетыкамі на аднаўленні ліній электраперадач працавала 20 брыгад з 10 раёнаў Віцебскай і Мінскай абласцей.
Шыфер і металачарапіцу сарвала з 12 шматкватэрных жылых дамоў, трох малочнатаварных ферм, складоў, рамонтных майстэрняў, кацельняў і іншых дапаможных памяшканняў агульнай плошчай 1355 квадратных метраў.
І калі на шматпавярхоўках работы былі завершаны за некалькі дзён, то ў сельгасарганізацыях яшчэ працягваюцца. Уласнымі сіламі закрываюць дах зернесховішча работнікі ААТ “Ільюшынскі”, малочнатаварных ферм – “Глыбачаны” і “Дземенец”, закончаны на адміністрацыйным будынку “Сафійскіх дароў”. Не залатаеш аднак палеглыя ўчасткі на палях. Хоць і працуюць аграрыі са сцеблапад’ёмнікамі на камбайнах, сабраць вырашчаны ўраджай у поўным аб’ёме не атрымаецца. У выніку ўрагану збажына пацярпела на плошчы 1098 гектараў, найбольшы ўрон – у “Сафійскіх дарах” – 760 і “Глыбачанах” – 325.
Не атрымалася пакуль навесці парадак і на ўсіх грамадзянскіх могілках. На месцах пахаванняў у Ваўчы, Глыбачцы, Завячэллі пасля расчысткі вуліц працавала брыгада па добраўпарадкаванні камунгаса. Засталі мы іх зноў на могілках па Кастрычніцкай у гарпасёлку. “Паласой прайшоўся, векавыя сосны паклала, вунь абеліскі пад вывернутымі каранямі. Падобны ўрон у раёне быў хіба гады чатыры таму на могілках у Крывушчыне, – расказвае майстар Я.М.Лабёнак. – Тут працавалі ўжо, аднак штодня валяцца новыя галіны ці надламаныя дрэвы. Удзячны за дапамогу з боку арганізацый, але трэба, каб і жыхары падключыліся, прыйшлі на магілы блізкіх, тым больш што многім давядзецца мяняць помнікі і агароджы. Звароты паступалі таксама з Гуты і Царкавішча – гэта нашы наступныя кропкі расчысткі”.
У дапамогу камунгасаўцам згодна распараджэння Прэзідэнта кіраўніцтвам раёна штодня накіроўваецца зводная брыгада. На расчыстцы захламленасці ўжо працавалі работнікі аддзела па адукацыі, ЦРБ, раёна электрасетак, газавікі, сувязісты.
Уласнымі сіламі змагаецца з лесапаваламі Ушацкі лясгас. “Перакрылі сарваныя лісты з даху майстэрняў і склада. Усе вальшчыкі і харвестары задзейнічаны выключна на бураломных участках, якіх хапае ў кожным лясніцтве, хаця больш за іншых – ва Ушацкім: з 48 гектараў суцэльнай высечкі палова ўжо ўбраная, – патлумачыў дырэктар лясгаса А.М.Апёнак. – А ў дадатак накіроўваем тэхніку і людзей, каб дапамагчы калегам у Гомельскай вобласці”.
Ну а практычна ўсе пацярпелыя грамадзяне ўжо атрымалі ад “Белдзяржстраха” сумы ўрону і аднавілі свае дамы і пабудовы.
Ад ушачан у “Белдзяржстрах” паступіла 255 заяў, па 241 з іх ужо складзены акты на суму 115 тысяч 706 рублёў.
На здымку: работнікі камунгаса і райгаза на ўборцы могілак.