Напэўна ўшачане і надалей будуць называць магазін “Капеечка” ля сквера “Дабраномам”. Прывыклі за столькі год да гэтага маленькага прыстасаванага будынка, якому далёка да спецыялізаваных “Санты”, “Еўраопта” ці нават двайніка на плошчы. Ну а прадаўцы, асабліва пасля разгрузкі чарговых паступленняў, называюць яго гумовым. Самі здзіўляюцца, як ухітраюцца ўмясціць на паліцах асартымент у 3,5 тысячы найменняў.
“Сёння ўжо было сем адгрузак, – кажа загадчыца Галіна Мікалаеўна Маковіч. – І яшчэ прыйдуць. Праверыць тавар на якасць, сфатаграфаваць, калі бой ці брак, не забыцца і пра тэмпературу ў машыне – наша адміністрацыя кантралюе і ўмовы перавозкі. Дарэчы, калі якая некандыцыя – правяраецца партыя тавара па розных рэгіёнах і здымаецца. Няма ніякіх пытанняў і са спісаннем “пратэрміноўкі”. Іміджу брэнда “Капеечка” ў нас у сістэме ўдзяляецца вялікая ўвага. І мы пад пастаянным маніторынгам. Я нават не пра камеры, хаця можна ў рэальным часе прасачыць, хто чым займаецца”.
Так, у пакойчыку загадчыка ўключаны манітор. Бачна і зала, і калідоры-склады. Аднак Галіна Мікалаеўна мела на ўвазе ўнутрысеткавы кантроль. Неаднойчы я і сама бачыла, як увечары прадаўцы магазіна падыходзяць да кожнага цэнніка і раздаецца характэрны піск – счытваецца, пераправяраецца інфармацыя аб адпаведнасці кошту тавару. Аказваецца, працэдура на ўсе 3500 найменняў паўтараецца два разы на дні, абавязкова – і раніцай, паколькі літаральна кожны дзень праходзяць акцыі, скідкі і цэны мяняюцца. “Акрамя таго што мы самі адсочваем тэрміны прыдатнасці, падаём тавар на ўцэнку, якая, дарэчы, робіцца спецыялістамі “зверху” ў той жа дзень, яны таксама бачаць гэта па датах адпраўкі і нагадваюць нам. Штодзённая і фотасправаздача па выкладцы, абарачальнасці тавару – тры дні не прададзены бохан – пытанне, мабыць мы яго “згубілі” дзе на складзе… Гэта і стымулюе, і рэальна дапамагае. Уся сістэма кантролю нацэлена на якасць і тавараабарот. Частка прадуктаў паступае цэнтралізавана са складоў, а малочку, хлеб, многае іншае заказваю напрамую ад вытворцаў. А паколькі да адзінкі бачна і колькасць тавару, у нас нічога на паліцах не затрымліваецца і тым больш не губляецца”, – тлумачыць Г.Маковіч.
Наколькі праўдзівыя яе словы, пераконвалася і сама. Неяк не знайшла ў халадзільніку “Тузіка”, і Юля Башун, якая знаходзілася на зале, імгненна праверыла, ці застаўся у наяўнасці ласунак для сабак.
Са з’яўленнем чаргі ажывае другая, а ўвечары і ўсе тры касы. Дзяўчатам не трэба нагадваць, што рабіць. Імгненна прыйдуць на выручку навічкам старшыя кантралёры змен Кацярыны – Міхейка і Цвяцінская. Перавага згуртаванага калектыву, а непаразуменняў не бывае нават пры перазменках, бо практычна ўсе з вопытам работы. Вера Качан працавала ў наваполацкім гандлі, Наталля Фёдарава – у “Мясной лаўцы” райспажыўтаварыства, Наталля Круглікава, як і Галіна Маковіч – у “Вікторыі”. А вось Наталля Чухаева, што прыехала з Пермскай вобласці, наогул фармацэўт. Усяго ў штаце 11 чалавек, ну а палова таго, першага складу “Дабранома” працуе ў другой ”Капеечцы”.
Цяжка, не ўсе затрымліваюцца, многім графік не падыходзіць. Магазін адчынены з 9 да 21, а прыём тавару і закрыццё кас адбываецца пазней. Аднак цякучасць кадраў усё ж невялікая, бо задавальняе асноўнае – заробкі, якія, як і ва ўсіх, залежаць ад выручкі, але меней тысячы рублёў прадаўцы не атрымліваюць. Добрая аплата і бонусы за перапрацоўку, ну а навічкам наогул дораць сертыфікат на паўтысячы рублёў.
Цікавіла, ці бываюць у магазіне з такім улікам крадзяжы. “Спробы ёсць, нават удалыя… да пэўнага часу. Аднак у нас жа дакладна бачна і дата паступлення тавару, і ці праходзіў ён праз касу, і дзе стаяў. Падымаем запісы, так і выкрываюцца злодзеі. А некаторых нават лавілі “на жыўца”, іх чамусьці цягне на адзін і той жа тавар. Аднак гэта адзінкі, людзі ў нас сумленныя, хоць і вельмі розныя па характары. І пры сабе заўсёды трэба трымаць казыры – ветлівасць, стрыманасць, усмешку”, – кажа Галіна Мікалаеўна. Свае словы, дарэчы, яна выдатна прадэманстравала: гутарылі мы ў магазіне ў сераду і чацвер – самыя складаныя іх дні.
Вольга Караленка.
На здымку: А.Бародзіч, В.Качан, К.Міхейка, Н.Чухаева, Г.Маковіч, Н.Фёдарава .