От швейной отрасли к торговле: рассказываем о двух продавцах магазина «Санта»

Общество

У сферы гандлю Таццяна Пятроўна Беласлудцава і Святлана Цімафееўна Масцяева (на здымку) – адносна навічкі: у магазіне “Санта” працуюць з 2020-га. Прычым, абедзве прыйшлі сюды са швейнай галіны.

Гледзячы на іх – абаяльных і актыўных – цяжка паверыць, што на ўшацкім прамкамбінаце яны сумарна адпрацавалі 40 гадоў. З закрыццём жа прадпрыемства былі вымушаны шукаць новыя варыянты працаўладкавання. У гарпасёлку тады як раз завяршалася будаўніцтва магазіна “Санта”.

Новую для сябе спецыяльнасць ушачанкі асвойвалі на месцы, пад кіраўніцтвам вопытных работнікаў праходзілі стажыроўку. “Гэта зараз ведаем сваіх пастаянных пакупнікоў, без праблем можам штосьці падказаць, параіць. Тады ж трэба было асвоіцца, прывыкнуць да пастаянных зносінаў з людзьмі”, – прызнаецца Т.Беласлудцава.

Усе чатыры гады, якія Святлана Цімафееўна працуе ў магазіне, многія сустракаюць яе са шчырым здзіўленнем у вачах. Якая б спёка на вуліцы ні была, яна заўсёды ў цёплай вопратцы. А ўсё таму, што проста не паспявае сагрэцца: большую частку рабочага часу праводзіць ля маразільных камер.

Напэўна, нямногія, выбіраючы ў “Санце” марожанае, звярталі ўвагу на “сістэмны” расклад такога ласунку (ажыццяўляецца па спецыяльнай планаграме). Адказвае ж за гэта С.Масцяева, у якой улетку работы дакладна прыбаўляецца, кожны тыдзень у магазін завозіцца каля шасці тысяч упаковак.

“Нярэдка паўдня і з сякерай магу прастаяць, – усміхаецца ўшачанка. – Рыба да нас паступае ў выглядзе замарожаных брусоў кілаграмаў за сто – трэба правільна размарозіць і раздзяліць, не пашкодзіўшы ніводную тушку”. Успомніце наяўныя ў магазіне камеры з такой паштучнай прадукцыяй – і ўявіце аб’ём работы гэтага прадаўца.

У Таццяны Пятроўны ж, наадварот, адзін з самых “гарачых” у гандлёвай зале ўчасткаў – на касе №1, ля самага ўваходу. Засяродзіцца выключна на разліках не атрымаецца: хтосьці абавязкова што-небудзь спытае, ды і аб ветлівай усмешцы нельга забываць: яе бачаць усе, хто прыходзіць за пакупкамі. Паспявае Т.Беласлудцава і парадак у даверанай ёй “Бакалеі” трымаць – гэтак жа па схеме тавар расставіць, цэннікі праверыць…

“У дні, калі мяняюцца акцыі, асабліва напружана. Пад вечар крокамер нярэдка паказвае лічбу ў 20 тысяч, а то і больш”, – прызнаюцца прадаўцы. Між тым, такая актыўнасць ім па душы. Прафесію сваю С.Масцяева і Т.Беласлудцава лічаць не толькі цікавай, але і шчыра любімай.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *