Витебские спасатели: о достижениях, рисках и сотрудничестве со СМИ

Общество

Колькасць пажараў у Віцебскай вобласці за першае паўгоддзе знізілася на 11 працэнтаў, зменшылася і колькасць загінуўшых. Пра гэта і многае іншае на сустрэчы са СМІ, прысвечанай Дню пажарнай службы, расказаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мікалаевіч Мялешкін.

Аб прычынах пажараў

449 пажараў адбылося ў вобласці за 6 месяцаў бягучага года, у агні загінула 35 чалавек, што на 13 менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га. З 35 загінуўшых – 26 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, абцяжарыла сітуацыю яшчэ і курэнне. Сёлета на Віцебшчыне ніхто не загінуў з-за няспраўнага пячнога ацяплення. Аднак усё часцей прычынай узгаранняў становіцца парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання – 139 пажараў.

Папярэдзіць трагедыі на вадзе

У першым паўгоддзі ў вобласці пры розных абставінах патанулі 29 чалавек, гібелі дзяцей не дапушчана. “Мы пастаянна ўдасканальваем метады работы з насельніцтвам па папярэджанні няшчасных выпадкаў, у тым ліку на вадзе, – адзначыў Сяргей Мялешкін. – У канцы вучэбнага года разам з праваахоўнікамі, таварыствам выратавання на водах сабралі анлайн-канферэнцыю, у якой прынялі ўдзел больш за 14,5 тысячы школьнікаў. У аздараўленчых лагерах выратавальнікі праводзяць заняткі па навучанні дзяцей плаванню. Для гэтага створана 28 груп з ліку найбольш падрыхтаваных работнікаў абласнога УМНС. Паспелі абучыць больш за 3 тысячы дзяцей. Гэта форма работы са школьнікамі будзе працягвацца”.

Каб ураган не застаў знянацку

Нядаўна над нашай краінай пранёсся моцны ўраган, таму закранулі і гэтую актуальную тэму. “Мы пастаянна інфармуем людзей аб навальнічным фронце, ураганах і іншых прыродных катаклізмах праз СМІ, пры дапамозе СМС, аднак, улічваючы колькасць загінуўшых і траўміраваных падчас нядаўняй стыхіі ў Гомельскай вобласці і Мінску, разумеем, што варта ўзмацніць работу ў гэтым накірунку і шукаць больш дзейсныя метады, мы ўжо рыхтуем свае прапановы”, – падкрэсліў С.М.Мялешкін. Дарэчы, ён прывёў і такі прыклад: вясной падчас забароны выхаду на лёд у аднаго з патануўшых рыбаловаў захаваўся тэлефон, а ў ім было прачытанае паведамленне ад МНС аб небяспецы выхаду на лёд…

Пра абнаўленне падраздзяленняў

За апошнія 30 гадоў ведамства змянілася карэнным чынам, яно аператыўна выконвае шырокі спектр задач па выратаванні людзей і аказанні дапамогі. З кожным годам паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база. Ад машын з аб’ёмам у 2,5 тоны вады прыйшлі да 5-ці і 10-тонных цыстэрн, ад двух тэлефонных апаратаў для прыёму паведамленняў на лініі “01” – да сучасных лічбавых станцый з магчымасцю пераадрасацыі на любую дзяжурна-дыспетчарскую службу. У цяперашні час актыўна ідзе рэканструкцыя пажарных часцей.

І падзяка СМІ за супрацоўніцтва

За 6 месяцаў гэтага года падраздзяленнямі МНС вобласці здзейснена 9536 выездаў на надзвычайныя сітуацыі, выратаваны 51 чалавек, у тым ліку 15 дзяцей. Супрацоўнікі МНС заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ўсім, хто ў ёй мае патрэбу, у тым ліку і ў вольны ад службы час. А журналісты – расказаць пра іх самаадданасць. У рамках прэс-канферэнцыі прайшло ўзнагароджанне пераможцаў абласнога этапу конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Прыемна, што наша плённае супрацоўніцтва з МНС не засталося незаўважаным: “Патрыёт” сёлета перамог у намінацыі “Лепшы праект”. С.М.Мялешкін падзякаваў журналістам за сумесную працу, накіраваную на інфармаванне людзей, а значыць і павышэнне ўзроўню іх бяспекі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *