На стыке двух профессий: Александр Харак — герой на поле и в борьбе с огнем

К профессиональному празднику Общество

Каб да Дня пажарнай службы сустрэцца з героем нашага аповеду, давялося ехаць… на жніўныя палеткі. Не здзіўляйцеся: мы не пераблыталі прафесійныя святы аграрыяў і выратавальнікаў. Проста ў гэтыя гарачыя дні вадзіцель Аляксандр Харак задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі – на камбайне “Палессе” дапамагае “Ільюшынскаму”.

За штурвалам такога транспарта Аляксандр Мікалаевіч не навічок. Пасля тэхнікума, дзе набыў спецыяльнасць слесара па рамонце аўтамабіляў, быў памочнікам камбайнера ў КУСГП “Кублічы”. Як адслужыў у арміі, займеў правы трактарыста-машыніста і каля 8 гадоў адпрацаваў ва “Ушацкім райаграсэрвісе”. Цікава, што праз столькі часу (хаця заўсёды не расставаўся з тэхнікай, знаходзіўся за рулём) давялося ўспомніць былое і выйсці на ўборку зерневых. Летась з-за недахопу кадраў паклікалі механізатарам у ААТ “Ільюшынскі” – і відаць, не падвёў, раз сёлета запрасілі зноў.

З маладосці знаёмая справа ўраджэнцу Кубліч дакладна па душы. Пакуль гутарылі, з хваляваннем пазіраў то на гадзіннік, то ў неба: кожная пагодлівая хвіліна цяпер – на вагу золата. “Учора з-за дажджу дзве гадзіны давялося прастаяць. І хоць вярнуўся дамоў з цёмным, сабраў усяго 18 тон, – са шкадаваннем зазначыў А.Харак. – На пшанічным полі каля Жар працую адзін. Плошчы тут немалыя, хочацца як мага хутчэй іх прайсці”.

Тэхніка, што радуе Аляксандра Мікалаевіча, не падводзіць. Прымаў яе сам, скрупулёзна правяраючы спраўнасць як усіх механізмаў, так і вогнетушыцеляў. Так адказна адносіцца да ўсяго і ў прывычнай сваёй рабоце – у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях ён з 2017 года.

З гэтага года задзейнічаны ўшацкія выратавальнікі таксама ў суправаджэнні сельгастэхнікі на палі. І хоць часта губляюць выхадны, разумеюць важнасць такой гарачай пары.

Сваё першае дзяжурства А.Харак добра памятае: хаця абышлося без выклікаў, увесь час прасядзеў у трывожным рэжыме чакання. Зараз ён засяроджана-спакойны, выдатна ведае карацейшыя шляхі да любой кропкі раёна. У красавіку-маі звычайна пачынаюцца палы травы – выязджаць даводзіцца і па 5-8 разоў. Неяк у Глыбачцы, успамінае Аляксандр Мікалаевіч, ад’ездзілі да трох ночы без абедаў ды перапынкаў – усё наваколле гарэла. Адны коміны маглі застацца ў вёсцы Бутава, дзе аднойчы палалі 2 хаты і ажно 14 хлявоў. Гэта быў адзіны выпадак у практыцы А.Харака, калі не абышлося без чалавечых ахвяр.

“Тады яшчэ на ЗІЛах працавалі – 2,5 тоны вады, якія тыя змяшчалі, вельмі хутка разыходзіліся, – прыгадвае мужчына. – Гэта зараз аднаго нашага “дзесяцітонніка” на тушэнне дома хопіць нават з запасам, а тады даводзілася шукаць водакрыніцу паблізу, запраўляцца або цягнуць да месца здарэння даўгія
рукавы”.

Самы ж першы яго пажар быў ва Усвеі. Сярод белага дня загарэўся дах адрыны – даімчалі і справіліся з полымем у лічаныя хвіліны.

Не было ў А.Харака выпадкаў, каб некуды не даехалі ці заблукалі. Спраўляецца з грувасдкім МАЗам, якому на вузкіх вясковых вулачках цяжка праехаць і тым больш развярнуцца.

“Ужо крэслім даты ў календары да моманту вяртання нашага Аляксандра Мікалаевіча. Як сышоў у памочнікі да аграрыяў, няма да каго звярнуцца па пытаннях тэхабслугоўвання транспарту”, – гаворыць начальнік РАНС Дзмітрый Віктаравіч Дахін і тым самым падкрэслівае незаменнасць гэтага спецыяліста.

У яго абавязках, сапраўды, не толькі дзяжурствы, выезды на выклікі, але і кантроль за спраўнасцю усёй тэхнікі ПАВЧ №1, забеспячэнне палівам і іншыя. На павышаную занятасць, тым не менш, мужчына не скардзіцца – для яго гэта не столькі прафесія, колькі стан душы, прызванне.

У вольны ад работы час, якога заўсёды не стае, А.Харак любіць парыбачыць, паспявае і агарод у парадак прывесці, і дома ва Ушачах рамонт зрабіць. Так цікава склалася, што чалавек, у руках якога любая справа гарыць, штодня займаецца якраз адваротным.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *