Аматараў парыбачыць з лодкі ці проста паганяць па хвалях нашых шматлікіх азёр з кожным годам становіцца ўсё больш. І пытанняў наконт эксплуатацыі суднаў таксама. Гэта і стала падставай для гутаркі з інспектарам дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Лепельскага ўчастка А.В.АЛЮШЫНЫМ.
– Аляксей Віктаравіч, чалавек мае зарэгістраваную лодку, але зараз набыў рухавік да яе. Ці павенен ён праходзіць перарэгістрацыю?
– Не, аднак звярнуцца ў інспекцыю ўсё ж давядзецца з заявай і рухавіком, дакументамі на яго (у тым ліку і касавым чэкам аб набыцці), каб унесці дапаўненні ў суднавы білет. Дзяржпошліна складае адну базавую велічыню.
– Ці патрэбна кіроўцам лодак праходзіць медкамісію?
– Гэта залежыць ад таго, якая лодка. Калі з магутнасцю рухавіка звыш 3,7 кілавата (5 конскіх сіл), то абавязкова пры сабе павінны быць і правы, якія немагчыма атрымаць без праходжання медагляду. Гэта той жа дакумент, што і на аўтамабіль, у якім ставіцца дазвол і на кіраванне лодкамі, зразумела, пасля праходжання адпаведнага навучання.
– З якой перыядычнасцю неабходна звяртацца за даведкай?
– Залежыць ад стану здароўя, у даведцы будзе пазначаны і тэрмін, на які яна выдадзена.
– Што яшчэ неабходна быць пры сабе ў кіроўцы на лодцы, каб не паўстала праблем?
– Па-першае, лодка грузападымальнасцю больш 225 кілаграмаў абавязкова павінна быць зарэгістравана, мець бартавы нумар, тэхагляд, а яго ўладальнік – суднавы білет, правы, а ў лодцы – камплект вёслаў, выратавальныя сродкі па колькасці пасажыраў на борце, якарную і водаадліўныя прылады, вогнетушыцель, медыцынскую і рамонтную аптэчкі, швартовы канат, сігнальныя агні ці ліхтар.
Нагадаю, што ў лютым ва Ушацкім раёне адбылася аварыя з выкарыстаннем маламернага судна, у выніку якой кіроўца загінуў. Ён двойчы праігнараваў Правілы карыстання маламернымі суднамі: знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і без выратавальнай камізэлькі.
Дадатковую інфармацыю вы можаце атрымаць па кантактных тэлефонах Лепельскага ўчастка: 8 (02132) 6-23-14, +375 (25) 766-38-94.
Вольга КАРАЛЕНКА.