Возера Крывое – несумненна, адно з самых маляўнічых і прывабных месцаў не толькі на Ушаччыне, а і ва ўсёй нашай краіне. І, шчыра кажучы, падавалася дзіўным, што ў яго наваколлі дагэтуль не было ніводнага аб’екта для аматараў камфортнага адпачынку ў беларускай глыбінцы. Але такую недарэчнасць узяўся выправіць мінчанін Ілья Аляксандраў, які гэтай вясной адкрыў у нашым раёне новую аграэкасядзібу. Яна атрымала назву “Аляксандраўскія горы”, адлюстраваўшы такім чынам прозвішча гаспадара і “імя” вёскі Вяркудскага сельсавета, дзе размяшчаецца. І калі ўсё пойдзе па плане, праз колькі часу тут з’явіцца невялічкі турыстычны комплекс…
Ідэя, што родам з дзяцінства
“Чаму вырашыў весці справу менавіта на Ушаччыне? Яшчэ ў 90-я мая сям’я па запрашэнні знаёмых прыязджала гасцяваць у Горы-2. Мясцоваць настолькі спадабалася, што пазней бацькі пабудавалі тут дом. А потым і я надумаў праз аўкцыён набыць участкі ў вёсцы – разумеў, што зямля ў такім прыгожым месцы будзе каштоўным укладаннем, – тлумачыць Ілья Сяргеевіч. – Зараз у нас іх чатыры: першы ў сумесным уладанні з татам, апошні куплены два гады таму з незавершаным будынкам, які планую рэканструяваць, а на яшчэ двух ужо ўзведзены дамы. Адна сядзіба дзейнічае – адкрыў яе 20 красавіка, калі атрымаў адпаведнае рашэнне райвыканкама і пачаў аплачваць фіксаваны месячны збор. Ёсць ужо і першыя кліенты. Другую зараз мэблірую і таксама мяркую неўзабаве запусціць”.
Пясчаны пляж і цёплая падлога
Вядома ж, укладанняў для стварэння камфортных умоў для турыстаў спатрэбілася нямала. Ля кожнага дома прабурылі свідравіны, будынкі абаграваюцца электрычнай цёплай падлогай і камінамі, абсталяваны каналізацыяй з інавацыйным септыкам-аэратарам, які дазваляе захаваць чысціню запаведнага месца. Летась тут высадзілі пладовы сад, сёлета ўпрыгожылі тэрыторыю дэкаратыўнымі кустарнікамі і туямі, а праз панарамныя вокны дамоў бачна цудоўнае возера, на якім, дарэчы, зроблены пясчаны пляж. Для актыўнага адпачынку маюцца лодкі, веласіпеды… Цалкам укамплектаваны патрэбнай мэбляй і бытавой тэхнікай пакоі. Адным словам, для турыстаў на аграсядзібе прадугледзелі ўсё.
“Але ж, напэўна, ёсць і цяжкасці? Тое, што хацелася б удасканаліць…”, – пытаемся ў гаспадара. “Самая вялікая праблема – стан дарог у вёсцы і на пад’ездзе да яе. Асабліва пасля дажджоў, калі грунт размакае… Разумею, што гэта пытанне не мясцовага ўзроўню, аднак хочацца спадзявацца, што дзяржаўныя праграмы, якія рэалізуюцца ў Беларусі, з цягам часу прывядуць да паляпшэння якасці жыцця ў глыбінцы ў тым ліку і па гэтым аспекце”, – зазначае І.Аляксандраў.
Індыйскія кантрасты і ўшацкі шарм
Агратурыстычная справа для яго – не асноўны занятак. Па прафесіі Ілья Сяргеевіч – юрыст-міжнароднік, з’яўляецца ўпраўляючым маскоўскай кансалдынгавай кампаніі, якая вядзе гандлёвыя і інвестыцыйныя праекты, прадстаўляе інтарэсы кліентаў у судах і нават у міжнародным арбітражы. Расказвае, што ў папярэднія гады больш працаваў з прадстаўнікамі Германіі, Швейцарыі, Ізраіля, у апошні ж час акцэнт змясціўся на азіяцкі рэгіён – Індыю, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Таіланд.
Вядома ж, такая прафесія патрабуе не толькі дасканалых юрыдычных ведаў, а і валодання замежнымі мовамі – у прыватнасці, англійскай і нямецкай, на якіх Ілья Сяргеевіч вядзе справы. Увогуле чалавек ён вельмі адукаваны, з шырокім кругаглядам і вялікім багажом уражанняў, атрыманых падчас шматлікіх падарожжаў па свеце. На пытанне ж, якое месца аказалася самым запамінальным, адказаў так: “Напэўна, Індыя. Сапраўдная краіна кантрастаў, дзе каралеўскі горад Джайпур з казачнымі палацамі і храмамі суседнічае з самымі буйнымі ў Азіі трушчобамі ў Мумбаі. Дарэчы, у індыйскім штаце Гоа знаходяцца 5-зоркавыя атэлі, якія можна лічыць узорам турыстычнага сэрвісу. Да такога ўзроўню павінны імкнуцца і мы. Пакуль Беларусь не з’яўляецца заканадаўцай сусветнай турыстычнай моды, аднак ужо шмат робіцца ў гэтым напрамку. Магчыма, у нас няма адметнай экзотыкі, але ёсць іншыя козыры. Упэўнены, што адпачынак у нашай краіне трэба прадаваць як гарманічнае судакрананне з дзікай прыродай, магчымасць трапіць у зацішныя прыгожыя месцы і атрымаць там самы высокі ўзровень камфорту, мабільнасці і бяспекі”.
Ну, наконт беларускай экзотыкі – гэта як сказаць… Ёсць жа і Мінскае мора ў сталіцы, а цяпер і горы з’явіліся – Аляксандраўскія! І мы, канечне, будзем толькі рады, калі яны акажуцца “крутымі” і запатрабаванымі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.