О новой форме диспансеризации в Беларуси: все анализы — за день, законный выходной — «в кармане»

Здравоохранение

Хваробу значна лягчэй (ды, чаго хаваць, танней) папярэдзіць, чым лячыць – гэта аксіёма. Але каб своечасова распазнаць рызыкі, без урачоў не абысціся. Міністэрства аховы здароўя распрацавала новыя падыходы да дыспансерызацыі – усе маніпуляцыі можна прайсці за дзень. Навошта патрэбна такое абследаванне – пра гэта і іншае расказвае намеснік галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ Наталія Васільеўна ДРОЗД:

– Папярэдняя “версія” дыспансерызацыі была накіравана на выяўленне хранічных форм захворванняў, на работу з імі. Цяпер жа мы вызначаем фактары рызыкі развіцця паталогій і, зыходзячы з іх, прызначаем лабараторныя даследаванні, кансультуем пацыентаў па пытаннях медпрафілактыкі, пры неабходнасці падбіраем лекавыя прэпараты.

– Як гэта адбываецца на практыцы?

– У райбальніцы функцыянуе асобны кабінет – №3 на першым паверсе. Прыём вядзецца з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 20.00. Запісацца можна праз рэгістратуру ці анлайн-сістэму на сайце ЦРБ.

Пачынаецца дыспансерызацыя з запаўнення анкеты. Адказы на пытанні дапамогуць медыку выявіць фактары рызыкі, прызначыць прафілактычныя мерапрыемствы. У гэтым жа кабінеце вымяраюць унутрывочны (тым, хто старэй за 40 гадоў) і артэрыяльны ціск, вагу, рост, пралічваюць індэкс масы цела, аглядаюць поласць роту, робяць ЭКГ, накіроўваюць на лабараторныя даследаванні. Прапануецца зручны час для запісу на прыём да ўрача агульнай практыкі, каб той падабраў лячэнне ці накіраваў на дадатковую дыягностыку.

– Каму найперш трэба падумаць пра дыспансерызацыю?

– Абсалютна ўсім. Пацыенты ва ўзросце 18-39 гадоў могуць праходзіць абследаванне раз у тры гады, старэйшыя за 40 – раз у год. Дарэчы, пасля медработнік выдае выпіску з медыцынскіх дакументаў, якая з’яўляецца падставай для прадастаўлення наймальнікам аплачваемага выхаднога дня.

– Калі чалавек прайшоў дыспансерызацыю падчас водпуску, яму могуць адмовіць у дадатковым дні адпачынку?

– Так. Ён вызваляецца ад працы, толькі калі абследаваўся ў свой рабочы дзень.

– Работнік напісаў заяву аб вызваленні ад працы “на дыспансерызацыю”, а начальнік не хоча адпускаць у гэты дзень. Як быць?

– Выбраць другую дату. Па заканадаўстве, яна павінна быць узгоднена з наймальнікам.

– Кіраўнік настойвае, каб чалавек прайшоў дыспансерызацыю і вярнуўся на работу ў той жа дзень…

– Гэта няправільна. Работнік вызваляецца на цэлы дзень, а перадпенсіённага і пенсіённага ўзросту – на два.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *