На патэнцыяльна небяспечны ўчастак – 27-ы кіламетр аўтадарогі Р-46 – з начальнікам аддзялення ДАІ М.Л.Гаўрылюком едзем на неслужбовай машыне. Спыняемся на абочыне – ніхто з аўтамабілістаў “падвоху” не адчувае. Мне таксама спакойна, праўда, толькі першыя некалькі хвілін…
Другая палова дня (прынцыпова абралі для рэйду гэты час) – транспартны паток відавочна ўзмацняецца. Нягледзячы на абмежаваную бачнасць са шматлікімі спускамі і пад’ёмамі, закругленнем дарогі, на наяўнасць паблізу двух аўтобусных прыпынкаў, рэканструкцыю моста наперадзе, падоўгу затрымлівацца ў калоне транспартных сродкаў жадаючых нямнога. Адзін за адным ідуць на абгон – не зважаюць на наяўную тут суцэльную лінію. Да таго ж разганяюцца да 120-140 пры дазволеных 90.
Ужо калі першая іншамарка, абмінаючы дзве легкавушкі і фуру, пралятае міма нас, уціскаюся ў крэсла. Важныя знакі справа – пра хуткае звужэнне дарогі, неабходнасць знізіць хуткасць – вадзіцель у такіх умовах проста не можа бачыць. Сустрэчны транспарт, дарэчы, таксама. Ці паспее зрэагаваць? Страшна!
– Участак, дзе абгон забаронены, не такі працяглы: ад павароту на Пятніцы да моста ля Урбанова. Аднак, як бачыце, не вытрымліваюць аўтамабілісты, – са шкадаваннем зазначае М.Л.Гаўрылюк. – Даводзіцца афармляць тут нямала пратаколаў.
Праўда, ва ўзгаданы дзень гэтым займаўся іншы супрацоўнік аддзялення ДАІ. Пра нясенне ім службы ў 3-4 кіламетрах ад нас аўтамабілісты, па ўсім відаць, былі папярэджаны, таму пад’язджалі па правілах. Калі ж чулі прэтэнзію пра абгон у забароненым месцы, акруглялі вочы, маўляў, нічога падобнага не здзяйснялі. Але ж на руках у праваахоўніка ўжо былі доказы: відэа, знятае з салона нашага аўтамабіля, а для падстрахоўкі – і з відэарэгістратара. Такім чынам, тлумачыць Мікалай Леанідавіч, ажыццяўляецца змешаны кантроль за бяспекай руху, які на Ушаччыне практыкуецца ўсё часцей.
– Па ўсёй краіне і ў нашым раёне, у прыватнасці, колькасць аварый з прычыны “няправільнага” абгону, расце, – расказвае начальнік аддзялення ДАІ. – У сакавіку бягучага года адбылася такая каля вёскі Завыдрына – пацярпелі адразу чатыры аўтамабілі, цудам абышлося без чалавечых ахвяр. Так, наша зямлячка, на пад’ёме абганяючы калону транспартных сродкаў, не ўлічыла, што па сустрэчнай таксама рухаецца “картэж”. Вадзіцель першага аўто хутка зрэагаваў, выкруціў руль убок, не дапусціўшы лабавога сутыкнення (праўда, сам зляцеў у кювет). Жанчына ж паспрабавала ўклініцца ў сваю паласу, але ў выніку другі аўтамабіліст быў вымушаны рэзка затармазіць – і ў яго ўрэзаўся трэці, што рухаўся ззаду. Ад моцнага ўдару той таксама “пацалаваў” легкавушку парушальніцы.
Куды так спяшаюцца людзі, рызыкуючы сваім жыццём? На гэтае пытанне ўсе вадзіцелі, якія падчас нашага двухгадзіннага рэйду дапусцілі абгон у забароненым месцы, адказаць не змаглі. У адносінах іх распачаты адміністрацыйны працэс. Дарэчы, санкцыя адпаведнага артыкула прадугледжвае пакаранне не толькі ў выглядзе штрафу ад 2 да 10 базавых велічынь, але і пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі да аднаго года. Калі не ўмееце бяспечна ездзіць – будзеце хадзіць пешшу.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.