Акция «День без автомобиля» пройдёт 22 сентября

Общество Экология

22 верасня ў Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, праводзіцца акцыя “Дзень без аўтамабіля”. Стаць яе ўдзельнікам вельмі проста: трэба толькі, калі гэта магчыма, адмовіцца заўтра ад паездак на аўтатранспарце.
Крыху красамоўнай статыстыкі. Кожную секунду ў свеце вырабляецца адзін новы аўтамабіль. У нашай краіне за дзень аўтатранспартам выкідваецца ў паветра больш 3000 тон забруджваючых рэчываў (каля 55 чыгуначных вагонаў). Выхлапныя газы становяцца прычынай мноства хвароб, у тым ліку такіх сур’ёзных, як пухліны, свінцовыя атручванні, бранхіяльныя і лёгачныя захворванні.  
Зразумела, правядзенне аднадзённай акцыі не зможа значна змяніць становішча, але гэта добрая падстава ў чарговы раз прыцягнуць увагу да буйной экалагічнай праблемы. Камусьці, напэўна, здаецца, што яна не мае дачынення да невялікіх населеных пунктаў, але ж прагрэс няўмольны, зараз і ва Ушачах колькасць аўтатранспарту на вуліцах значна павялічылася. Для нашага раёна, візітоўка якога – менавіта чыстае паветра і прыгожая прырода, гэта можа стаць сапраўднай праблемай. Акцыя “Дзень без аўтамабіля” – дабрачынная. Аднак, калі заўтрашняй раніцай, збіраючыся на работу або па справах, вы наўмысна пакінеце ключы ад свайго аўто дома і пройдзецеся пешшу або здзейсніце падарожжа на веласіпедзе – вы не толькі адчуеце асалоду ад дачынення да ўсеагульнай добрай справы, але і атрымаеце карысць для ўласнага здароўя, бо рух, як вядома, гэта жыццё.
І.ПАДГОЛ,
начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *