Наши землячки, участницы Народного клуба «Муза» – в числе победителей литературного форума «Центр Европы»

Калейдоскоп

Ізраіль, Іран, Балгарыя, Чэхія, Расія, сярэднеазіяцкія рэспублікі – геаграфія ўдзельнікаў літаратурнага форуму “Цэнтр Еўропы”, які сёлета ў сёмы раз прайшоў у старажытным Полацку, была вельмі шырокай. І тым больш прыемна, што не згубіліся на гэтым фоне ўшацкія самадзейныя паэтэсы Вера Пашута і Тамара Барадзёнак, дастойна прадставіўшы Народны клуб “Муза” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці імя Г.М.Гарбука.

Удзельнікі форуму парадавалі жыхароў і гасцей горада сваімі творамі на адкрытай пляцоўцы “Полацку – 1162”. А фіналісты конкурсу на прыз глядацкіх сімпатый вызначылі самых таленавітых аўтараў і дэкламатараў. Наша Тамара Дзмітрыеўна абрала для ўдзелу намінацыю “Мовай Я.Купалы і Я.Коласа”, прэзентаваўшы патрыятычны верш “Нашчадкам” і творы пра народныя абрады. Выступленне ўшачанкі было ацэнена лаўрэацкім дыпломам ІІІ ступені.

Упрыгожаннем форуму стаў літаратурна-сцэнічны конкурс “Паэт-Артыст”. Жыхарка Двор Пліна В.Пашута так шчыра і душэўна выканала свой лірычны верш, што журы аднагалосна прысудзіла ёй перамогу. А яго старшыня, народны артыст Расіі Віктар Нікіцін не шкадаваў узнёслых слоў, уручаючы Веры Фёдараўне дыплом і падарунак.

“Вельмі прыемна, што наша “Муза” зноў пацвердзіла свой высокі статус! – пракаменціравала вынікі форуму кіраўнік аб’яднання Людміла Дунец. – І калі Полацк называе сябе “Цэнтрам Еўропы” – то Ушачы могуць па праве прэтэндаваць на званне “Цэнтра паэтычных талентаў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *