Беларускі Верхнядзвінскі і расійскі Себежскі раёны зноў сталі месцам сустрэчы брацкіх народаў. На Кургане Дружбы ў 65-ы раз прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя воінам, партызанам і падпольшчыкам дзвюх краін. У міжнародным мерапрыемстве прыняла ўдзел і дэлегацыя Ушацкага раёна на чале са старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім.
Курган Дружбы – унікальны мемарыял, які размяшчаецца на стыку межаў Беларусі, Расіі і Латвіі. Гэта штучна створаны насыпны ўзгорак, на якім расце велічны “Дуб Дружбы”. У час Вялікай Айчыннай вайны на гэтай тэрыторыі стаў фарміравацца партызанскі край, таму манументы і мемарыялы тут прысвечаны менавіта сумеснай дзейнасці атрадаў. Пагорак насыпалі ў 1959 годзе, сабраўшы зямлю з магіл загінулых на тэрыторыі трох рэспублік партызан і салдат Чырвонай Арміі. У напрамку кожнай краіны ад памятнага месца заклалі алеі з манументамі: на беларускай зямлі ўзвышаюцца бярозы, на расійскай – клёны, на латвійскай – ліпы.
Штогод у першую нядзелю ліпеня на Кургане Дружбы праходзіць міжнародная сустрэча ветэранаў вайны, партызанскага руху і моладзі. Калі раней яе арганізатарамі, змяняючы адзін аднаго, выступалі тры брацкія краіны, то ў апошні час – толькі Беларусь і Расія. Латышы некалькі гадоў таму разбурылі частку мемарыяльнага комплексу – дэманціравалі мемарыяльныя пліты, размешчаныя ля падножжа насыпнога ўзгорка на баку Латвіі, разбурылі масток праз маленькую рачулку – адзіную пераправу. Потым была забарона на наведванне памежнай зоны, а цяпер узвялі шматкіламетровую сеткавую агароджу. Трэці год латышоў няма на сустрэчы, а беларусы і расіяне зноў разам.
Старшыня аблвыканкама Аляксандр СУБОЦІН:
“Курган Дружбы збірае сапраўдных сяброў. Нягледзячы на тое, што Еўропа выбрала свой шлях і выбудавала “жалезную заслону”, беларусы і расіяне працягваюць сустракацца тут. Мы гатовы і мост аднавіць, і сябраваць, і мець зносіны, і хадзіць адзін да аднаго ў госці. Для мяне асабіста Курган з’яўляецца месцам сілы, памяці і смутку. Упэўнены, гэта так і для любога чалавека ў нашай краіне, які разумее, якой цаной 80 гадоў таму вырвана Перамога, якой цаной далася нам незалежнасць”.
Прадстаўнікі ўлады Віцебскай і Пскоўскай абласцей, моладзь, ветэраны, жыхары прыгранічных рэгіёнаў, вайскоўцы, дэлегацыі раёнаў сталі ўдзельнікамі мітынгу-рэквіема, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых салдат і ўсклалі кветкі да помніка камсамольцам-падпольшчыкам беларускай вёскі Прошкі, дзейнасць якіх стала прыкладам мужнасці і адвагі. Мерапрыемства прадоўжылася на расійскім баку ля помніка партызанскай сувязной і разведчыцы Марыі Пынто, якую ў маі 1944 года па-зверску замучылі фашысты. Сюды таксама ўсклалі кветкі дэлегацыі брацкіх краін. А потым усе разам па даўняй традыцыі праспявалі легендарную “Кацюшу” і запалілі касцёр сяброўства.
– Пяць гадоў запар ужо прыязджаю на Курган. Ён застаецца месцам сустрэчы тых, хто памятае пра цану Перамогі. Непрыемна, што з-за палітыкі латвійскіх уладаў знеслі частку мемарыяла. Лічу, што тыя, хто гэта зрабіў, паступілі недальнабачна. Але галоўнае, што Курган Дружбы ўсё роўна застанецца ў памяці людзей. Хочацца, каб моладзь працягнула нашы традыцыі, – адзначыла старшыня раённай ветэранскай дэлегацыі Н.А.Васілеўская.
На Кургане адбыўся і тэматычны канцэрт, а таксама працавала шмат розных пляцовак. У рамках абласнога праекта “Дарогамі франтавымі”, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на мерапрыемства запрасілі Ушацкі раённы цэнтр культуры. Пляцоўка, на якой гучалі ваенныя песні, пісаліся лістоўкі, працаваў міні-музей і варылася смачная каша, прыцягвала ўвагу ўвесь дзень.
А папярэднічала гэтай сустрэчы вялікае маладзёжнае мерапрыемства: больш за 500 чалавек сабраў беларуска-расійскі адукацыйна-патрыятычны лагер “Курган-2024”. Непадалёк ад мемарыяла на паляне з 5 па 7 ліпеня размясціліся 23 каманды раёнаў і гарадоў Віцебшчыны, Пскоўскай і Ленінградскай абласцей Расійскай Федэрацыі. У іх ліку і ўшацкая моладзь – 12 актывістаў з розных прадпрыемстваў і арганізацый.
Маладыя людзі спаборнічалі ў ваенна-спартыўнай гульні “Паўночны рэгіён”, дзе ўшачане занялі трэцяе месца, а ў практыкаванні па стральбе дуэт Тараса Шаўчэнкі і Анастасіі Клундук заваяваў “срэбра”. Каманда таксама ўдзельнічала ў чэмпіянаце па зборцы спілс-карт “Ведаю Беларусь” і інтэлектуальным турніры, аглядзе афармлення лагераў і многім іншым.
“Перадаць словамі атмасферу, якая тут пануе, проста немагчыма! Упэўнена, запомняцца ўсім дружная “Народная зарадка”, наварыстая салдацкая каша, душэўныя песні пад гітару ля вогнішча, перамогі і промахі ў конкурсах. Удзячна нашым актывістам за старанні і пазітыў!” – падзялілася першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель. Па выніках усіх выпрабаванняў у турнірнай табліцы ўшачане размясціліся на 7 пазіцыі.
Але не гэта галоўнае, а сяброўства, адзінства і патрыятызм, якія аб’ядналі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. Да сустрэчы на Кургане ў наступным годзе!
Вольга КАМАРКОВА.