Как удержать строителей в период нестабильной экономической ситуации?

Общество

У мінулую сераду работнікі самай вялікай будаўнічай арганізацыі раёна ПМК-66 мелі магчымасць абмеркаваць са старшынёй райвыканкама Алегам Анатольевічам Кавалёнкам сітуацыю, што склалася зараз на прадпрыемстве, атрымаць адказы на актуальныя пытанні. Чакалася, і небеспадстаўна, што размова будзе вострай – будаўнікі, бадай, як ніхто іншы адчулі на сабе ўсе негатыўныя моманты сучаснага нестабільнага эканамічнага становішча.

Аб гэтым шчыра і змястоўна расказаў кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Лукіч Фамёнак. Работнікаў, якія ў пошуках заробкаў накіраваліся ў блізкае замежжа, можна зразумець: пачатак вучэбнага года, неабходнасць выплачваць крэдыты патрабуюць сродкаў, аднак, прымаючы такое рашэнне, трэба мець на ўвазе, што ўмовы працы “гастарбайтара” значна больш жорсткія і рызыкоўныя. Аднак тых, хто вырашыў пераадольваць выпрабаванні разам з родным прадпрыемствам, значна больш: актавая зала адміністрацыйнага будынка ПМК-66 у гэтую раніцу была цалкам запоўнена.
Старшыня райвыканкама растлумачыў прысутным, што сучасныя працэсы ў большасці аб’ектыўныя і, на жаль, далёка не ўсё залежыць ад раённай улады. Не сакрэт, што фінансаванне будаўнічых аб’ектаў адчувальна паменшылася. Так, прыпынена ўзвядзенне фермы ў Сарочыне, на якую ўжо выдаткавана каля трох мільярдаў рублёў. Сталі рэальнай праблемай нявыплаты: да гэтага часу не паступілі на рахунак ПМК-66 сродкі за рамонт Глыбачанскай школы. Будаўнікі, у сваю чаргу, не могуць разлічыцца з іншымі арганізацыямі – УП ЖКГ, ПМС. Утвараецца “замкнутае кола”, выбрацца з якога вельмі няпроста. Аднак, трэба спадзявацца, што сітуацыя хутка зменіцца да лепшага, заработная плата прыйдзе ў адпаведнасць з узроўнем цэн. У любым выпадку будаўніцтва ў раёне будзе працягвацца, аднак плануецца яго скарачэнне прыкладна на 20 працэнтаў. Захаваецца льготнае крэдытаванне для мнагадзетных сем’яў, будзе выпрацаваны дзяржаўны механізм кампенсавання будаўнічых выдаткаў. Чакаецца прыняцце пастановы, згодна з якой узвядзенне сельгасаб’ектаў будуць фінансаваць камерцыйныя банкі. А.А.Кавалёнак запэўніў будаўнікоў, што сітуацыя ў раёне застаецца адносна стабільнай, пытанні забеспячэння жыццядзейнасці грамадзян хоць і з пэўнымі цяжкасцямі, але вырашаюцца: падрыхтаваны да навучальнага года школы, ушачане атрымалі магчымасць штодзённа карыстацца гарачай вадой, працягваюцца работы па ўкладцы асфальту і тратуарнай пліткі.  
З апошняй тэмай, дарэчы, было звязана адно з нешматлікіх пытанняў, што былі зададзены старшыні райвыканкама падчас сустрэчы. Працаўнікоў прадпрыемства не задавальняе стан дарожнага пакрыцця ў іх рабочым пасёлку. Алег Анатольевіч паведаміў, што ў наступным годзе плануецца прывесці ў парадак дваровыя тэрыторыі ў раёне дзіцячага сада №2 і вуліцы Дзяржынскага, на тратуары ад вуліцы Віцебскай да школы распачнуцца работы па ўкладцы пліткі, будзе завершана добраўпарадкаванне вуліцы Школьнай. На пытанне, чаму ў гарпасёлку на большасці вуліц не гараць ліхтары, старшыня райвыканкама патлумачыў наступнае: з-за падаражання электраэнергіі гадавыя грашовыя ліміты на асвятленне скончыліся ўжо ў жніўні, таму было прынята часовае рашэнне асвятляць толькі дзве цэнтральныя вуліцы пасёлка. Але з надыходам восені светлавы дзень істотна зменшыўся, таму плануецца, што з пачатку кастрычніка звычайная схема асвятлення будзе адноўлена.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *