Ва Ушацкім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства на гэтым тыдні абнавілі Дошку гонару. Традыцыя – заносіць імёны лепшых работнікаў напярэдадні Дня кааперацыі. І хоць прадпрыемства перажывае зараз зусім не лепшыя часы, мера заахвочання такім чынам работнікаў набывае нават большую вагу. Добрасумленныя, адданыя былі, ёсць і будуць ва ўсе часы і на кожным участку.

Купляйце ўшацкае
Заклікаюць прадаўцы, і не толькі таму, што смачна, танна і праверана. Уласная прадукцыя філіяла застаецца гарантам пастаяннага асартыменту, а ў самыя цяжкія часы нават закрывала паўпустыя паліцы. Дарэчы, і ў прыбытковыя менавіта прамысловасць аказвалася флагманам сярод усіх галін прадпрыемства і нават на ўзроўні рэспублікі.
Вось і сёлета жывёлазабойная пляцоўка, цэх па разліве безалкагольных напіткаў і хлебапякарскі па аб’ёмах прадукцыі займаюць другое месца сярод філіялаў вобласці, выпусціўшы за 5 месяцаў мяса, хлеба, мінералкі на 1900 тысяч рублёў з тэмпам росту 130 працэнтаў. У рэалізацыю паступіла 150 тон ялавічыны і свініны, 225 тон хлебабулачных вырабаў, 24 – павідла і 70 тысяч далаў напіткаў. Самыя вялікія тэмпы росту на “бойні” – 250 працэнтаў.
Сыночкі падвязуць
Асаблівая, самая адказная місія ў вадзіцеля-прадаўца. Іх пастаянныя жыхары вёсак клічуць сыночкамі, а па цярплівасці, увазе і дапамозе яны могуць нават пераўзыходзіць родных. Два разы на тыдні абавязкова на вёсцы, прычым апошнім часам з-за недахопу пэўнай прадукцыі працуюць з павялічанай маральнай нагрузкай.
Філіял абслугоўвае 587 вёсак Ушацкага, Полацкага, Расонскага раёнаў. Раніцай па добра вядомых маршрутах раз’язджаецца 17 вадзіцеляў. Прывядзём толькі трох лідараў нашага раёна, якія павялічылі мінулагоднія аб’ёмы продажу. На 130 працэнтаў – Дзмітрый Зубовіч, які працуе ў вяркудска-сарочынскай зоне, на 120 – Аляксей Кляпец (жарска-кубліцкай), на 105 – Віктар Мынчынскі (далецкай), імя якога занесена на Дошку гонару прадпрыемства.

У фаварытах – галубцы
“Купалінка”, “Кава&Ежа”, “Тайм-аўт”, “Класіка”, “Папараць-Кветка”, “Еўропа”, “Кулінарыя” – кропкі грамадскага харчавання філіяла толькі на тэрыторыі нашага раёна. Такім чынам повары гатуюць як для іх наведвальнікаў, так і папаўняюць прадукцыяй паліцы магазінаў. Мы настолькі прывыклі да рыбы ў цесце, піц, танных абедаў, што лянуемся гатаваць дома. Ці дакладна ведаем, што повары філіяла абавязкова выручаць гатовымі катлетамі, пельменямі, галубцамі, клёцкамі – апошнія набываюць з сабой нашы гарадскія землякі. За пяць месяцаў прададзена 750 кілаграмаў фірменнай ушацкай стравы, аднак фаварытам усё ж з’яўляюцца галубцы – 3,6 тоны.
Ну і зразумела, салодзенькае. Натуральныя ўшацкія торцікі карыстаюцца нязменным попытам: 2,3 тоны з 7,6 усёй прадукцыі кандытарскага цэха. Прычым, іх лінейка пастаянна прырастае новымі відамі.
Харчаванне дзяцей, якія знаходзяцца ў летніках, спартсменаў, абслугоўванне на доме кліентаў, прыдарожны сэрвіс. Трэба зазначыць, што літаральна ўсе кропкі грамадскага харчавання вельмі ўтульныя. На піражках ды булачках нагандлявалі за 5 месяцаў 55 тысяч Таццяна Рубанік і Святлана Хвасціёнак у “Кава&Ежа” ў Сарочыне (тэмп росту 115 працэнтаў). На такую ж суму накарміла пацыентаў буфета ў паліклініцы Любоў Гарыслаўка (135%).
Вольга КАРАЛЕНКА.