Юбилейные медали к 80-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистких захватчиков вручили бывшим узникам в Ушачском районе

Общество

Заставацца ў страі

Напярэдадні юбілейнай даты вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у цэнтры ўвагі людзі, якія не па чутках ведаюць, што такое вайна. На Ушаччыне няма больш ветэранаў Вялікай Айчыннай, і місію носьбітаў гістарычнай праўды ўзялі на сябе былыя малалетнія вязні. У гэтыя дні яны прымалі гасцей, якія прыехалі, каб уручыць ім юбілейныя медалі, павіншаваць з надыходзячым святам ды і проста пагутарыць, пацікавіцца справамі.

“Вайна забрала ў мяне дзяцінства – зрэшты, такі лёс быў і ў маіх аднагодкаў. На ўсё жыццё след пакінула: многае ўжо забылася, а Асвенцым з памяці не сцерці”, – прызналася Ніна Сяргееўна Казьяніна. І зараз паўстаюць перад вачыма Вольгі Касьянаўны Стрыжонак жудасныя дні ў лагеры Азарычы – смерць, што панавала навокал, і вар’яцкі голад, які выцясняў усе іншыя пачуцці. Зусім маленькім трапіў у Германію Мікалай Уладзіміравіч Пятроўскі, але з аповеду бацькоў ведае страшныя падрабязнасці – напрыклад, як іх прымушалі ўгнойваць панскую зямлю попелам з крэматорыя.

Ім пашчасціла выжыць – і ў мірны час кожны з гэтых людзей унёс сваю лепту ў развіццё Ушацкага раёна, стогадовы юбілей якога мы таксама адзначаем сёлета. Трое з іх аднаўлялі сельскую гаспадарку, каля 40 год – на кіруючых пасадах Пётр Мечыслававіч Мажэйка, які не баяўся ставіць перад сабой толькі высокія мэты, заўсёды гарэў справай і не ішоў супраць сумлення. Гэтаму ж вучыць і моладзь, калі сустракаецца з ёй на розных мерапрыемствах.
Заставацца ў страі, захаваць здароўе, адчуваць любоў і павагу блізкіх ад імя раённый улады пажадаў гэтым шаноўным людзям начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі П.А.Алексяёнак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымках: старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н.Васілеўская, начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Д.Заікін і П.Алексяёнак віншуюць П.Мажэйку; медаль да 80-годдзя вызвалення Беларусі атрымала Н.Казьяніна.

 

Працоўны, роўны баявому

Ордэн Працоўнай Славы – адзіная ўзнагарода за працоўныя дасягненні, якая мела ступені адрознення, а яго поўны кавалер па статусе і льготах прыраўноўваўся да баявога ордэна Славы! Зацверджаны ён у 1974 годзе, Г.Я.Быкаў атрымаў праз два гады.

Ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, безліч разоў ударнік пяцігодак і пераможца сацыялістычнага спаборніцтва – працоўная кніжка Георгія Яфімавіча Быкава спісана ўсемагчымымі адзнакамі заахвочвання. Падпісвалі загады розныя кіраўнікі – механізатар саўгаса “Кублічы” самааддана працаваў пры 11 дырэктарах, а рабочае месца ў яго адно.

Уладкоўваўся на працу юнак з Бычкоў яшчэ ў саўгас “Вялікадолецкі”, створаная з ранейшых калгасаў гаспадарка мела аддзяленні ў Касарах і Кублічах, якія ў 1963 годзе сталі цэнтрамі асобных. У вялікім мястэчку аднак не было дзяцячага сада, і члены брыгады секлі лес для яго пабудовы – звычайнага аднапавярховага доміка. Тады ж закладаліся і яблыневыя сады, акрамя традыцыйных кароўнікаў і свінарнікаў была аўчарня ў Скачыхах і птушачнік у Кублічах. Конная сіла паступова замянялася трактарамі, а мясцовым хлопцам гаспадарка давала накіраванні.

У савецкія часы ў раёне медалі і ордэны за працоўныя заслугі атрымала 295 чалавек. Цікава, што сярод 6 Герояў Сацыялістычнай працы – трое ўраджэнцаў кубліцкай зямлі. Гэта Васіль Быкаў, свінарка “Кубліч” Марыя Вератнёва і мантажнік Іосіф Стрыжонак.

Скончыў Глыбоцкае СПТВ-31 і Георгій Быкаў. “Шырокага профілю і вузкіх ведаў”, – жартуе механізатар. Насамрэч выходзілі адтуль сапраўдныя практыкі, бо яна складала 3 месяцы пры гадавой падрыхтоўцы. Праходзіў яе юнак аж на Цаліне, землі якой не параўнаць з кубліцкімі – самымі камяністымі ў раёне. Дзве рамы зламаў, а колькі адвалаў і лемяхоў счасаў, калі працаваў з плугамі на сваім першым МТЗ-50 на пару з Міхаілам Стрыжонкам. Аднапрывадны, не вельмі моцны, аднак не было такога месяца, каб не перавыконваў норму механізатар. “Маці яшчэ карову не пойдзе даіць, а я ўжо ў полі. Выхадных лічы што не было, на Вялікдзень – таксама. Летам адпачынак – толькі калі знойдзеш сабе замену, а дзе яе адшукаеш, беспрацоўных жа тады не было. А між тым толькі механізатараў у нас налічвалася 52-54, з маёй кагорты толькі Мікалай Браніслававіч Грыневіч ды Віктар Мікалаевіч Шах і засталіся, – прыгадвае сяброў ветэран працы. – Трактар – тады асноўная адзінка. Я на сваім і з плугамі, і з кунам, і са сціртамятальнікам. Пачынаў жа слесарам, спатрэбіўся шырокі профіль ПТВ на замене свідравін. Ды і за камбікармом на заводы, а потым па фермах – таксама мы. 2 тысячы свіней было, столькі ж складалі ворыўныя землі – ні аднаго кавалачка незасеяным не пакідалі. Здараліся аднак гады з вельмі складаным становішчам з кармамі, дык у камандзіроўку ажно ў Смалявіцкі раён накіроўвалі – сціртаваў салому, якую потым перавозілі”.

За сорак гадоў працы Георгій Яфімавіч “з’ездзіў” чатыры трактары – выключна новых – адказнаму работніку іншых не прапаноўвалі нават у пачатку. Вось толькі дома яго рэдка бачылі, і вялікую ўласную гаспадарку глядзела пераважна Тамара Сцяпанаўна, якая ўмудралася за перапынак на веласіпедзе прыехаць з Кубліцкай аптэкі, дзе адпрацавала ўсё жыццё, у Бычкі. Зразумела, што і тады гаспадар спраўляўся з вялікай мужчынскай работай, ён з той кагорты, каго называюць працаголікамі. Зараз на ім і агарод, і палісад, і дапамога хворай жонцы. Георгій Яфімавіч з пяшчотай паказваў ладны часнок, кусты вігелы, перасаджаныя ружы. Шкадаваў, што цвіўшы беллю сад не прынясе сёлета пладоў. А зямля павінна радзіць.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *