Старэйшыны вёсак – асноўныя памочнікі старшынь сельвыканкамаў, адказныя людзі, якім давярае большасць насельніцтва. Сёння ў раёне абавязкі старэйшыны выконваюць 174 чалавекі. Работа старэйшын населеных пунктаў і была разгледжана на апошнім выязным прэзідыуме раённага Савета дэпутатаў, які прайшоў у Вяркудскім сельсавеце. Асноўнае пытанне прэзідыума, якое разглядалася ў гэты дзень, – “Аб рабоце органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на тэрыторыі Вяркудскага і Жарскага сельсаветаў і павышэнні іх ролі ў рашэнні першачарговых пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”. Справаздачы аб праводзімай старэйшынамі рабоце трымалі старшыні Вяркудскага і Жарскага сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Старэйшыны ведаюць, якія патрэбы ў жыхароў, часта самі выконваюць просьбы аднавяскоўцаў. Аператыўнасць і своечасовасць вырашэння злабадзённых пытанняў у аддаленых і маланаселеных вёсках, дзе ў асноўным жывуць людзі пенсіённага ўзросту, у многім залежыць менавіта ад іх. У Вяркудскім сельсавеце 23 старэйшыны, 4 з якіх з’яўляюцца дэпутатамі сельскага Савета. В.П.Цянюга адзначыў самых актыўных, якія займаюцца пытаннямі добраўпарадкавання, абмалоту прысядзібных участкаў, асвятлення вуліц і многімі іншымі, яны заўсёды ў курсе ўсіх спраў. Гэта Н.В.Кірпічонак, Г.К.Грак, У.В.Паўловіч, Н.І.Бандарэнка, М.І.Пухава, А.К.Рэут, Л.У.Скурковіч, А.П. Ягадка. Некаторыя з іх прынялі ўдзел у пасяджэнні і выступілі перад прысутнымі. Старэйшыну аграгарадка Вяркуды Н.В.Кірпічонак вельмі хвалюе, што многія людзі не хочуць наводзіць парадак каля сваіх дамоў, чакаюць, калі хтосьці абкосіць траву, убярэ смецце… А ад знешняга выгляду населенага пункта складваецца і агульнае ўражанне пра яго жыхароў. Добра і ўтульна жыць у чысціні і парадку, але ж трэба агульнымі намаганнямі яго наводзіць.
Старэйшына вёскі Загор’е Г.К.Грак пастаянна арганізоўвае суботнікі па навядзенні парадку, дапамагае выяўляць уладальнікаў кінутых дамоў, якія пагаршаюць знешні выгляд вёскі. На пасяджэнні прэзідыума яна расказала аб рабоце ў сваім населеным пункце.
Вопытам работы з людзьмі ў вёсцы Дубраўка падзяліўся старэйшына У.В.Паўловіч. Пасля перанясення цэнтра гаспадаркі ў Вяркуды вёска не прыйшла ў заняпад, пастаянна вядзецца добраўпарадкаванне, у чым вялікая заслуга і дырэктара гаспадаркі Б.Т.Юргенса.
Аб рабоце старэйшын у Жарскім сельсавеце (а іх тут 19) расказала яго старшыня А.У.Кузьміна. Большасць абраннікаў вёсак людзі пенсіённага ўзросту, самыя актыўныя з іх – Т.В.Аўтух, М.Я. Радзько, Т.І.Макрыдзіна, Г.Я. Юдзінцава. Алена Уладзіміраўна адзначыла, што многія пытанні можна вырашыць толькі з дапамогай мясцовай гаспадаркі, з кіраўніком якой – С.А.Халімоненкам – знойдзена поўнае ўзаемаразуменне.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч у сваім выступленні сказала, што тую масавую работу па добраўпарадкаванні, якая разгарнулася ў раёне, складана было б зрабіць без старэйшын. Яна таксама выказала просьбу, каб старэйшыны праводзілі работу па ўключэнні зямельных участкаў грамадзян у агульны севазварот.
Таксама на прэзідыуме разгледжаны ход выканання пастановы прэзідыума раённага Савета дэпутатаў ад 3 снежня 2009 года “Аб практыцы работы сельвыканкамаў па рацыянальным выкарыстанні бюджэтных сродкаў на асвятленне сельскіх населеных пунктаў у святле патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3”.
Асобна абмеркавана пытанне стану законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна, з дакладам аб якім выступіў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.У.Андросаў.
Завяршылася работа выязнога прэзідыума наведваннем магазіна, Вяркудскай школы, аддзялення кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў. Усе былі ўражаны добраўпарадкаваннем названых аб’ектаў.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымках: выступаюць старэйшыны Вяркуд і Загор’я Н.В.Кірпічонак і Г.К.Грак.