Так склалася, што ў сістэме органаў, якія ад імя дзяржавы ажыццяўляюць нагляд за захаваннем заканадаўства, функцыі кіраўніка як правіла давяраюць прадстаўнікам моцнага полу. Аднак наша зямлячка Наталля Аваднёва парушыла гэты стэрэатып, атрымаўшы ў мінулым месяцы назначэнне на пасаду пракурора Ушацкага раёна. І натуральна, што нашу гутарку напярэдадні прафесійнага свята мы пачалі з абмеркавання прыгаданай акалічнасці.
– Наталля Фёдараўна, рашэнне кіраўніцтва стала для Вас нечаканасцю?
– У пэўнай меры – так, і я цалкам усведамляю, які высокі давер мне аказаны і як няпроста будзе яму адпавядаць. Разам з тым, не лічу гэта звышнатуральным момантам: як вядома, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае роўнасць правоў мужчын і жанчын ва ўсіх сферах жыцця. Да таго ж падобны прыклад у рэгіёне ўжо ёсць: два гады таму пракуратуру Наваполацка ўзначаліла мая калега Алена Грышаева. А ўвогуле, гендарны аспект у нашай справе не такі ўжо і важны, куды большую ролю адыгрываюць асабістыя якасці: бескампраміснасць, уменне і жаданне адстойваць справядлівасць.
– Звычайна напярэдадні свята акрэсліваюць пэўныя вынікі дзейнасці. Давайце, не будзем здраджваць традыцыі.
– З пачатку бягучага года пракуратурай раёна падтрымана абвінавачванне па 40 крымінальных справах, прымалі мы ўдзел і ў разглядзе 41 грамадзянскай. Вынесена 11 прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, 7 прадпісанняў, па патрабаванні пракурора 13 пасадных асоб прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці, 7 – да адміністрацыйнай, 6 – да матэрыяльнай. Разгледжаны пытанні, з якімі звярталіся ў пракуратуру грамадзяне і прадстаўнікі юрыдычных асоб.
– Пракурорскія работнікі надзелены вялікімі паўнамоцтвамі і павінны быць дасведчанымі літаральна ва ўсіх сферах.
– Гэта так. Толькі за апошнія месяцы мы праводзілі кантрольныя мерапрыемствы ў арганізацыях АПК, гандлю, установах адукацыі і аховы здароўя, правяралі захаванне прыродаахоўнага заканадаўства, выкананне Дэкрэта Прэзідэнта №18. Да слова, алкагалізацыя насельніцтва і цесна звязанае з гэтым сямейнае насілле ў нашым рэгіёне па-ранейшаму застаюцца досыць актуальнымі. Дадаюцца і новыя напрамкі супрацьпраўнай дзейнасці: здавалася б, каварныя схемы кіберзлачынцаў выкрываюць зараз, як кажуць, з кожнага праса, тым не менш на вуду махляроў трапляюць не толькі даверлівыя бабулі, а і куды больш дасведчаныя людзі. Нядаўна, напрыклад, ахвярай злодзеяў у нашым раёне стала… сям’я праграмістаў.
– Зараз у нашым грамадстве вельмі актуальныя пытанні захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады ваеннага ліхалецця…
– Надаём гэтаму першачарговую ўвагу! Усе пракурорскія работнікі ўваходзяць у склад следчай групы па расследаванні крымінальнай справы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вядзём допыты пацярпелых і іх родных, а таксама сведкаў ваенных злачынстваў, устанаўліваем каардынаты ўжо зніклых населеных пунктаў, дзе яны ўчыняліся, працягваем шырокую інфармацыйную работу. Не выпускаем з поля зроку і пытанні нацыянальнай бяспекі: з пачатку года пракуратурай накіравана ў суд 4 заявы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У мінулым годзе Указам Прэзідэнта дзейнасць Н.Аваднёвай была адзначана медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені. Атрымала яна дзяржаўную ўзнагароду на ўрачыстасці, што ладзілася на Кургане Славы.
– Раскажыце, калі ласка, хто будзе дапамагаць Вам вырашаць маштабныя задачы.
– Наш калектыў істотна абнавіўся. Нядаўна намеснікам пракурора прызначаны Раман Аляксандравіч Гурчонак, які да гэтага 7 год быў старэйшым памочнікам пракурора Полацкага раёна. А для выпускніцы юрыдычнага факультэта МІТСО Аксаны Дзмітрыеўны Петрачэнкі пасада памочніка пракурора Ушацкага раёна стала першым месцам работы. Вядома ж, разлічваем і на дапамогу нашых вопытных супрацоўнікаў Таццяны Уладзіміраўны Латышавай, Пятра Аляксеевіча Клачка.
Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх цяперашніх і былых работнікаў пракуратуры з прафесійным святам. Няхай справа, якой вы прысвяцілі жыццё, спрыяе росквіту нашай краіны і роднай Ушаччыны, а мір, згода, каханне і дабрабыт заўсёды будуць вашымі спадарожнікамі!
Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.