Выставка мастеров в рамках дней Европейского культурного наследия

Общество

У вераснёўскую пару Ушаччына ўключылася ў культурную праграму “Дні Еўрапейскай культурнай спадчыны”.
“Здраўнёўская палітра” – так называлася абласное свята-конкурс лапікавага шыцця, што праводзілася ў Віцебску з наведваннем музея-сядзібы І.Я.Рэпіна “Здраўнёва”. Прадугледжвалася шырокая праграма з выставамі, майстар-класамі, круглым сталом, урачыстым узнагароджаннем удзельнікаў. На творчым конкурсе свае вырабы прадставілі некалькі дзесяткаў майстроў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, а таксама з Мінска, Магілёва і Рыбінска (Расія). Упершыню сярод удзельнікаў былі студэнты і навучэнцы віцебскіх універсітэтаў і каледжаў. 
Ад народнага клуба майстроў і мастакоў “Адраджэнне” РДК на свяце-конкурсе пабывалі Л.А.Асташонак і майстар раённага Дома рамёстваў Ю.Пятніца, якія займаюцца лапікавым шыццём.
А ва Ушацкім раённым Доме культуры 13-16 верасня працавала выстава-продаж вырабаў народнай творчасці і царкоўных рэчываў “Спадчына і рэлігія”. Адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Святар храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры айцец Вячаслаў прачытаў малітву, асвяціў выставу.
Кіраўнік народнага клуба майстроў і мастакоў “Адраджэнне” РДК А.В.Кузусёнак расказала, што выстава праводзіцца ў межах праграмы “Дні Еўрапейскай культурнай спадчыны”. У краінах Еўропы розныя мерапрыемствы наладжваюцца з 1999 года. Выступаючая звярнула ўвагу прысутных на карціны духоўнай тэматыкі, якія пакінуў пасля сябе мастак Міхаіл Казіцкі. Частка іх была прадстаўлена на выставе. У ходзе яе адкрыцця выступілі таксама сябры клуба “Адраджэнне” Д.У.Крупеня і Т.Аваднёва. 
Дырэктар раённага Дома рамёстваў мастак М.А.Багдановіч падкрэсліў неабходнасць захавання і папулярызацыі таго, што зроблена нашымі ўмельцамі, прадстаўнікамі нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дарэчы, дзякуючы гэтаму кіраўніку культустановы, напрыклад, наведвальнікі выставы мелі магчымасць пазнаёміцца з вырабамі народнага майстра С.А.Роўбы, якога ўжо няма сярод нас.
Прачыталі свае вершы Т.Барадзёнак, удзельніца народнага клуба “Муза” РДК і клуба “Ушачане” цэнтральнай раённай бібліятэкі Л.М.Карабань. Выступіла знаўца гісторыі Ушаччыны Л.Р.Бутоўская. А.В.Кузусёнак правяла экскурс па выставе, пазнаёміла з яе экспанатамі.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымках: падчас адкрыцця выставы “Спадчына і рэлігія”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *