Курэнне штогод забірае каля 8 мільёнаў жыццяў. Узяцца ж за цыгарэты, як сведчыць статыстыка, чалавека прымушаюць простая звычка (55,9 % выпадкаў), жаданне супакоіцца, зняць стрэс (23,3), курэнне акружаючых (13,7). У Беларусі курыць 21,7% насельніцтва.
Курыльшчыкі ў 13 разоў часцей пакутуюць на стэнакардыю, у 10 – на язву страўніка, у 20 разоў павялічваецца рызыка смяротнага зыходу ад рака лёгкіх.
Курэнне электронных цыгарэт не з’яўляецца альтэрнатывай курэння звычайных. “Электронкі” могуць выклікаць рак, захворванні лёгкіх і сэрца. Агульнае карыстанне адной прыладай можа прывесці да заражэння гепатытам і на сухоты.
Кінуць курыць мае сэнс у любы час. Ужо праз 20 хвілін нармалізуецца артэрыяльны ціск, частата сардэчных скарачэнняў. Праз 8-12 гадзін арганізм ачысціцца ад угарнага газу, узровень кіслароду павысіцца да нормы. Праз суткі курыльшчык пачынае моцна кашляць – такім чынам лёгкія ачышчаюцца ад таксінаў. Праз 72 гадзіны ныркі выведуць ужо больш за 90 працэнтаў атруты – бронхі расслабяцца, дыхаць стане лягчэй. Але ж узмоцніцца псіхалагічная ломка, павышаная трывожнасць, могуць з’явіцца млоснасць, галаўны боль, спазмы страўніка. Калі праз 3 дні не аднавіць курэнне, самаадчуванне паступова палепшыцца. Праз 3 тыдні перастане турбаваць кашаль. Праз год без цыгарэт у былога курыльшчыка як правіла нармалізуецца работа сэрца і сасудаў, праз 5 – удвая змяншаецца рызыка кровазліцця ў галаўны мозг, праз 10 – рака лёгкіх.
Па пытаннях лячэння нікацінавай залежнасці можна звярнуцца да псіхіятра-нарколага Ушацкай ЦРБ (тэлефон 5-03-94) ці ў Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі (8-0212-61-45-76).
Адмовіцца ад шкоднай звычкі можна самастойна ці звярнуўшыся да псіхіятра-нарколага, псіхатэрапеўта. Урачэбная дапамога павышае верагоднасць поспеху ў сярэднім на 80%.
Паліна ПУГАЧ, урач псіхіятр-нарколаг Ушацкай ЦРБ.