ПРОГРАММА фестиваля экстремальных видов спорта «Экстрим Прорыв»

Общество

Адна з галоўных падзей лета пройдзе на Ушаччыне ўжо ў гэтыя выхадныя. Знаёмім вас з праграмай чацвёртага фестывалю “Экстрым Прарыў” і адказваем на пытанні, якія цікавяць чытачоў.

Што можна паглядзець бясплатна?

З пашырэннем маштабу фэсту растуць і выдаткі, таму для праходу на яго трэба набыць білет (зрабіць гэта можна ў касе спарткомплексу, на інтэрнэт-платформе ticketpro.by ці непасрэдна пры ўваходзе на пляцоўкі). Але адна з лакацый бясплатная: спаборніцтвы па дрыфцінгу і джымхане, што будуць ладзіцца на вуліцы Ленінскай гарпасёлка ў раёне цэнтральнай плошчы. Без білета могуць прайсці на ўсе пляцоўкі і гледачы да 16 год.

Як дабрацца і прыпаркавацца?

Усім, хто мяркуе ехаць да Вечалля на аўтамабілі, хопіць месца на вялікай паркоўцы на тэрыторыі былога льнозавода. Паміж спарткомплексам і пляжам з 9.00 да канца мерапрыемстваў з інтэрвалам ад 15 да 30 хвілін будзе курсіраваць гарадскі аўтобус (пасадка – насупраць футбольнага поля).

Аўтамабілістам трэба ўлічваць, што ў час правядзення фестывалю спыняць рух транспарту праз цэнтральны адрэзак вуліцы Ленінскай. Акрамя таго, абмежаванні для вадзіцеляў і пешаходаў будуць дзейнічаць 29 чэрвеня з 12 да 17 гадзін на дарозе Бараўцы – Рагуцкія – Пораўна – Замошша (траса ралі-спрынту).

Традыцыі і дэбюты

У шырокім пераліку відовішчных відаў праграмы як ужо традыцыйныя – вейкбордзінг, трофі-рэйды, эндура, карцінг-слалам, сілавы экстрым (сёлета атлеты пакажуць свой клас не на пляжы, а на пляцоўцы перад комплексам) – так і навінкі. Не ўсе, напрыклад, ведаюць, што загадкавым словам “джымхана” называюць аўтагонкі, падчас якіх трэба максімальна хутка пераадолець трасу з шэрагам штучных перашкод. Дарэчы, гэты від усё ж нельга назваць дэбютным, бо ён прысутнічаў на самым першым фестывалі, а цяпер зноў вярнуўся ў праграму. Разнастаюць яе гонкі на моталодках і аквабайках. Будуць прадстаўлены новыя вулічныя віды спорту – прычым, пасля спаборніцтваў жадаючыя змогуць і самі паспрабаваць у іх свае сілы. Прэзентуюць яшчэ адну навінку: “Джампінг-плэйс” – фітнес на міні-батутах. Аднак падкрэслім, што ў праграме яшчэ могуць адбыцца змены.

Убачыць фестываль “знутры”…

Такая магчымасць ёсць у валанцёраў, набор якіх вядзецца зараз. Дабрачынныя памочнікі будуць задзейнічаны ў арганізацыі пропуску гледачоў на пляцоўкі фестывалю 29 чэрвеня з 8.00 да 17.00 (у рэжыме паўтары гадзіны працы – паўтары адпачынку). Падзяка за работу – бясплатнае наведванне ўсіх лакацый на працягу двух дзён. Аднак ёсць абмежаванне – узрост 18+. Калі вас зацікавіла прапанова – тэлефануйце на нумар 5-76-85 ці пішыце ў групу ВК “ЭкстримПрорыв”.

Не спортам адзіным

Так, многіх гасцей наш фестываль прываблівае таксама забаўляльнай праграмай. Калі дазволіць надвор’е, можна будзе ўзняцца над Вечаллем на паветраным шары (паслуга платная). На пляцоўках размесцяцца атракцыёны і фуд-корты. І канечне, “разынкай” фэсту стане вялікі начны канцэрт – хэдлайнеры “Отпетые мошенники” відавочна парадуюць аматараў музыкі 90-х, цікава будзе і пазнаёміцца з творчасцю беларускага гурта “ПараЛель”, які выконвае як уласны матэрыял, так і каверы знакамітых хітоў. Не дадуць сумаваць і модныя дзіджэі.

Адным словам, будзе вельмі цікава! Сустрэнемся на фестывальных пляцоўках!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

В ПРОГРАММЕ ВОЗМОЖНЫ ИЗМЕНЕНИЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *