На планёрке у председателя райисполкома

Общество

Набліжаецца да заканчэння сельскагаспадарчы сезон. Завершана ўборка льну, але пакуль яшчэ шматлюдна на бульбяных палетках, вядзецца сяўба азімых, у разгары ўборка кукурузы. Аб тым, што апошні этап палявых работ трэба правесці на належным узроўні і ў аптымальныя тэрміны, гаварыў на вытворчай нарадзе старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак.
Прыемна, што ў раёне існуе няпісанае правіла ўзаемадапамогі: прадпрыемствы, якія справіліся са сваёй работай, накіроўваюць сілы на іншыя ўчасткі. Зусім нядаўна ўшачане ўсёй грамадой шчыравалі на льняных палетках, а зараз ужо самі льнаводы накіроўваюць тэхніку на кукурузныя палі. У работу па ўборцы з палёў саломы, якая па-ранейшаму вядзецца даволі марудна, уключацца працаўнікі лясгаса. Нельга забывацца і пра ўраджай будучы: трэба вышукаць рэзервы і правесці хімічную праполку азімай пшаніцы.
Спыніўся старшыня райвыканкама і на пытаннях, якія найбольш часта выклікаюць незадаволенасць насельніцтва. Гэта, напрыклад, тэма водазабеспячэння. Кіраўніцтву камунгаса дадзена даручэнне разабрацца з усімі пытаннямі, у прыватнасці, са скаргамі жыхароў вёсак Старае Сяло і Завячэлле, разгледзець пытанне па пракладцы водаправода па вуліцы Піянерскай у райцэнтры.
Алег Анатольевіч таксама паведаміў, што з пачатку кастрычніка будзе адноўлены асноўны рэжым асвятлення населеных пунктаў: ліхтары будуць запальвацца праз гадзіну пасля змяркання і гарэць да 23, а раніцай уключацца а пятай гадзіне. Дзве галоўныя вуліцы райцэнтра будуць асвятляцца да трох гадзін ночы.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *