В Ушачах прошла областная летучка и пресс-тур представителей СМИ Витебской области с участием Помощника Президента по Витебской области Сергея Левковича

Общество

У кругазвароце шматлікіх падзей у журналістаў Віцебшчыны ёсць адно незвычайнае і адметнае мерапрыемства, якое мы ўсе з цікавасцю чакаем кожны год. Гэта выязная творчая лятучка галоўных рэдактараў і прэс-тур, падчас якіх не толькі абменьваемся вопытам, а і знаёмімся з рэгіёнам, які прымае гасцей. Сёлета гонар стаць пляцоўкай правядзення выпаў Ушачам, адпаведна, дзяліцца вопытам і напрацоўкамі – у першую чаргу “Патрыёту”. Асаблівай лятучка стала і таму, што на яе акрамя кіраўнікоў СМІ былі запрошаны маладыя журналісты рэдакцый, а ў плянарным пасяджэнні прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і Інстытута журналістыкі БДУ.

– Пераацаніць ролю СМІ ў век лічбавых тэхналогій складана. Інфармацыйнае поле запаўняецца неймавернымі тэмпамі, а інфармацыя разлятаецца ў імгненне вока. Сучаснаму чалавеку трэба навучыцца граматна карыстацца ёй, а нам – даносіць шчыра, праўдзіва, адкрыта на карысць чалавеку, грамадству і дзяржаве, – акрэсліў сваю пазіцыю С.В.Ляўковіч.

Нагадаў Сяргей Віктаравіч і пра вялікае значэнне, якое надае журналісцкай рабоце Прэзідэнт. Ад гэтага залежыць будучыня краіны. Сродкі масавай інфармацыі – частка сістэмы бяспекі нашай дзяржавы. Заўважыў, што “раёнкі” павінны быць больш актыўнымі, яркімі, смелымі. Асабліва ацаніў работу “Віцебскіх вясцей”, “Віцьбічаў”, “Полацкага весніка”, “Аршанскай газеты” і “Патрыёта”. Выказаў пажаданне, каб усе выданні вылучаліся на агульным фоне, іх ведалі і пазнавалі не толькі ў Віцебскай вобласці.

Па словах памочніка Прэзідэнта, важны крытэрый ацэнкі СМІ – адлюстраванне жыцця простага працаўніка: “Сёння людзі імкнуцца ў сталіцу, вялікія гарады. І вы можаце змяніць гэтую тэндэнцыю. Трэба праслаўляць той край, дзе нарадзіліся, жывяце, праз раённую газету”.

Сяргей Ляўковіч нацэліў журналістаў працаваць з аналітыкай, шукаць экспертаў, не баяцца падымаць праблемы. Дарэчы, рабоце з крытычнымі матэрыяламі ўдзялялася асаблівая ўвага. С.Ляўковіч падкрэсліў, што асноўная мэта такіх публікацый – не падарваць аўтарытэт улады, а дапамагчы разабрацца ў праблеме і вырашыць яе.  Райвыканкамы павінны выкарыстоўваць СМІ як памочніка ва ўпраўленні рэгіёнам і ўздзеянні на кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў. У якасці прыклада быў разгледжаны станоўчы вопыт “Весніка Глыбоччыны”.

Мы ж дзяліліся, як працаваць ва ўмовах трансфармацыі медыясферы, заваяваць давер і прыхільнасць чытачоў адначасова друкаванай версіі і ў інтэрнэце. На прасторы апошняга маем ужо больш за 13500 падпісчыкаў, за апошнія тры гады іх колькасць павялічылася на 5 тысяч. Сёлета найбольшая цікавасць і адпаведна колькасць падпісчыкаў і праглядаў назіраецца ў “Тэлеграме” і “ТіkTok”. А вось што асабліва цікавіла калег, дык гэта як у такім маленькім раёне можна ўтрымаць высокі ўзровень падпіскі менавіта на газету. У “Патрыёта” самая высокая па Віцебшчыне насычанасць – 229 экземпляраў на тысячу насельніцтва. Выпісвае “раёнку” кожны чацвёрты жыхар або кожная сям’я, нямала адрасатаў за межамі раёна. За апошнія 5 гадоў тыраж газеты знізіўся на 11%, што звязана з натуральным змяншэннем насельніцтва (за 5 гадоў колькасць жыхароў Ушаччыны скарацілася на 9%), пры гэтым насычанасць на тысячу насельніцтва засталася на тым жа ўзроўні. Як удаецца ўтрымліваць такую высокую планку? Па-першае, для многіх ушацкіх сем’яў выпісваць і чытаць “раёнку” – гэта даўняя традыцыя, па-другое, падтрымку аказвае кіраўніцтва раёна. А самы галоўны фактар – старанне калектыву не проста выпусціць газету, а зрабіць кожны нумар максімальна цікавым, карысным для чытачоў рознага ўзросту.

На гэта звярнуў увагу старшы выкладчык кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі БДУ Дзмітрый Сіняўскі. Газета – прадукт, які павінен быць якасным, кожны яе сантыметр неабходна выкарыстоўваць з карысцю, бо людзі адчуваюць шчырасць у падыходзе да работы. Усё трэба рабіць па тэхналогіі, але з душой.

Як развіць тэлеграм з нуля, працаваць з экспертамі – былі разгледжаны іншыя актуальныя для СМІ пытанні. Ну а ў другой частцы мерапрыемства журналісты адправіліся ў прэс-тур па Ушаччыне. Мы прапанавалі калегам самыя брэндавыя аб’екты, якія дазволілі бліжэй пазнаёміцца з рэгіёнам. Калі нашы бліжэйшыя суседзі ўжо даўно сталі пастаяннымі наведвальнікамі “Юнацтва-Ушачы”, то прадстаўнікі Пастаў, Браслава, Верхнядзвінска і іншых раёнаў былі моцна ўражаны маштабамі і шыкоўнымі ўмовамі нашага спарткомплексу. Не выпускалі з рук тэлефоны ў цэху безалкагольных напіткаў Ушацкага філіяла і з інтарэсам здымалі на відэа, як “бягуць” па канвееры бутэлькі з “Вечаллем”. А яшчэ не маглі паверыць, што тут вырабляюць карысныя энергетыкі. Пасля непрацяглай прагулкі па “Лясных азёрах” многім захацелася прыехаць сюды на адпачынак. Усе шмат чулі пра радзіму Васіля Быкава, але ў музеі-сядзібе практычна ніхто не быў. З цікавасцю паглядзелі інсцэніроўку з апавядання “Сваякі”, падрыхтаваную работнікамі культуры, і прайшліся па доме, дзе праходзіла дзяцінства Народнага пісьменніка. У знакавую дату 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў проста не маглі не ўключыць у маршрут наведванне музея народнай славы. А фінальнай кропкай мерапрыемства стала ўскладанне кветак на “Прарыве” – менавіта з велічным мемарыялам у кожнага асацыіруецца наш раён.

Ёсць у нашых лятучках яшчэ адна цікавая традыцыя: усе СМІ абавязкова расказваюць сваім чытачам пра турыстычны патэнцыял рэгіёну, у якім пабывалі. Ну а той, хто на думку гаспадароў, зробіць гэта найбольш арыгінальна і цікава, атрымлівае прыз.

Што ж, чакаем ад калег матэрыялаў пра Ушаччыну і перадаём эстафету Паставам – журналісцкая суполка ў наступны раз едзе ў гэты куток Віцебшчыны!

Вольга КАМАРКОВА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *