“Ужо не першы год мы вядзём маштабную барацьбу з баршчэўнікам, выдаткоўваем на гэта вялікія сродкі, аднак не можам канстатаваць, што сітуацыя кардынальна змянілася. Нават у фармуліроўцы замест слова “знішчэнне” выкарыстоўваем выраз “абмежаванне распаўсюджання”. Атрымліваецца, што гэта расліна мацней за чалавека?” – такія разважанні прачыталі мы ў лісце, які даслаў у рэдакцыю наш чытач з Селішча Анатоль Крывапушчанка.
Лідарства, якое не радуе
Напэўна, ад катэгарычнай высновы лепш устрымацца. Аднак баршчэўнік сапраўды вельмі магутны “апанент”. У свой час расліну развялі для вырабу сіласу, аднак развал Саюза і фактычна гаспадарак прывялі да стыхійнага распаўсюджвання пладавітай культуры, і выправіць становішча пакуль не ўдаецца. Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў гэтай справе мы фактычна першапраходцы: такіх вялікіх забруджаных плошчаў, як на Ушаччыне, не мае ніводны раён краіны.
Работа для загартаваных
У апошнія гады барацьба з баршчэўнікам стала весціся ў нас больш інтэнсіўна. Сёлета на правядзенне работ у раёне выдзелена 554 тысячы рублёў, а план хімічнай апрацоўкі складаў 1212 гектараў, і ён ужо выкананы сіламі абласнога ўпраўлення МНС. Звыш гэтага гербіцыд унесены на 290 гектарах у месцах, дзе расліна зноў пайшла ў рост.
“Працавалі ў вашым раёне і ў мінулым сезоне, таму было цікава даведацца, наколькі эфектыўныя нашы намаганні. Самі сёлета шчыруем у селішчанскім наваколлі, але калегі з Чашніцкага райаддзела зазначылі, што на нашых леташніх участках ля Чарсцвяд і Слабады (там праходзіў іх маршрут) больш-менш чыста, хоць адзінкавыя “аазісы” ўсё ж ёсць. Расліна вельмі стойкая, і як ні старайся – стапрацэнтнага выніку дабіцца складана”, – падзяліўся з намі начальнік часці Бешанковіцкага РАНС Аляксей Смірноў.
“Чаму б не вылучыць частку сродкаў сельсаветам? Яны б маглі закупіць гербіцыд і раздаваць тым жыхарам, якія захочуць труціць расліну ў наваколлі сваіх сядзіб”, – такую прапанову давялося пачуць ад ушачан.
Вось толькі пасля таго як мы паназіралі за работай брыгады дубровенскіх выратавальнікаў, яна паказалася сумніўнай. Напэўна, залішне казаць, што для працы з хіміяй патрэбна спецыяльная амуніцыя і рэспіратар – дык вось, трэба было бачыць, якімі ручаямі сцякаў пот з фізічна загартаваных хлопцаў, калі яны прайшлі ўсяго адзін невялікі ўчастак. Такія маштабныя небяспечныя для здароўя работы павінны выконваць спецыяльна падрыхтаваныя людзі.
Іншая справа – абкасіць наваколле ці выкапаць расліны ля дома – аднак і для гэтага трэба апрануць шчыльную вопратку, маску, пальчаткі, акуляры.
Па ступені забруджанасці паспрачацца з Прыдзвіннем можа Ленінградская вобласць Расіі, дзе сёлета хімапрацоўка вядзецца на плошчы 5 тысяч гектараў, на што вылучана 63,6 мільёна рублёў. Для параўнання: на Віцебшчыне гэтыя лічбы складаюць адпаведна 3660 га і 1,8 мільёна беларускіх рублёў (каля 50 млн. расійскіх). Пры гэтым агульная тэрыторыя нашай вобласці ўдвая меншая.
Без якасці – ніякага разліку!
“У нас работнікі прайшліся, а палова баршчэўніку засталася. Такія грошы ім заплацілі, а якасці няма!” – абураліся жыхары адной з вёсак.
Аднак у райсельгасхарчы, які выступае заказчыкам, тлумачаць наступнае: “У дагаворы пазначана, што аплата за выкананыя работы ажыццяўляецца толькі пасля заключэння камісіі. У яе склад апроч нашых спецыялістаў уваходзяць прадстаўнікі экалагічнай, землеўпарадкавальнай службаў. У бліжэйшы час мы пачнём аб’езд сельсаветаў – робім гэта праз некалькі тыдняў, бо прэпараты дзейнічаюць не адразу. Участкі, дзе не будзе якасці, не прымем і, адпаведна, не аплацім, так што іх давядзецца апрацоўваць паўторна”.
Чаму застаюцца хібы? Магчыма, прэпарат дрэнна спрацаваў. Нельга выключыць і чалавечы фактар: “хімікі” маглі прамінуць пэўны пятачок, або работнікі сельсаветаў недакладна іх зарыентаваць.
Як сцвярджаюць біёлагі, насенне баршчэўніку пры неспрыяльных умовах пераходзіць у анабіёз і можа захоўвацца ў глебе гадамі.
Выратавальны плуг
“Навошта мы трацім столькі сродкаў на хімію? Можа лепш зрабіць акцэнт на самым эфектыўным спосабе – узворванні забруджаных участкаў?”
З яшчэ адным пастулатам з ліста нашага чытача не паспрачаешся. Вось толькі не так шмат плошчаў падыходзіць для таго, каб пусціць туды трактар. Не ўзарэш зямлю ў лагчынах, балоцістых хмызняках, на ўзлесках. Іншая справа – зарослыя палі. Таму перад сельгаспрадпрыемствамі стаіць задача актыўна прыцягваць іх у севазварот. Такая работа ідзе: летась, напрыклад, “Сафійскія дары” зааралі 20-гектарны ўчастак ля Турасполля. Далучацца да культурных палеткаў некаторыя плошчы і сёлета. Гэтага, канечне, мала, але трэба прызнаць, што рэсурсаў нашых сельгасарганізацый ледзь хапае і для апрацоўкі таго, што ўжо ёсць… А вось што аграрыям дакладна па сілах, дык гэта абкасіць тэрыторыі ля ферм, а пры ўзворванні палёў прыхопліваць і іх зарослыя баршчэўнікам ускрайкі.
Я не я – і траўка не мая
У раёне няма нічыйнай тэрыторыі, і калі на землях агульнага карыстання з раслінай змагаюцца памочнікі, то лясгасаўцы, дарожнікі, аграрыі, камунальнікі, энергетыкі абавязаны спраўляцца самі. Аднак годна сёлета працавалі, напэўна, толькі апошнія. А таму на нядаўнім пасяджэнні райвыканкама дзейнасць шэрагу арганізацый і іх кіраўнікоў прызнана нездавальняючай. А інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за невыкананне работ ва ўстаноўлены тэрмін да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты дзве пасадныя асобы на суму 200 рублёў.
Актывізаваць кантрольную работу павінен і аддзел землеўпарадкавання. Нярэдкія сітуацыі, калі арганізацыі не могуць разабрацца, каму з іх належыць зарослы ўчастак – і тут зямельнікам, як кажуць, і карты ў рукі.
“Людзі павінны прывыкнуць, што за баршчэўнік на іх зямлі няўхільна пагражае пакаранне”. Вось з гэтым меркаваннем неабыякавага селішчанца дакладна не паспрачаешся. Некаторыя гаспадары мяркуюць, маўляў, на ўласных сотках можна рабіць што заўгодна. Аднак гэта не так.
“За наяўнасць на ўчастку раслін, небяспечных для чалавека і навакольнага асяроддзя, на першы раз парушальнікам выдадуць прадпісанне па іх ліквідацыі, калі ж яго праігнаруюць – атрымаюць штраф да 20 базавых велічынь”, – паведамляе начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук.
Вераб’і даюць надзею
У канцы 50-х у Кітаі вырашылі знішчыць вераб’ёў, якія шкодзілі пасевам, і падключылі да гэтага ўсё насельніцтва. Праўда, потым эксперымент прызналі няўдалым, бо на ўраджай сталі спакушацца вусені – і птушак “вярнулі”. Але мараль гісторыі не толькі ў тым, як небяспечна ўмешвацца ў прыродны баланс. Яна паказвае, што пры належнай арганізацыі можна выканаць нават утапічную задачу.
У нас, канечне, менталітэт іншы, аднак першым крокам да перамогі павінна стаць усведамленне сур’ёзнасці праблемы. Напэўна, хутка людзі знойдуць інавацыйныя спосабы барацьбы: ужо зараз апрацоўваюць зараснікі з дапамогай дронаў, а фермеры спрабуюць выціснуць баршчэўнік, саджаючы на ўчастках тапінамбур. Пакуль жа будзем стрымліваць пачвару даступнымі сродкамі. Жыхарка Ляхава Галіна Аўчыннікава, пра якую мы нядаўна расказвалі ў газеце, планамерна скошвае і выкопвае баршчэўнік ў наваколлі сядзібы. Ён прарастае – а гаспадыня не здаецца і зноў бярэцца за лапату… Толькі так – настойліва, комплексна і разам – можна адолець каварнага ворага і даказаць, што чалавек усё ж мацнейшы за нейкую там расліну.
На працягу апошніх год для знішчэння расліны ў раёне выпрабоўвалі розныя хімічныя сродкі і зараз спыніліся на камбінацыі гербіцыда “Тэрсан” і гліфасата “Граунд 540”, якія дэманструюць найлепшую эфектыўнасць. Да слова, пахмурнае надвор’е больш спрыяльнае для апрацоўкі, чым засуха.
Наталля БАГДАНОВІЧ.