З гравійкі – у асфальт
Доўгачаканая падзея ў жыхароў Мосара – ДРБУ-105 вядзе капітальны рамонт пяцікіламетровага ўчастка дарогі да вёскі. Па сутнасці яна атрымала другое нараджэнне і падняла статус з гравійнай да асфальтаванай. У Мосары і Белым – 145 пастаянных жыхароў, а летам да маляўнічых азёр прыязджае шмат дачнікаў, рыбакоў і адпачываючых.
Сезонны рабочы
з’явіўся ў Кубліцкім сельвыканкаме дзякуючы раённаму цэнтру занятасці насельніцтва, ад якога і працуе Дзмітрый Клачкоў з Чарапоўшчыны. Былая і дзеючая царква, парк, цэнтр аграгарадка – абкошаны ўсе грамадскія месцы, дзе не магла прайсці касілка. Памочнікі з ліку беспрацоўных з’явіліся ва ўсіх сельсаветах і будуць працаваць на добраўпарадкаванні ў цёплы час.
Чысты пляж Казімірова
Супраць баршчэўніка ля вадаёмаў, як вядома, нельга прымяняць хімію – толькі касіць. Што і зрабілі жыхары вёскі Малыя Дольцы на чале з Аляксандрам Сяргеевічам Клопавым, які прыязджае ў бацькоўскі дом. Пляж на возеры Казімірова зараз не пазнаць – добраўпарадкавана ўся акваторыя: чысты працяглы ўваход да вады, не стала і зараснікаў трыснягу.
Праз аўкцыёны
У Звоні пасярод аднаго з абкошаных участкаў устаноўлена палатка. Гэта часовае жыллё мінчан, якія сёлета выкупілі зямлю за 4200 рублёў і прыступілі да ўладкавання сядзібы. Ну а сельвыканкам, які ўжо зарабіў праз аўкцыёны 17 тысяч рублёў, рыхтуе да продажу пяты ў гэтым годзе надзел – у санаторным Вашкове.
Самы стыльны прыпынак
цяпер знаходзіцца на шашы Ушачы-Полацк ля вёскі Астравенец. Зварот у сельвыканкам пажылых вяскоўцаў выканаў дэпутат Аляксандр Сцяпанавіч Чапельнікаў. Дарэчы, каб падняць стыльную каваную лаўку, спатрэбілася ажно 6 чалавек, таму ва ўстаноўцы дапамог яшчэ адзін народны абраннік Аляксандр Станіслававіч Баратынскі.
Свята вёскі ў Гарадку
Самым чаканым для сялян з’яўляецца свята вёскі, якое прайшло ў суботу ў Гарадку. Мерапрыемствы ніколі не пераносяцца, бо рыхтуе іх сельвыканкам сумесна з мясцовымі культработнікамі. Аповед з гісторыі вёскі, ушанаванне старажылаў – Ганны Канстанцінаўны Кірпічонак і Пятра Рыгоравіча Ткачонка, сумесныя спевы з аматарскім калектывам “Веркужаначка”.Самым чаканым для сялян з’яўляецца свята вёскі, якое прайшло ў суботу ў Гарадку. Мерапрыемствы ніколі не пераносяцца, бо рыхтуе іх сельвыканкам сумесна з мясцовымі культработнікамі. Аповед з гісторыі вёскі, ушанаванне старажылаў – Ганны Канстанцінаўны Кірпічонак і Пятра Рыгоравіча Ткачонка, сумесныя спевы з аматарскім калектывам “Веркужаначка”.