Пьянству бой — всей семьёй. Советы психолога

Общество

Беларусь перавысіла крытычны ўзровень спажывання алкаголю – лічыць сусветная арганізацыя аховы здароўя. На жаль, вельмі малы працэнт алкаголікаў усведамляюць сваю хваробу і пачынаюць лячэнне. А для тых, хто ўсё ж адважыўся на гэты крок самастойна ці з дапамогай урача або так званай “кадзіроўкі”, барацьба з хваробай бывае вельмі няпростай. Калі чалавек вяртаецца ў сям’ю і не знаходзіць там паразумення, падтрымкі, то ён пачынае шукаць для сябе іншай рэчаіснасці. І знаходзіць яе ў алкаголі. Каб гэтага не здарылася, спецыялісты раяць надаваць большую ўвагу сямейнай рэабілітацыі. Пра тое, якім чынам павінны складвацца ўзаемаадносіны ў сям’і, дзе адзін з яе членаў стаў на шлях барацьбы з алкагалізмам, што трэба рабіць, каб лячэнне алкаголіка праходзіла без эксцэсаў, мы папрасілі расказаць урача-нарколага Ушацкай ЦРБ Валянціна Міхайлавіча ПАПКА.

Кожны чалавек можа кінуць піць, калі сапраўды гэтага захоча. Ён абавязаны самастойна зразумець, што гарэлка перашкаджае яму жыць. Для гэтага членам яго сям’і не варта браць праблемы алкаголіка на сябе, спрабаваць нешта за яго вырашыць: аддаць даўгі, апраўдаць на рабоце і інш. Хай ён сам адказвае за ўчынкі, зробленыя “пад градусам”. Калі чалавек кінуў піць, хваліце, падбадзёрвайце яго.
Побач з ім нельга піць самім. Калі вы чалавек, які сам не супраць выпіць, нават умерана, алкаголік перастане ўспрымаць вас як аўтарытэт. Калі на рабочым месцы вашага “аматара выпіць” такі ж калектыў, варта падумаць пра змену месца работы. Паспрабуйце мякка з ім пагутарыць аб гэтым.
Часам чалавек, які кінуў піць, становіцца ўзбуджаным, агрэсіўным. Прыходзіцца нават чуць з вуснаў членаў яго сям’і словы тыпу “Лепш бы ты піў!” Аднак трэба разумець, што такая злосць абгрунтавана сур’ёзнай хваробай, пазбавіцца ад якой алкаголіку не так проста. У любым выпадку не паддавайцеся на правакацыі, захоўвайце спакой, бо часта алкаголік проста шукае магчымасць вывесці вас з сябе, пасварыцца, а потым абвінаваціць у тым, што вярнуўся да сваёй згубнай звычкі. Размаўляйце з ім не эмоцыямі, а аргументамі. Трэба зрабіць так, каб ён ведаў: пры чарговым зрыве вы абавязкова прымеце радыкальныя меры.
Паспрабуйце чымсьці заняць алкаголіка, толькі не навязвайцеся яму. Успомніце, што ён любіць, чым цікавіцца, па якіх людзях сумуе, калі знаходзіцца ў цвярозым стане. Скарыстайцеся гэтым, схадзіце з ім у кіно або на футбол, пагутарыце з яго даўнімі сябрамі, якія не будуць піць пры ім.
Безумоўна, усё гэта ў вас атрымаецца не адразу, аднак калі вы паступова будзеце выцягваць чалавека з замкнёнага алкаголем круга, то абавязкова пераможаце хваробу.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *