Сёння – 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава

Общество

Народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я.Коласа і Дзяржаўнай прэміі СССР… Праўдзівыя, пераважна ваенныя творы Васіля Уладзіміравіча атрымалі сусветнае прызнанне, і гэта толькі кароценькі пералік яго прыжыццёвых заслуг. І вось ужо 21 год, як яго няма з намі, а “Сотнікаў” і “Абеліск” чытаюцца і перакладаюцца, “Знак бяды” і “Альпійская балада” па-ранейшаму на экранах, а ўсе беларусы з гонарам гавораць – гэта наш Васіль Быкаў. Ушачан жа літаратурны геній праславіў асабліва. Нам пашчасціла нарадзіцца на адной зямлі.

 


 

Расказваць пра творчасць пісьменніка – справа няўдзячная. Быкава трэба чытаць. І пажадана – не ў дзяцінстве. “Кніжкі таксама маюць сваю пару, – казаў сам Васіль Уладзіміравіч, шкадуючы, што рана пазнаёміўся з самымі значнымі творамі і ўзяў з іх далёка не ўсё. Але тут жа дадаваў: “А мабыць памыляюся. Можа менавіта ў раннім узросце яны і маглі закрануць штосьці ў душы”. Таму сёння хацелася б расказаць менавіта пра асяроддзе, што закранала, закладала эмацыянальную памяць, фарміравала будучага пісьменніка – яго дзяцінства, юнацтва – ушацкія гады. Пісаў Быкаў заўсёды пра тое, што добра ведаў, а то і перажыў. У “Знаку бяды” толькі крышачку зменены рэпрэсіраваныя аднавяскоўцы, “Мёртвым не баліць” – цалкам аўтабіяграфічны твор, “Балота” – наша, партызанскае, з ушацкімі назвамі і прозвішчамі. А назваць матэрыял усё ж хацелася словамі Рыгора Барадуліна, з якім у сталасці заўсёды разам прыязджаў на радзіму. Гэты выраз затыражыраваны, аднак ніхто лепей не называў “суровага” празаіка з жаллівай душой.

Імя Васіль перадаецца ў спадчыну

Дзед па матчынай лініі Рыгор быў патомным рыбаком, сваю справу перадаў сыну Лявону. (Вёска Завулак, у якой жылі, адышла пад Польшчу). Па-бацькавай – Фёдар – селянін-адыходнік, сезонна працаваў на цагляным заводзе ў Курляндыі. Там жа (толькі ўжо ў Латвіі) пасля рэвалюцыі і бацька пісьменніка, які 4 гады служыў у царскай арміі, а потым удзельнічаў у Першай сусветнай вайне (трапіў у палон у Нямеччыну) і Грамадзянскай. Скончыў 4 класы царкоўна-прыходскай школы і таксама любіў чытаць. Маці Ганна Рыгораўна была непісьменнай, маўклівай і вельмі добрай. У сям’і было чацвёра дзяцей: старэйшая Антаніна (памерла ў 15 год), Васіль, Валянціна, Мікола.

У Васіля Уладзіміравіча два сыны ад першага шлюбу – Сяргей (зараз афіцэр у адстаўцы) і Васіль (медык). З Надзеяй Андрэеўнай Кулагінай пражылі 30 гадоў. Яна была настаўніцай рускай мовы і літаратуры, аднак пазней пакінула школу, набірала і рэдагавала творы мужа, як і другая жонка, літсупрацоўніца рэдакцыі Ірына Міхайлаўна Суворава. У В.Быкава тры ўнукі: Сяргей, Яўген і Васіль – малодшы таксама нарадзіўся 19 чэрвеня і яго назвалі ў гонар дзеда.

Родныя празаіка кажуць, што бацькаў дар нікому не перадаўся. Але ўнук Васіль у адным з інтэрв’ю гаварыў, што яго тата нядрэнна піша і малюе, аднак нікому не адносіў свае спробы. Педыятр па спецыяльнасці, ён пасля перабудовы займаўся перавозкамі.

“Двайное” дзяцінства

Васіль Уладзіміравіч сваё дзяцінства прыгадваць не любіў, хоць і дакладна памятаў прозвішчы і дэталі. Аднак калі ў інтэрвью з сябрам-літаратарам Алесем Адамовічам усё ж падрабязна спыніўся на дзіцячых гадах, размова аказалася падзелена на дзве часткі: светлую – з прыгодамі, і цёмную – з сямейнага быту. Беднае, галоднае жыццё моцна ўрэзаліся ў памяці старэйшага сына сям’і і, безумоўна, адбіліся на светапоглядах і літаратурных прататыпах. “Вельмі многа я ўзяў ад мяккай, жаллівай маці, а гэта дрэнна. Жыццё, асабліва вайна, армія – бязлітасная штука, і да яе трэба загартавацца характарам”, – казаў пісьменнік.

Экстэрнам у чацвёрты клас

Памятаў сябе Васіль Уладзіміравіч гадоў з пяці і гэтыя ўражанні звязаны з возерам. Хаця пакуль тайком аб бацькоў яго давёў да вады старэйшы сябра Уладзімір Галавач, Васілёк адкрыў для сябе цэлы сусвет: поле, ільняную ніву, вёску Саўчонкі, роў і нарэшце лясное Белюкоўскае возера з крутымі берагамі, дзе некалі стаяла капішча. Там потым купаліся, лавілі рыбу і ракаў, у тым ліку і ноччу са смаляком – “запаліш – і яны выпаўзаюць”.

У школу пайшоў у 6 гадоў. Бацька ўпрасіў настаўніка Антона Васільевіча Аўласенку (цесць Пятра Машэрава) і прывёў у першы клас. А вось з трэцяга ўжо Слабодскай (у суседняй вёсцы) Васіля экстэрнам перавялі ў чацвёрты. У адным пакоі адначасова займалася два класы. І справіўшыся са сваім пісьмовым заданнем, Васіль слухаў, аб чым пытаюцца ў старэйшых. Калі яны не адказвалі – некалькі разоў падымаў руку. Аднак пераскок на карысць не пайшоў: бацька не адпусціў дзесяцігадовага сына ў пяты клас за тры кіламетры ў Кублічы – малы, ні абутку, ні адзення. Так што ў трэцім класе ён вучыўся паўгода, а ў чацвёртым – два.

Перакладчык і мастак

Першы мастацкі твор “Гой” Міхася Лынькова малому прачытаў бацька. (Менавіта гэтаму класіку Васіль Уладзіміравіч дашле на прысуд свае першыя апавяданні “Смерць чалавека” і “Абознік”). А самастойнай кніжкай стала казка “Царэўна-лягушка”. Малы крыўдзіўся, што яму настаўнік даў кнігу пра жабку, а не пра “Канька-гарбунка”.

Перачытаў усю літаратуру, што была ў Слабодскай школе. А вось “Дрыгвы” Коласа там не аказалася, і калі даведаўся, што ў нарыхтоўчай краме ў Селішчах з’явілася кніга, купіў яе за здадзеную кару лазы. За кніжкамі ў Быкава ішло паляванне. Пазнае пра якую – пазычае на дзень, на ноч. У вучня ўжо Кубліцкай школы Казлоўскага, продкі якога былі настаўнікамі, дома застаўся куфар з кніжкамі – пераважна выданні ХІХ стагоддзя. Васіль перачытаў усе, асабліва спадабаўся Жуль Верн “Из пушки на Луну”. Даведаўшыся, што на беларускай мове яе няма, Васіль зрабіў пераклад і паслаў у газету “Піянер Беларусі”, каб і астатнія дзеці прачыталі твор. “Канечне, гэта было наіўна, але кніжны свет даўно стаў для мяне не меней значны за рэальны і ўплываў на душэўнае фарміраванне”.

Вельмі рана пісьменнік пачаў і маляваць: алоўкам, акварэльнымі фарбамі ў насценную школьную газету. Калі быў ва Ушачах, заўсёды заходзіў у кнігарню, каб у чарговы раз паглядзець на карціну “Чапаеў на кані”, якая там вісела. А яшчэ бегаў у суседнюю вёску да бедняка Бобрыка, які раней быў слугой заможнага пана і прывёз некалькі эцюдаў маслам і падшыўкі часопісаў “Ніва”, “Аганёк”, якія ўтрымлівалі шмат каляровых рэпрадукцый. Перапісваўся з Мінскім і Віцебскім Дамамі піянераў, дасылаў свае малюнкі.

У бацькоўскай хаце

Да 80-й гадавіны дня нараджэння Васіля Быкава, праз год пасля яго смерці, на месцы дома Быкавых была адкрыта сядзіба-музей – філіял музея народнай славы імя У.Е.Лабанка. Дарэчы, па дакументах ён лічыцца сядзібай-музеем сям’і Васіля Быкава. На адкрыцці выступала сястра пісьменніка Валянціна Уладзіміраўна (на здымку). Працяглы час дазорцай там быў пляменнік Мікалай Мікалаевіч Харак, цяпер гэтыя функцыі выконвае жыхарка Бычкоў Валянціна Яфімаўна Цар. Дарэчы, у чэрвені А.А.Быкава і М.М.Харак абавязкова прыязджаюць ў Бычкі, яны і зараз там і зразумела, даюць інтэрв’ю.


Землякі пра Быкава

Антаніна Аляксандраўна Быкава, жонка брата Мікалая:

“Раней, асабліва калі была жывая мая свякроў Ганна Рыгораўна, якую вельмі цанілі ўсе дзеці, Васіль прыязджаў раз, а то і два разы на год – дапамагаў грашыма і маці, і сястры, і нам. Цацкі майму Міколу прывозіў, “Кока-колу”, якая ў нас была ў навіну. Сам вельмі непераборлівы ў ежы. Любімая страва – амлет са скваркамі ў печы. Казаў, што гатавалі з жонкай Ірынай у духоўцы, ды такім смачным не атрымліваўся. Аднойчы прыйшоў у залу нашай хаты і аглядаецца: прыгадваў, дзе стаяла яго парта. У гэтым будынку вучыўся ў першым класе Белюкоўскай школы”.

Георгій Яфімавіч Быкаў, аднавясковец:

“Калі Васіль Уладзіміравіч прыязджаў ў Бычкі, памятаю, на белай “Волзе”, збіраў сваіх равесніц, сярод якіх была і мая маці, і частаваў іх цукеркамі. Усёй вёскай гулялі мы і на вяселлі Мікалая, да якога ставіўся як да роднага пляменніка. Не надта гаваркі быў, заўсёды сур’ёзны. І дзякуючы яму нашы Бычкі шмат дзе ведаюць. Калі жонка ў санаторыі ездзіла, пыталіся, ці не радня. “Не”, – адказвала. – У нас там усе Быкавы”.

Вольга Міхайлаўна Галавач:

“Мой свёкар Уладзімір Андрэевіч Галавач сябраваў з Васілём Быкавым з дзяцінства, падтрымлівалі зносіны і ў дарослым жыцці, пісьменнік дасылаў яму свае кнігі. У доме захоўваецца падпісаны зборнік з аповесцямі 1971 года, які нядаўна паказвала ўнуку Віктару. Ён хоць і скончыў толькі другі клас, але хадзіў у беларускамоўны сад, добра чытае і ведае, хто такі Васіль Быкаў, што ён зямляк і сябра прадзеда. Ну а мы з сям’ёй з палаткамі неаднойчы былі на тым самым Белюкоўскім возеры”.

Павел Васільевіч Андрэйчык з аднайменнай вёскі нядаўна перадаў у сядзібу-музей драўляную скульптуру пагранічніка ў савецкай форме, з сабакам – менавіта ў такой служылі на Кубліцкай заставе, якую маляваў і добра памятаў знакаміты зямляк. Мабыць таму і курсавой работай Быкава ў Віцебскім мастацкім вучылішчы была скульптура пагранічніка, за якую педагог пахваліла.

Святлана Канстанцінаўна Турло, захавальнік фондаў музея:

“Хачу засяродзіць увагу на зусім свежым факце. Нядаўна ў раёне была дэлегацыя з Кітая, завіталі ў тым ліку і ў наш музей. Дайшлі да стэнда знакамітых землякоў, я называю імёны… Яны ж пачынаюць гутарыць паміж сабой, і між кітайскіх слоў чую: “Быкаў, Быкаў”. Стала зразумела, што сярод усіх названых літаратараў гэтае ім было дакладна знаёмае.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *