Рассказываем о работниках физиотерапевтического отделения Ушачской районной больницы

Общество

“Вось і ўсё, сёння быў апошні сеанс”. “Праўда? Як шкада… А можна, я яшчэ да вас пахаджу?” Такі дыалог давялося пачуць у фізіятэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы. Звычайна жаданне чалавека вярнуцца ў лячэбны кабінет падаецца дзіўным, але не ў гэтым выпадку: тутэйшыя працэдуры бязбольныя і прыкметна паляпшаюць самаадчуванне. А калі яшчэ ўлічыць, якія ўмелыя і добразычлівыя работнікі іх адпускаюць…

Здаецца, што падключыць і настроіць любы апарат медыцынскія сёстры Таццяна Міхайлаўна Станевіч і Святлана Васільеўна Сцяржанава могуць і з заплюшчанымі вачыма. “Так і ёсць! – усміхаюцца жанчыны. – Працуем жа тут ужо 43 гады! Былі заманлівыя прапановы, але як можна здрадзіць роднай райбальніцы і любімаму калектыву?”

Таццяна родам з Двор Усвеі, Святлана – з Бікульніч. Скончыўшы адпаведна Вялікалукскае і Полацкае медвучылішчы, прыехалі на Ушаччыну і ў 1981-м папоўнілі штат фізіятэрапеўтычнага аддзялення. Добрымі словамі прыгадваюць Марыю Васільеўну Пятроўскую і Марыю Пракоф’еўну Ошкіну, у якіх вучыліся азам справы, галоўнага ўрача ЦРБ Пятра Васільевіча Краснова. Вельмі граматным фізіятэрапеўтам быў Алег Уладзіміравіч Галавач. Цяпер жа калектыў узначальвае Вольга Аляксееўна Шаўчэнка, і пад яе кіраўніцтвам фізіятэрапеўтычнае аддзяленне па выніках работы за 2022 год было занесена на Дошку гонару Ушацкага раёна.

За ўвесь час работы Таццяны Міхайлаўны і Святланы Васільеўны ад іх пацыентаў не паступіла ніводнай скаргі. Затое ўдзячных водгукаў і адзнак было шмат. А да сёлетняга прафесійнага свята Т.Станевіч атрымала Падзяку міністра аховы здароўя.

Зараз тут працуюць 10 чалавек. Вялікі вопыт за плячыма Святланы Васільеўны Пухальскай, добра сябе праяўляюць маладыя Ганна Рудзёнак і Вікторыя Кальчэўская, прычым апошняя сумяшчае работу ў аддзяленні з пасадай старшай медсястры паліклінікі. Сапраўдныя прафесіяналы – масажысты Ірына Маковіч і Сяргей Корбут. Усе работнікі адказныя, а інакш і нельга, бо іх праца патрабуе глыбокіх ведаў і ўважлівасці: усё ж справу маюць з электратокам, лазарам, іншымі сродкамі, якія пры неналежным выкарыстанні могуць не вылечыць, а нашкодзіць.

“Калі прыйшлі ў аддзяленне, людзей у раёне было ўдвая больш, як і ложкаў у райбальніцы. А вось колькасць працэдур з цягам часу, наадварот, у разы павялічылася. З’явіліся новыя прыборы для святлолячэння – біяптрон, “рамонак”, лазарная і магнітная тэрапія, вось гэты апарат-камбайн “Рэфтон” падае некалькі відаў токаў. Ёсць сучасная масажная кушэтка і “Лімфапрэс”: пацыент апранае спецыяльны касцюм і атрымлівае пнеўмакампрэсійную тэрапію, вельмі дзейсную, у прыватнасці, пры ацёках”, – праводзяць экскурсію па сваіх уладаннях мае субяседніцы. Ды і “спрадвечныя” віды працэдур атрымалі развіццё: электрафарэз, напрыклад, цяпер могуць камбінаваць з кропельніцай ці праз яго ўводзіць антыбіётык. Менавіта такі від лячэння прызначыў хірург Зінаідзе Мікалаеўне Пухальскай для лепшага зажыўлення раны. Атрымала пацыентка і сеанс надвеннай лазаратэрапіі для павышэння імунітэту. Калі ж мы папрасілі яе ацаніць работу медсясцёр, жанчына ўсміхнулася: “З такімі дзяўчатамі можна жыць сто гадоў!”. Напэўна, лепшай фразы для фіналу артыкула і шукаць не трэба.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *