На Віцебшчыне штогод ад знешніх прычын гіне каля двух дзясяткаў дзяцей. Пытанне іх бяспекі становіцца асабліва актуальным менавіта на канікулах, калі падлеткі больш часу праводзяць на вуліцы.
У Мінскім раёне кампанія дзяцей гуляла ў закінутым аварыйным доме. Забраўшыся на другі паверх будынка, дзве дзяўчыны 15 і 13 гадоў упалі на бетоннную аснову першага. Сяброўкі былі дастаўлены ў бальніцу з сур’ёзнымі траўмамі. А трагічны выпадак у Магілёве некалькі гадоў таму ўскалыхнуў усю краіну: трое дзяцей 9 і 10 гадоў пайшлі гуляць у недабудаваны дом, дзе на іх абрушылася бетоннае перакрыцце. Двое хлопчыкаў аказаліся пад заваламі: адзін загінуў на месцы, а другі са шматлікімі цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў бальніцу. За яго жыццё змагаліся самыя вопытныя медыкі краіны, але выратаваць не змаглі.
Любы неэксплуатуемы будынак уяўляе небяспеку, але нярэдка прыцягвае дзяцей і моладзь. У населеных пунктах Ушаччыны таксама ёсць невыкарыстоўваемыя аб’екты, якія ўяўляюць пагрозу жыццю і здароўю людзей. Большасць з іх сельгаспрызначэння – былыя фермы, сховішчы, зернетокі, майстэрні. У раёне праводзіцца работа па змяншэнні такіх збудаванняў. Напрыклад, летась знесены аварыйныя будынкі на былым мехдвары ў Дубраўцы, на месцы Дома культуры ў аграгарадку Глыбачка ўжо расце парк. Аднак, у адзін момант пазбавіцца неэксплуатуемых аб’ектаў немагчыма з-за адсутнасці сіл і сродкаў. На нарадзе ў старшыні райвыканкама нядаўна абмяркоўвалася пастаноўка на ўлік, прыярытэтнасць і магчымасці зносу аварыйных будынкаў у раёне. Мяркуецца зрабіць гэта падчас вучэнняў МНС, сіламі гаспадарак, а таксама з прыцягненнем спецыялізаваных арганізацый.
“Кантроль за патэнцыйна небяспечнымі аб’ектамі вядзецца пастаянна, каб мінімізаваць узнікненне пажараў, абмежаваць доступ і папярэдзіць траўматызм. Устанаўліваюцца спецыяльныя інфармацыйныя таблічкі. У цэлым у вобласці пастаўлена задача максімальна зменшыць колькасць аварыйных і неэксплуатуемых будынкаў, прыцягваючы дзеля гэтага не толькі сродкі мясцовых бюджэтаў, а і сілы іншых арганізацый”, – адзначае начальнік РАНС Д.В.Дахін.
Але, нягледзячы на прымаемыя меры, першы заслон у справе бяспекі дзяцей – задача бацькоў. Менавіта яны сваім прыкладам павінны паказваць, а таксама тлумачыць, як трэба сябе паводзіць, каб не трапіць у бяду. У прыгаданым вышэй магілёўскім выпадку трэці хлопчык застаўся ў жывых дзякуючы наказам мамы, якая строга забараніла заходзіць у падобныя будынкі…
Да патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў акарамя старых неэксплуатуемых будынкаў адносяцца таксама кар’еры, штучныя вадаёмы, будоўлі, неафіцыйныя месцы для купання. Будзьце пільнымі і асцярожнымі!
Вольга КАМАРКОВА.